Вы тут

Людзям можна і трэба дапамагаць


Васямнаццаць чалавек запісаліся на прыём грамадзян, які правёў у Салігорску памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў. Акрамя таго, двое грамадзян звярнуліся без папярэдняга запісу. Людзі прыехалі не толькі з Салігорскага раёна, але і з суседняга Слуцкага, і нават з Мінскага. Ігар Уладзіміравіч супакоіў, што прыме ўсіх, хто прыйшоў. Пытанні, з якімі звярнуліся заяўнікі, датычыліся розных сфер дзейнасці: пенсійнага забеспячэння, падтаплення зямельнага ўчастка, капітальнага рамонту дома, уладкавання аўтобуснага прыпынку. Не абышлося, як заўсёды, без зямельных спрэчак. Некаторыя пытанні былі вырашаны падчас прыёму. Напрыклад, удалося пакласці канец канфлікту паміж фермерам Мікалаем Рудзько і кіраўніцтвам адкрытага акцыянернага таварыства «Новапалескі».


У 2009 годзе Мікалаю Васілевічу быў выдзелены ўчастак у арэнду на землях гэтага сельгаспрадпрыемства. А ў 2015 годзе гаспадарка забрала поле і заарала няўбраную з яго бульбу. Фермер дабіваўся, каб яму далі надзел каля 15 гектараў побач з яго пасевамі. Такі ўчастак знайшоўся на землях, якія належаць мясцоваму сельвыканкаму. І літаральна з кабінета, дзе ішоў прыём, мужчына накіраваўся пісаць адпаведную заяву.

У Алы Прахаровіч з аграгарадка Старыя Цярушкі ўжо два гады затапляецца зямельны ўчастак. У выніку гіне ўраджай, а на сценах жылля з'явіліся гніль і трэшчыны. Справа ў тым, што дом знаходзіцца ў зоне распрацовак адкрытага акцыянернага таварыства «Беларуськалій».

З аналагічнай праблемай сутыкнулася не толькі Ала Максімаўна, але і многія грамадзяне, што пражываюць на такой тэрыторыі. Як растлумачыў старшыня Салігорскага райвыканкама Алег Паскробка, на большай частцы раёна вядуцца распрацоўкі руднікоў. І ў 1949 годзе, калі пачыналася вытворчасць, існавалі патрабаванні, якія прад'яўляліся да будаўніцтва жылля. Але людзі ігнаравалі заключэнні спецыялістаў горнай справы, будаваліся як прыйдзецца. «Беларуськалій» уваходзіць у становішча людзей: нядаўна выканаў дрэнаж на ўчастку. Але работы былі праведзены няправільна. Ігар Яўсееў даў даручэнне спецыялістам, каб тыя яшчэ раз выехалі на месца. Сёння прадпрыемства рыхтуе праект па меліярацыі гэтай тэрыторыі, плануецца будаўніцтва насоснай станцыі, што ў далейшым павінна палепшыць сітуацыю.

— Я хачу жыць у нармальных умовах, у кветках, а не ў вадзе, — хвалявалася заяўніца.

— Пакуль праект рэалізуецца, чалавек сапраўды павінен адчуваць сябе камфортна, таму вазьму пытанне на кантроль, і вы таксама асабіста пракантралюйце сітуацыю, — звярнуўся памочнік Прэзідэнта да старшыні райвыканкама. — Бачу, што дрэнаж сапраўды неабходна перакласці. Няхай на «Беларуськаліі» паскорацца. Увогуле, пытанне трэба вырашаць на ўзроўні міністэрства. Калі дом пачаў даваць трэшчыны, жыць у ім небяспечна.

А вось Валерый Маркавіч незадаволены памерам пенсіі. Мужчына пенсіянер, але ісці на заслужаны адпачынак не збіраецца. «Чаму перыяд працы на пенсіі не ўваходзіць у стаж і чаму мне не аддаюць усю пенсію?» — пацікавіўся заяўнік.

Начальнік аддзела пенсійнага забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Салігорскага райвыканкама Наталля Пратасеня канстатавала, што яго пенсія складае 413 рублёў. Калі б не працаваў, то атрымліваў бы 536 рублёў. Пенсія налічваецца ў абмежаваным парадку згодна з заканадаўствам. Акрамя таго, заяўнік не атрымлівае дадатковыя грошы як чалавек, які дасягнуў 75 гадоў. Указам Прэзідэнта ад 2012 года № 35 прадугледжана, што такія выплаты належаць толькі непрацуючым пенсіянерам, якія пражываюць пастаянна на тэрыторыі Беларусі.

— Закон ёсць закон, і яго трэба выконваць, — канстатаваў Ігар Яўсееў. — І даць каманду яго мяняць я не ўпаўнаважаны, не маю права загадаць упраўленню выдаваць пенсію цалкам. А вашу заяву прыму да ведама і ў даведцы далажу ў вышэйшыя інстанцыі.

Адразу пяць жыхароў Мінскага раёна звярнуліся з пытаннем аб уладкаванні аўтобуснага прыпынку ў вёсцы Пашкавічы па аўтобусных маршрутах № 85 і № 108 «Чыгуначны вакзал г. Мінска — Пасёлак Гатава». «Зраблю запыт з тым, каб спецыялісты выехалі на месца і калегіяльна прынялі пэўнае рашэнне», — паабяцаў Ігар Яўсееў.

— У кожным рэгіёне ёсць свае праблемы, спецыфіка. І тое, што людзі могуць непасрэдна звярнуцца да прадстаўнікоў Прэзідэнта, дае свае вынікі. Сёння на месцы мы вырашылі адразу некалькі праблем, з якімі звярнуліся людзі. Мы працуем у цесным кантакце з Мінаблвыканкамам. Аб гэтым я інфармую кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Таму кіраўнік дзяржавы сёння валодае інфармацыяй па кожным раёне, населеным пункце. І людзі ўдзячныя за гэта Прэзідэнту, — сказаў у канцы прыёму Ігар Яўсееў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Знайсці паразуменне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».