Вы тут

Ад зямлі да неба


У тым, што цяпер дынамічна, па розных кірунках развіваецца супрацоўніцтва Беларусі з Іркуцкай вобласцю, — ёсць немалая заслуга і беларускіх суполак Прыбайкалля

Загаловак да нататкаў выплыў, што называецца, сам сабою, калі стала вядома: у Беларусі з Іркуцкай вобласцю намячаюцца новыя праекты ў розных сферах — ад аграсферы да самалётабудавання. Пра тое першымі паведамілі калегі з БелТА, што асвятлялі ў сярэдзіне лістапада мінскую сустрэчу Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Сяргеем Леўчанкам, Губернатарам аддаленага, велізарнага, дый вельмі багатага на прыродныя рэсурсы расійскага рэгіёна. Беларусь, гаварылася на сустрэчы, гатовая значна павялічыць паказчыкі ва ўзаемным гандлі, у гэты ж бок рухаюцца й расійскія партнёры. Прычым, адзначаў Сяргей Леўчанка, за тыя амаль два гады, што прайшлі з часу яго ранейшага візіту, таваразварот між Беларуссю і вобласцю дынамічна расце.


На сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з Губернатарам Іркуцкай вобласці

Як вядома, у Іркуцкай вобласці традыцыйна запатрабаваныя беларускія БелАЗы, цяпер з’яўляюцца і аўтобусы вытворчасці Мінскага аўтазавода. Прэзідэнт прапанаваў госцю звярнуць увагу і на новую сучасную, да таго ж экалагічную прадукцыю ад прадпрыемстваў “Белкамунмаш” і “Штадлер Мінск”. Яшчэ адным кірункам для супрацоўніцтва, на яго думку, можа стаць перапрацоўка дзелавой драўніны і рэалізацыя ўзаемавыгадных праектаў у гэтай сферы. А беларускае прадпрыемства “Амкадор” гатовае аснашчаць лесапрамыславікоў Прыбайкалля сучаснымі лесанарыхтоўчымі комплексамі, якія прайшлі ўжо апрабацыю і ў Беларусі, і ў Расіі ды на іншых рынках. Беларусь можа пастаўляць у Іркуцкую вобласць яшчэ й новыя ўзоры сельгастэхнікі — трактароў, корма- і зерненарыхтоўчых камбайнаў.

Як прыклад паспяховай работы Аляксандр Лукашэнка прывёў стварэнне зборачнага завода “Могилевлифтмаш-Усолье”. І перайшоў да прадукцыі Іркуцкага авіязавода, які ў наступным годзе плануе распачаць выпуск самалёта МС-21. Беларусь, прадоўжыў Прэзідэнт, разглядае магчымасць іх закупкі, а таксама прапануе кааперацыю пры вытворчасці навінкі. З беларускага боку партнёрамі могуць быць адпаведныя прадпрыемствы, а таксама і Авіярамонтны завод, новыя вытворчыя магутнасці якога — паблізу Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Сяргей Леўчанка

Што да ўзаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы, то ў Беларусі ўжо ёсць, нагадаў Прэзідэнт, досвед супрацоўніцтва з іншымі расійскімі рэгіёнамі ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, укараненні перадавых тэхналогій. “Вы павінны ведаць, што мы ставімся да вас як да блізкіх і родных людзей. Мы заўсёды гатовы падзяліцца ўсім тым, што ў нас ёсць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. І дадаў, што паспяховы прыклад супрацоўніцтва ў АПК Беларусь ужо мае нават з Сахалінам. 
Гаварылася на сустрэчы пра супрацоўніцтва Беларусі з Іркуцкай вобласцю і ў іншых сферах. А мне згадвалася, як перад першым візітам губернатара ў Беларусь да нас у рэдакцыю звярталіся беларусы з Іркуцка: інфармавалі, што службоўцы з абладміністрацыі ў супрацоўніцтве з актывістамі дыяспары, праяўляюць інтарэс да такіх кантактаў. Як і да форуму рэгіёнаў Беларусі ды Расіі — чарговы прайшоў сёлета ў Магілёве, і зноў з удзелам Сяргея Леўчанкі. А перад тым у Прыбайкаллі пабывалі беларускія журналісты. І ў розных СМІ прайшлі матэрыялы — аб прыязным стаўленні тамтэйшых жыхароў да Беларусі.

Чытачы “Голасу Радзімы” ведаюць, як шмат робяць іркуцкія беларусы для пашырэння ў рэгіёне інфармацыі пра Беларусь, нашу культуру. І гэтай восенню ў рэдакцыю завітала кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова з сяброўкаю Наталляй — абмяняцца навінамі, кедравымі арэшкамі нас пачаставаць ды запрасіць на чарговы Фэст беларусаў свету на Байкале. Ён пройдзе наступным летам. Сама ж Алена, хоць і нарадзілася ў Сібіры — як і яе маці — мае моцныя духоўныя повязі з зямлёю продкаў, ведае беларускую мову, спявае народныя песні. Дарэчы, пад час размовы з Сяргеем Леўчанкам Прэзідэнт згадаў, што ў Прыбайкаллі жыве шмат этнічных беларусаў, і госць з добрай усмешкай пагадзіўся: так і ёсць! Таму сябраваць нам — проста лёсам наканавана.

У пацвярджэнне думкі пра моцны беларускі складнік у Сібіры звернемся да фрагмента з апытання ў плыні праекту “Беларусь без межаў”. Тэкст неяк даслаў нам вядомы беларус Прыбайкалля Алег Рудакоў. На пытанне, чым ён займаецца ў цэлым і які найцікавы праект у яго ёсць, адказаў: “Маё жыццё прысвечана пашырэнню й развіццю Беларускай традыцыйнай культуры ў Прыбайкаллі, захаванню й адраджэнню гістарычнай спадчыны Беларускага народа, забеспячэнню пераемнасці нашчадкамі Беларускай абраднасці, мовы, традыцыі. Таму кім бы й дзе я ні працаваў, як бы ні зарабляў грошы, але частку іх буду заўжды ахвяраваць — на гэтыя мэты, як і свой час, здароўе, сілы. Такі я ўжо чалавек.

Беларусы з Іркуцка на Дажынках у сібірскай вёсцы Тургенеўцы

Што да сённяшніх спраў, то я засяроджваю ўвагу на этнаграфічных вандроўках па Іркуцкіх беларускіх вёсках, утвораных у былыя часы. Некаторыя ўзніклі нават болей за сто гадоў таму! Я збіраю матэрыялы пра іх узнікненне, пра тое, як беларусы рассяляліся па Сібіры, з чым сутыкнуліся, як захоўвалі сваю індэнтычнасць. Да таго ж збіраю старадаўнія беларускія песні й танцы, і мы ў складзе клуба “Крывічы” праводзім заняткі з моладдзю. У нас працуюць секцыі “Аўтэнтычныя спевы”, “Навучанне старажытным, сярэднявечным і народным беларускім танцам”. Працуе Музей-майстэрня “Беларуская хата”, дзе праходзяць навучэнне ўсе ахвочыя беларускім старажытным рамёствам: вышыўцы, ткацтву, саломапляценню, поясапляценню, пашыву строяў ды іншым. Акрамя гэтага, мы ладзім Беларускія народныя святы ў Прыбайкаллі: Каляды, Грамніцы, Гуканне Вясны, Камаедзіцу, Купалле, Дажынкі, Багач, Пакровы, Дзяды, Жаніцьбу Цярэшкі. Вось такі мой асноўны занятак!”

У адказах Алега знаходзім: беларусаў у Прыбайкаллі вельмі шмат. Паводле дакументаў, толькі пад час “Сталыпінскага перасялення” (1902—1912 гады) у Іркуцкую губерню дадалося болей за 300 тысяч беларусаў. Былі таксама іншыя этапы перасялення. “Праўда, як сведчаць афіцыйныя перапісы, беларусаў з кожным разам становіцца тут усё меней, — удакладняе Алег Рудакоў. — На жаль, народжаныя ў Сібіры нашы супляменнікі з большасці запісваюць сябе рускімі. Пры тым з годнасцю ўзгадваюць, што ў іх ёсць беларускія родавыя карані, бывае — і па бацьку, і па маці”. Таму, прыводзіць лічбы Алег, цяпер з трох з паловай мільёнаў жыхароў Іркуцкай вобласці беларусамі запісаны толькі 50 тысяч. Але ён асабіста лічыць, што “ў кожнага трэцяга тутака ёсць беларускія родавыя карані. Толькі не ўсе пра тое ведаюць, бо не цікавіліся, альбо ведаюць — і не кажуць”.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.