Вы тут

Порах са старых акопаў


У пару, калі свет адзначае 100-годдзе з часу заканчэння Першай сусветнай вайны, ёсць нагода задумацца: як нам, беларусам, далей жыць у міры і згодзе?

Неяк, яшчэ старшакласнікамі ў сярэдзіне 70-х, на зборах прызыўнікоў Ляхавіцкага раёна ў лясах каля Мыслабажы мы з хлопцамі капаліся ў старых акопах. Знаходзілі сатлелыя белыя косткі салдатаў, нават паўкруглыя абоймы з патронамі. Порах з іх, дарэчы, быў сухім: высыпалі з гільзаў — і пыхкаў ён у вогнішчы. Хапала ўжо розуму, каб не кідаць туды патроны... Пашчасціла мне там адкапаць і просценькі металічны салдацкі абразок з выявай Уладзімірскай Божай маці. Перабітае было вушка, помніцца, у абразка: куляю ці асколкам, ці то з часам праржавела. І саслізгнуў ён, уяўлялася мне, ад жывога сэрца — у акопны бруд, у небыццё. А сам салдат? Камсамольцам я быў — то й думкі не ўзнікла, каб насіць на грудзях тую хрысціянскую святыню. І не ведалі мы, савецкія школьнікі, што за баі там, пры Шчары, былі: пра Першую сусветную мала тады гаварылі. Хоць, вынікае з гістарычных дакументаў, разбурэнні, ахвяры Першая сусветная (у нас у вёсцы казалі: першыя немцы...) прынесла ў Беларусь велізарныя.


Балючая памяць старога дрэва

Але дзеля чаго людзі сотнямі тысяч, мільёнамі забівалі адзін аднаго? Удумаемся: страты краін Антанты разам з Расійскай імперыяй — 5,6 мільёнаў плюс амаль 8 мільёнаў мірных жыхароў. 13 500 000 толькі з аднаго боку акопаў палажылі (“гома сапіенсы”?) — за што? Некаму ад таго шчасця дадалося? І чаму разумныя, адукаваныя еўрапейцы не апомніліся — дапусцілі праз некаторы час і Другую сусветную? Чаму памяць пра жахлівую пару хоць і значылася гадамі “1914—1918” у нашых падручніках — але ж не кранала за жывое? Чаму “саслізгнула”-сарвалася тая крывавая памяць некуды з грамадскай — сацыялістычнай — свядомасці ў архіўны пыл, нібы той салдацкі абразок з надламаным вушкам? 

Спрэчак у свеце й праз сто гадоў, на жаль, не стала менш. Як паміж асобнымі людзьмі, так і паміж дзяржавамі. Нават у нашай рэдакцыйнай пошце часам — “весткі з палёў спрэчак” у беларускіх суполках. Жах! Дарэчы, не ведаю, як там у іншых гімнах, а ў нашым першы радок — вельмі актуальны й сімвалічны: "Мы, беларусы, — мірныя людзі...” Прычым і глабальныя войны ўжо ідуць: гандлёвыя, гібрыдныя, інфармацыйныя, халодныя... Дзе выйсце з тупіка?
На гэтыя няпростыя пытанні адказы шукаюць і ў Мінску: апошнім часам тут праходзяць значныя міжнародныя сустрэчы, дыялогі. Адна з нядаўніх — сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Дарэчы, падводзячы яе вынікі, старшыня канферэнцыі Вольфганг Ішынгер заўважыў: Мінск ужо шмат гадоў дэманструе прыхільнасць да мірнага ўрэгулявання канфліктаў, і ў сукупнасці з геаграфічным становішчам тое робіць яго важным месцам міжнароднай дыпламатыі. Меркаванне заходнееўрапейскага палітыка, на мой погляд, цікава будзе дапоўніць парадаксальным выказваннем чалавека з Усходу, таксама вядомага ў свеце сваім міралюбствам: Далай-ламы XІV. У пару, калі ўсе мы — закладнікі заходнееўрапейскай цывілізацыі, нашчадкі цудам ацалелых у двух сусветных войнах людзей — па-ранейшаму нянькаем сваё эга, грызёмся па дробязях ды жывём пад прэсам грамадскай устаноўкі на “паспяховасць” і “робленне кар’еры” (а некаторыя індывіды пры тым, як кажуць, гатовы ў імя такіх прывідных мэтаў нават ісці па трупах...) гэты вялікі мысляр, Далай-лама, вось як незвычайна разважае: “Планеце не патрэбна вялікая колькасць “паспяховых людзей”. Планета цяпер адчайна мае патрэбу ў міратворцах, цаліцелях, рэстаўратарах, расказчыках — і любячых людзях усіх відаў. Яна мае патрэбу ў людзях, побач з якімі — добра жыць. Планета мае патрэбу ў людзях з мараллю, якія гатовыя ўключыцца ў барацьбу, каб зрабіць свет жывым і гуманным”.

Зрэшты, і хадзіць так далёка на Захад ці Усход не трэба, каб пачуць разумныя парады, што, можа, дапамогуць некаму ўтрымацца, не сарвацца ў бездань новай вайны: як са сваімі ворагамі, так і са сваімі блізкімі, што, здараецца, па нейкім збегу абставін раптам становяцца чужымі. Вось як бачыць “выхад з тупіка” ўсеагульнай варажнечы цяперашні падзвіжнік, іерасхіманах Данскога манастыра Валянцін (Гурэвіч): “И главная наша задача не в том, чтобы отомстить и размозжить головы нашим врагам, а в том, чтобы из себя изгнать зло”. Прыводжу на мове арыгінала, каб у нэце тым, каму цікава, лягчэй было занайсці ўвесь той глыбокі, да таго ж вельмі актуальны кантэкст.

Мы, як кажуць, скурай адчуваем штодзень, нават праглядваючы стужку навін: сёння на міратворцаў і тых, хто “з сябе выганяе ліха”, у свеце — вялікая запатрабаванасць. Бо скрыўляюцца ў сучаснасці нябачныя межы паміж дабром і ліхам — і на старых акопах і касцях, вобразна кажучы, часам ладзяць дыскатэкі ды “жрут, ржут и...”. Яшчэ й таму патрэбныя міратворцы, што, пераследуючы свае інтарэсы ў жыццёвай гонцы, розныя моцныя людзі, дзяржавы, кланы, “цэнтры сілы” могуць альбо, зразумеюць аўтамабілісты, выпадкова не ўпісацца ў паварот бяспекі, альбо свядома на сваю карысць парушаць “маральныя правілы агульначалавечага руху”. А гэта ж — як сыпануць старых патронаў сабе на пацеху ў вячэрняе вогнішча там, у лесе 70-х пры Шчары, калі сабраліся пры агні дзясяткі тваіх сяброў-падлеткаў...

У стужцы навін БелТА з’явілася нядаўна інфармацыя пра міжнародны выставачны праект “Беларусь. Рэлігія. Талерантнасць”. І што выставу прэзентаваў Амбасадар Беларусі ў Францыі Павел Латушка. На яго думку, сімвалічна, што адкрылася выстава ў дні, калі адзначаецца 100-гадовы юбілей з моманту заканчэння Першай сусветнай вайны. А й сапраўды: ну каму ж, як не беларусам, гаварыць у Еўропе пра мір і талерантнасць! Гэта ж якраз нашу Бацькаўшчыну, палітую потам і крывёю продкаў, вялікая тая вайна ў сотні кіламетраў акопаў перакапала, бязлітасна спляжыла, знішчала, руйнавала,— разам з мясцовымі людзьмі! А ўрэшце й разарвала (хоць крыху пазней, 18 сакавіка 1921 года, у выніку так званага Рыжскага міру, дзе Беларусі не далі нават права голасу, — але ж тою ж самаю выбухною хваляю) на Усходнюю і Заходнюю Беларусь. Дзе ж, як не на старых акопах, гаварыць пра перамір’е, пра мірныя дамовы? Здзіўляюць мяне тыя калегі, аналітыкі з розных бакоў, якія высакамерна разважаюць: Мінску, маўляў, каб стаць новаю пляцоўкай для перагаворнага працэсу, аналагічнага Хельсінскаму, не хапае палітычнае вагі ды ваеннае моцы. Ага, ведаем мы, як “моцныя гэтага свету” вядуць перамовы! І зусім не задзірыстыя маладыя джыгіты, а мудрыя аксакалы ці безабаронныя жанчыны выступаюць міратворцамі ў спрэчках у каўказкіх, цюркскіх народаў. Вы сапраўды, панове-таварышы, міратворцаў хочаце знайсці сярод тых, у каго рукі чэшуцца?

Парыжская выстава “Беларусь. Рэлігія. Талерантнасць” — яскравае сведчанне пра каштоўнасць міжнацыянальнага міру, міжканфесійнай згоды для беларускага народа. На тэрыторыі краіны, як вядома, шмат стагоддзяў у згодзе жывуць прадстаўнікі як розных рэлігійных канфесій, так і розных нацыянальнасцяў, таму сёння “мірны досвед” Беларусі становіцца надзвычай запатрабаваным у свеце. І яшчэ адну важную акалічнасць падкрэсліваў Павел Латушка ў Парыжы, адкрываючы выставу — заўсёды пакутавала Беларусь ад войнаў, але ж ніколі не ініцыявала іх: “З нашай зямлі ніколі не пачнецца вайна. І сёння беларускі сцяг лунае сярод сцягоў іншых краін ля Трыумфальнай аркі ды ў храме Нотр-Дам у Парыжы — як сімвал прызнання ролі, ахвяр беларускага народа ў Першай сусветнай вайне”.
Праект, паведамляе БелТА, падрыхтавала пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем краіны. Ганаровы патранат над праектам прыняў Міністр замежных спраў Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей. Выставу “Беларусь. Рэлігія. Талерантнасць” плануецца таксама прадставіць у іншых еўрапейскіх краінах. А ў нашых бліжэйшых планах — расказаць пра тое, хто і як гэтую экспазіцыю ствараў.

І на заканчэнне — пра порах са старых акопаў. Сам па сабе ён шкоды, пэўна, нікому не прычыніць, аднак “раззброіцца”, знішчыць свае ўласныя запасы выбухованебяспечных рэчываў (крыўда, злосць, рэўнасць, зайздрасць...) — наспела пара. Порах, дарэчы, можна выкарыстоўваць і пры стварэнні твораў мастацтва, як тое робіць кітайскі мастак Caі Guo-Qіang (Цай Гоцян) — ён вядомы як майстар мастацкага выбуху. Калі ж выходзіць далей на вобразныя абагульненні, то варта нам усім пажадаць: давайце сваю энергію, у тым ліку й застарэлыя крыўды, будзем выкарыстоўваць — толькі ў мірных мэтах. Памятаючы, што планета мае патрэбу найперш у людзях, побач з якімі — добра жыць.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.