Вы тут

Якуб Колас у Анжуйскім палацы


Дні беларускай культуры ў італьянскім Неапалі прайшлі з удзелам асацыяцыі “Bellarus”. А выстава, прысвечаная Песняру, зрабіла іх незабыўнымі, яркімі, прыгожымі.


Гасцей сустракаюць неапальскія беларускі

Сёлетні праект Дні культуры Беларусі ў Неапалі “Беларусь учора і сёння” прысвячаўся культурнай і літаратурнай спадчыне Беларусі. Падключыліся да справы й актывісты мясцовай беларускай суполкі — асацыяцыі “Bellarus”: па нашай ініцыятыве была праведзена выстава “Якуб Колас і рускія пісьменнікі”. Пры тым нас падтрымалі Амбасада Беларусі ў Італіі, Ганаровае консульства Беларусі ў Неапалі, муніцыпальная Рада горада, і яшчэ нашы сябры з Мінска: з Дзяржаўнага?літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

Дні беларускай культуры праходзілі ў нас з 4 па 14 кастрычніка. Гэта, безумоўна, зручны фармат, каб шырэй паказаць беларускую культуру, традыцыі Беларусі ў італьянскім рэгіёне Кампанья. Мясцовыя жыхары пачынаюць цікавяцца — пасля 8 гадоў дзеяння асацыяцыі — рознай інфармацыяй пра нашу Бацькаўшчыну, яе гісторыю й дзень сённяшні. Некаму хочацца больш ведаць пра развіццё турызму, камусьці — пра дасягненні ў галіне навукі, адукацыі альбо ІТ-тэхналогій. Мы ж расказваем і пра добразычлівасць, адкрытасць беларусаў, досвед краіны ў сферы міжнацыянальных зносін, у разгортванні міжнацыянальных сувязяў. Так што рэалізацыя праекта на тэрыторыі Італіі — гэта магчымасць прадставіць сучасную Беларусь як адкрытую міралюбівую краіну, гатовую развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. Дні й на гэты раз мелі вялікі рэзананс у Неапалі, паспрыялі стварэнню станоўчага іміджу Беларусі, добрай рэпутацыі краіны, якая заўсёды была адкрытаю для шырокага дыялогу.

На адкрыцці выставы “Якуб Колас і рускія пісьменнікі” ў Анжуйскім палацы

Выстава праходзіла ў Анжуйскім палацы — адным з найпрыгажэйшых у Неапалі. Гэта, нагадаю, знакаміты архітэктурны помнік ХІІІ стагоддзя: мільёны турыстаў наведваюць яго штогод. Таму мы ведалі: калі зладзім там выставу, прысвечаную Якубу Коласу, то поспех ёй будзе гарантаваны. За дзесяць дзён экспазіцыі выставы яе пабачылі тысячы наведнікаў з розных краін: Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Ірландыі, Карэі, Кітаю, Расіі, Украіны, Францыі, Японіі ды многіх іншых. Знаёміліся з выставай, безумоўна, і карэнныя жыхары італьянскага паўвострава. Было вельмі мне прыемна назіраць, як людзі заходзілі, з цікавасцю разглядалі выставу, чыталі пра яе (інфармацыя падавалася на беларускай, рускай, італьянскай, англійскай мовах). І вось ужо нехта жадае зрабіць фота на фоне мінскай сядзібы Якуба Коласа, ці то з ім разам за працоўным сталом, з яго творамі. Запрашалі й нас у кадр, як прадстаўнікоў беларускага народа ў Неапалі.
Колькі прыемных кампліментаў пачула я ад турыстаў з краін СНД! Яны прыехалі ў Неапаль — і вось жа: пабачылі тут, у Анжуйскім палацы, выставу, прысвечаную беларусам, Песняру Якубу Коласу. Я бачыла ў вачах наведнікаў здзіўленне, захапленне, гонар. Чула шчырыя словы падзякі за пашырэнне славянскай культуры далёка за межамі роднай маёй краіны. Амаль заўсёды лёгка ладзіўся дыялог, прыемная гутарка пра нашу культуру, мову, літаратуру, пра сённяшнюю Беларусь увогуле. І ўсплывалі згадкі, найперш з гасцямі з краін СНД, пра беларускія родавыя карані бабуль-дзядоў ці прабабуль-прадзедаў, гучалі назвы нашых гарадоў і мястэчак, у якіх яны калісьці былі, ці ў якіх па гэты час жывуць іх сваякі, сябры, знаёмыя... І заўсёды такія гутаркі заканчваліся поціскамі рук, усмешкамі, найлепшымі пажаданнямі. Так што цяпер, калі нехта ў мяне запытае, а навошта табе тая грамадская дзейнасць, буду прыгадваць “анжуйскую” цеплыню зносін. Якую, пэўна, ні за якія грошы не купіш...

Хлеб ды соль для ганаровых гасцей свята

Можна сказаць: выстава, прысвечаная Песняру, зрабіла Дні беларускай культуры ў Неапалі незабыўнымі, яркімі, прыгожымі. Яна тонка, інтэлігентна распавяла людзям, хто нічога не ведаў пра нашу краіну: што краіна такая ёсць — Рэспубліка Беларусь у цэнтры Еўропы. А хто больш абазнаны ў геаграфіі, той мог і бліжэй пазнаёміцца з ёй.

Таццяна Пумпулева і Якуб Колас

Пра тое, як праходзіла адкрыццё Дзён, пададзена інфармацыя на сайце Амбасады Беларусі ў Італіі. Вядома ж, мы ўдзячны добрым людзям, намаганнямі якіх выстава “Якуб Колас і рускія пісьменнікі” пабывала ў Неапалі. Таму й выказваем шчырую падзяку тым, хто працаваў для рэалізацыі праекта Дні культуры Беларусі ў Неапалі “Беларусь учора й сёння”: работнікам Амбасады Беларусі ў Італіі, найперш Амбасадару Аляксандру Гур’янаву (ён, дарэчы, і ўдзельнічаў у адкрыцці Дзён), а таксама Вользе Далгаполавай (яна непасрэдна й працуе з беларускімі суайчыннікамі ў Італіі), Ганароваму консулу Беларусі ў Неапалі Вінчэнца Трані й працаўніцы Ганаровага консульства Вользе Глеб, дырэктарцы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаідзе Камароўскай, кіраўніцы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вользе Антоненцы, прэзідэнту Муніцыпальнай рады Неапаля Аляссандра Фучыта, хору “Спадчына”, навукова-вытворчаму камерцыйнаму таварыству “Сатмен” і яго кіраўніку Георгію Захарыку (мінчане прыляцелі ў Неапаль за свае сродкі, каб змантаваць выставу). Дзякуем ім за высокі прафесіяналізм, плённую супрацу, прыстойнасць, праяўленыя пры рэалізацыі гуманітарнага праекта, за іх найвышэйшую працаздольнасць, канкрэтную дапамогу й падтрымку. Яе адчувалі ўвесь час актывісты асацыяцыі “Bellarus”, якая, паўтаруся, ініцыявала гэты праект. Сумесныя намаганні плюс добрапрыстойныя падыходы ў працы далі цудоўны плён: праект завяршыўся паспяхова. І стаў нават прыкладам якасці, высокага прафесіяналізму й творчасці беларусаў у Італіі. Дарэчы, каму цікавыя нашы справы — заходзьце на старонку ў фэйсбуку .

Таццяна Пумпулева, кіраўніца асацыяцыі “Bellarus”, г. Неапаль, Італія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».