Вы тут

Фронт ішоў праз Беларусь


Выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы знаёміць з малавядомымі фактамі пра Беларусь і беларусаў часу Першай сусветнай вайны


Уладзімір Ліхадзедаў

Асабістыя пісьмы, паштоўкі, пісьмовыя прыналежнасці, рэчы салдат Першай сусветнай вайны... Былі яшчэ на выставе “Беларусь у Вялікай вайне 1914—1918 гадоў”, прысвечанай 100-годдзю яе заканчэння, і рэдкія кнігі, газеты, часопісы, нават друкарская тэхніка даўніх часоў. Было што паглядзець і над чым паразважаць. А разважаць — трэба. Мы ж больш ведаем пра Другую сусветную, якая ў Савецкім Саюзе была Вялікай Айчыннай вайной. А многія старонкі Першай, лічыць гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў, былі неапраўдана забыты беларусамі. Сімвалічна, што выстава ў НББ, прысвечаная ёй, была зладжана сумесна з ім, аўтарам праекта “У пошуках страчанага”.

Сапраўдным святам адкрыцця новых старонак гісторыі нашай Бацькаўшчыны назваў гэты дзень Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Як вядома, Першая сусветная была закончана дзякуючы Камп’енскаму перамір’ю, а затым і Версальскай мірнай дамове. Але беларусы пад час імпрэзы згадвалі таксама й Брэсцкі мір, пасля якога праціўнікі пачалі выводзіць войскі з тэрыторыі Беларусі. Тая сепаратная мірная дамова была падпісана 3 сакавіка 1918 года ў Брэсце-Літоўскім прадстаўнікамі Савецкай Расіі ды іншых дзяржаў. І ёй папярэднічалі пагадненні аб перамір’і на Усходнім фронце й мірная канферэнцыя, якая праходзіла ў тры этапы з 22 снежня 1917 года.

Друкарская тэхніка з мінулага

Шмат на імпрэзе гаварылася й пра тое, што вайна моцна паўплывала на нацыянальную самасвядомасць беларусаў, нават у нейкім сэнсе нарадзіла беларускую дзяржаўнасць. Таму варта не толькі згадваць пра яе ахвяры, але й мець на ўвазе: беларусы потым хацелі будаваць мірнае жыццё ў незалежнай краіне. Беларуская народная рэспубліка (БНР), Літоўска-Беларуская савецкая сацыялістычная рэспубліка, затым Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — усе яны ўзніклі пасля Першай сусветнай вайны, якую распачала Расійская імперыя. У інтэрнэце ёсць звесткі: тады ў расійскую армію было прызвана ад 800 да 923 тысяч беларусаў, усяго ж загінула нашых супляменнікаў каля 70 тысяч. А яшчэ ўлічым, што расійскія войскі прымянялі на беларускіх тэрыторыях тактыку выпаленай зямлі — каб нічога не пакінуць ворагу пасля адступлення. Таму нашы супляменнікі вымушаны былі падавацца ў бежанцы. Многія з іх затым не змаглі вярнуцца на радзіму, многія і загінулі.

Ды й тым, хто вырашыў нікуды не ўцякаць, горка прыйшлося. Беларусь тады апынулася ў эпіцэнтры баявых дзеянняў. Два з паловай гады, пачынаючы з 1915-га, нямецка-расійскі фронт праходзіў па лініі Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс) — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск. І буйныя ваенныя аперацыі вяліся там: Нарачанская (названа па возеры Нарач), Баранавіцкая, Крэўская. Можа падацца: ваенных дзеяннняў было няшмат. Сапраўды, пераважала пазіцыйнае супрацьстаянне. Тая вайна стала страшнай яшчэ й таму, што тады ўпершыю праціўнікі выкарыстоўвалі атрутныя газы, танкі, самалёты.

Пісьмовыя прыналежнасці

У якой беднасці апынуліся тады жыхары Беларусі — сведчаць фотаздымкі, зробленыя немцамі на акупаваных тэрыторыях. Іх прадставіў Уладзімір Ліхадзедаў на сумеснай выставе ў НББ. Заваёўнікаў здзіўляў побыт беларусаў, калі ў адной хаце жылі дарослыя, дзеці, куры, жывёлы. Яны рабілі фотаздымкі, каб адправіць сваім родным — як экзотыку. А паштоўкі, на якіх бачны побыт салдат на фронце, у шпіталях, у асяроддзі бежанцаў дайшлі ўжо з “нашага” боку: ад ваенных людзей, фатографаў. Амаль паўтары тысячы фотаздымкаў з асабістай калекцыі У. Ліхадзедава расказваюць пра побыт, баявыя будні 2-га каўказкага корпуса. Тая ваенная часць стаяла пад Маладзечна й вяла баі пад Крэвам і Смаргонню. Да нас дайшлі нават пісьмы й пісьмовыя прыборы байцоў. Уладзімір Ліхадзедаў выпусціў фотаальбом “Беларусь 1914—1918. Вайна і мір”, у якім рэаліі фронту паказваюцца вачыма расійскіх і германскіх салдат. Ён прэзентаваў выданне ў Нацыянальным гістарычным музеі.

На выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы наведнікі пабачылі й паходны стул: дзякуючы жалезнаму каркасу ён цудоўна захаваўся. Мне здаецца, многім глянулася партатыўная друкарская тэхніка, што працавала і ў палявых умовах. Невялікія друкарскія станкі яшчэ й цяпер у рабочым стане.

Пра мірныя перамовы ў Брэсце сведчыць памятны медаль 1918 года з выявай Льва Троцкага, хоць той і не браў удзел у першым іх этапе. А ці выпускаліся такія медалі з выявай усіх вядомых асоб, якія ўдзельнічалі ў Брэсцкіх мірных перамовах — такія пошукі вядзе Уладзімір Ліхадзедаў. Ён ганарыцца і ўнікальным каталіцкім складзенем з калекцыі, які быў выраблены з медзі, адчаканены разцом. На ім бачны з аднаго боку выява каталіцкай святыні Нотр-Дам дэ Лурд, а з другога — выява герба.

На пачатак Першай сусветнай на землях Беларусі мелася шмат мастацкіх, гістарычных каштоўнасцяў. Тое пацвярджае і ўнікальны каталог, складзены акупантамі з рарытэтаў мінскіх і магілёўскіх сховішчаў. Куды падзеліся пералічаныя ў ім каштоўныя рэчы — пакуль невядома.

Нацыянальная бібліятэка прадставіла на выставе шмат часопісаў, газет, кніг тых часоў. Выданне пад назвай “Вялікая вайна” — найбольш заўважнае. У ім расказваецца пра падзеі на франтах у 1915—1916 гадах. Заслугоўвае ўвагі таксама кніга “Летапіс вайны”.

Віртуальная выстава “Беларусь у Першай сусветнай”, якую Нацыянальная бібліятэка й раней прэзентавала на сайце https://nlb.by, цяпер пашырана й дапоўнена новым раздзелам. Асноўныя бітвы, баі й ваенныя аперацыі паказаны й на картах, схемах. Можна знайсці больш інфармацыі пра беларускую літаратуру й пісьменнікаў, якія пісалі пра ваенныя падзеі, дададзены раздзел пра палкаводцаў і ваеначальнікаў — ураджэнцаў Беларусі. Там жа ёсць і здымкі з перыядычных выданняў, у прыватнасці з часопіса “Нива” ды кнігі “Летапіс вайны”. Немалаважна, што віртуальны праект прадстаўлены на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.