Вы тут

Ад песень Палесся да Астаны


У сталіцы Казахстана беларусы ўшанавалі памяць пра вядомую паэтэсу Яўгенію Янішчыц і згадалі родныя свае мясціны.


Беларускі куточак у казахстанскай Астане

Удалечыні ад Бацькаўшчыны заўсёды вастрэй адчуваеш моцныя повязі з зямлёю продкаў. Бягуць гады, праходзіць час — і ўсё вастрэй разумееш, дзе твае вытокі, адкуль твой пачатак. У аб’яўлены ў Беларусі Год малой радзімы беларусы Казахстана дзеляцца ўспамінамі пра сваю Беларусь: якою нам помніцца яна, якою нам бачыцца з адлегласці тысяч кіламетраў, дзясяткаў гадоў. Вось і ў Астане 11 ліcтапада ў Доме сяброўства, у нашай беларускай суполцы “Радзіма” правялі мы вечарыну “Бацькаўшчына мая, родная маці-Беларусь!”, прысвечаную Году малой Радзімы. Другую ж яе частку — пад назвай “Чароўная кветка беларускай паэзіі” — прысвяцілі 70-м угодкам таленавітай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц.

Месца, дзе ладзілі сустрэчу, аздобілі рознымі прадметамі беларускага побыту: абрусы, вышываныя ручнікі, узоры дэкаратыўнага і выяўленчага мастацтва. На карце Беларусі кожны з беларусаў, хто ўдзельнічаў у імпрэзе, пазначыў сцяжком свой родны кут. А на свята былі запрошаны й шаноўныя госці-беларусы. У прыватнасці, консул Беларусі ў Казахстане Ігар Іваноў крыху расказаў пра сваю малую радзіму: горад Верхнядзвінск (які раней называўся Дрыса) Віцебскай вобласці. А таксама й пра вёску Александрыю, што ў Шклоўскім раёне Магілёўшчыны, дзе прайшлі дзіцячыя гады Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Далей меў слова кіpaўнік cyполкі “Радзіма”, сябар Саюза кампазітараў Казахстана і Саюза кампазітараў Беларусі Дзмітрый Астаньковіч. Хоць нарадзіўся ён у Казахстане, аднак добра памятае, што родавыя карані яго — з Мсціслаўскага раёна Беларусі. Некаторыя свае песні, дарэчы, ён піша на вершы беларускіх паэтаў, і яны гучаць таксама й на беларускіх сцэнах. Згадвала свае родныя мясціны — а гэта гарпасёлак Воранава на Гродзеншчыне — і мастацкая кіpaўніца творчага гурта “Вясёлка” суполкі Тамара Батрак. Далей прыгожую песню “Бацькаўшчына”, што ўсіх расчуліла, выканала Эльвіpа Кунавіч. 

Потым іншыя ўдзельнікі святочнай імпрэзы згадвалі: адкуль яны, чым адметныя іх родныя мясціны. Захоплена, з цікавымі падрабязнасцямі пра родны горад Кобрын расказала бібліятэкарка Валянціна Міxaйлаўна Аралава. Дарэчы, у Астане, Казахстане добра ведаюць яе мужа-казаха Мейрамбая Аскербаевіча: цяпер ён — дырэктар Мемарыяльна-музейнага комплексу памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму “АЛЖИР” (абрэвіятура па-руску расшыфроўваецца так: “Акмолинский лагерь жен изменников Родины”. У гады сталінскіх рэпрэсій ён уваходзіў у сістэму ГУЛАГа. — Рэд.). Беларуска з мужам, сынам Русланам ды ўнукам Аліxaнам нярэдка наведваюць беларускія мясціны. Потым я чытаў свой верш “Маё Палессе”, і ў выкананні салісткі Марыі Бульскай гучала песня “Родныя мясціны”.

Другую частку імпрэзы мы прысвяцілі “чароўнай кветцы беларускай паэзіі” — так часам называюць паэтэсу з Палесся Яўгенію Янішчыц (20 лістапада 1948 — 25 лістапада 1988, родам была з вёскі Рудка Пінскага раёна Брэстчыны). Пра яе кароткі жыццёвы шлях і творчую спадчыну расказвалі сяброўкі суполкі “Радзіма” Святлана Талканёва і Соф’я Дэкола. Яны чыталі вершы паэтэсы, у якіх шмат цеплыні, замілаванасці родным краем. І нават, пра тое мы таксама гаварылі, музыкай прыгажосці гучалі для яе самі назвы палескіx вёсак. У прыватнасці, верш “Ах, вёсачкі aкружныя” душэўна прачытала Соф’я Дэкола. Прыводзілася й меркаванне, што “з вершаў Янішчыц глядзіць на нас уся Беларусь” — і Святлана Талканёва чытала знакамітыя радкі: “Ты пакліч мяне, пазаві...”. Я прысвяціў свой верш памяці Яўгеніі Янішчыц, творчасць якой вельмі люблю, чытаў яго на імпрэзе. Заканчваецца ён радкамі: “Сумую. Так рана пайшла ты з жыцця,/ І сэрца — у роспачы плача./ Ты — зорка Палесся, Палесся дзіця,/ Палеская ластаўка наша”. 

Згадкаю ж пра тое, што роднае слова ніколі не будзе лішнім, дзе б мы ні жылі, гучала песня “Гаворка беларуская” — выконвалі яе гурт “Вясёлка” і саліcтка Марыя Бульская. Яны ж даслалі своеасаблівае прывітанне з Казахстана галоўнаму рэдактару газеты “Голас Радзімы” Івану Ждановічу: бо гучала песня “Птушка з Бацькаўшчыны”. Гэта на яго верш, у якім перапляліся вобразы Беларусі й Казахстана, музыку напісаў Дзмітрый Астаньковіч.

Потым сябры беларускай суполкі шчодра частавалі гасцей стравамі, прысмакамі беларускай кухні. На развітанне цёплыя словы за святочным сталом казалі Дзмітрый Астаньковіч ды Ігар Іваноў, а гурт “Вясёлка” выканаў песню “Беларусь, Беларусь”.

Дарэчы. 20 лістапада ў Мінску, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла літаратурная вечарына “Яўгенія Янішчыц: Якая я”, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння паэткі. Пра тое, якою была гэтая жанчына — “Палесся мілае дзіця” — гаварылі яе сябры, паэты, празаікі, даследчыкі ды аматары творчасці.

Ад рэдакцыі. Вестку з Астаны й тэкст Анатоля Лісіцкага нам даслаў Дзмітрый Астаньковіч. Напісаў пра верш “Птушка з Бацькаўшчыны”, які ўжо стаў песняю: “Усе спевакі й слухачы былі вельмі ўсхваляваны яе выкананнем. Цяпер запісваем яе на студыі, потым — абавязкова перашлю ў рэдакцыю”. Вялікі дзякуй, сябры, за творчасць, што яднае беларусаў Казахстана з Бацькаўшчынай!

Варта нагадаць, што верш ствараўся спецыяльна з улікам назваў родных мясцін беларусаў, што жывуць у Астане. І некаторыя іншыя дарагія ім словы ў ім ёсць. Меркавалі мы з Дзмітрыем, што, спяваючы песню, кожны будзе такім чынам згадваць сваю Радзіму — і нібыта маліцца за яе... Дарэчы, у адным з куплетаў запева ёсць такія радкі: “Можа ў Воранаве, птушачка, бывала?../ Мо над Сновам ці Бягомлем пралятала?../ І пад Пінскам ёсць дзівосныя мясціны,/ Скуль вядуць у свет вялікі пуцявіны...”. Прыпеў таксама гарманічна кладзецца ў тэму Года малой радзімы: “Ад Магілёва й Гомеля, Мсціслаўля й Ваўкавыска/ Нясуць вятры людзей у свет няблізкі.../ І на зямлі гасціннай Казахстана/ Жыць з Беларуссю ў сэрцах — нам наканавана!” То няхай жа ў песні, што даносіць беларусам у стэпавы край, нібы залётная птушка, прывітанне з роднай Бацькаўшчыны, будзе шчаслівы лёс!

Анатоль Лісіцкі, г. Астана, Казахстан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».