Фота на памяць


...Помню гэтае лета, адно з многіх, калі нам удалося выправіцца ўсім — гэта значыць, ужо ўпяцёх, з «поўным камплектам» дзяцей — адпачываць да бабулі, мамінай мамы, у невялікі прыморскі гарадок. Вінаград і абрыкосы, якія падалі проста пад ногі ў дворыку, нязмоўчны шум блізкай аўтастанцыі, дзе дыспетчар ненатуральна бадзёрым голасам пачынала абвяшчаць аб прыбыцці аўтобусаў прыкладна а пятай раніцы, а заканчвала — пасля адзінаццатай вечара, грукат таварнякоў на чыгунцы, пад які, як ні дзіўна, толькі лепш засыналася, і асаблівы, напоўнены морам, сонцам, соллю, ружамі, садавіной, ды бог яшчэ ведае чым, водар паветра, якое хацелася закатаць у слоік і ўзяць з сабой у хмарны Мінск. Штодзённыя вылазкі на мора — на досвітку, калі яшчэ не горача, і пад вечар, калі вада ўжо хоць і каламутная, але цёплая-цёплая... І, як абавязковы пункт у спісе — сямейнае фота. Прычым не ў якога-небудзь махляра з малпай ці ўдавам, якія пачкамі блукалі па Пляжнай вуліцы, а ў сапраўднага майстра, бабулінага знаёмага — у атэлье ў цэнтры горада.


З самага ранку дзядуля і тата выбіралі «парадныя» кашулі і доўга, прыдзірліва галіліся, а нас з сёстрамі ў чатыры рукі з угаворамі, пагрозамі, абяцанкамі і подкупам адзелі ў прыгожыя сукенкі мама з бабуляй. Я за лета нечакана так вырасла, што ўсё-такі адстаяла майку і шорты. Не менш давялося папакутаваць і ў атэлье, дзе вентылятар мала ратаваў ад духаты, а строгі фатограф надта доўга прымяраўся і перастаўляў нас так і гэтак, каб атрымаўся, як ён казаў, «ансамбль». Затое праз некалькі дзён дзядуля ўрачыста прынёс раздрукаваныя фатаграфіі — каляровыя, матавыя, вялікага фармату, дзе мы не адразу пазналі сябе ў адрэтушаваных круглашчокіх істотах. Адзін са здымкаў заняў цэнтральнае месца над бабулінай канапай, другі мама беражліва загарнула ў некалькі слаёў паперы і прывезла дамоў, каб таксама паставіць у рамку.

Затое цяпер гэты сямейны партрэт — адзін з самых любімых ва ўсіх нас. Бабулі і дзядулі ўжо даўно няма, аднак фота кожны раз абуджае ўспаміны пра іх, пра мора, пра лета, пра дзяцінства. Пра смажаную рыбу, абрыкосавыя піражкі, паход у горы па кізіл і вось гэта ўсё.

Чамусьці здаецца, што чым больш даступнай стала фатаграфія, тым больш яна абясцэнілася. Калі фатаграфаванне было падзеяй і адбывалася рэдка, з пэўнай важнай нагоды, то да яго рыхтаваліся, добра запаміналі і ўсе абставіны, і ўсіх людзей, якія трапілі ў кадр. Прыгадайце — некалі было добрым тонам, знаёмячыся, напрыклад, з сям'ёй сяброўкі або маладога чалавека, ветліва прагледзець яе ці яго сямейны альбом, паслухаць расповед пра старэйшае пакаленне, пра іншых сваякоў і атрымаць такім чынам уяўленне пра некалькі пакаленняў цэлага роду. Цяпер жа ў лепшым выпадку хуценька пакажуць фоткі на экране смартфона ці прышлюць спасылку на альбом у сацсетках, прычым здымкі сямейнага адпачынку часам губляюцца сярод коцікаў, сэлфі і гастранамічных «справаздач». Не падабаецца ўласнае фота — выдалім, пераробім: прыгожая поза, вусны «качкай» або адрэпеціраваная ўсмешка... У многіх маіх знаёмых і сяброў захоўваюцца гігабайты здымкаў на камп'ютарах і адзінкі — раздрукаваных на памяць. Мабыць, гэта тая ж гісторыя, што і з папяровымі кнігамі: мала хто захоўвае ім вернасць у той час, як зручней і прасцей чытаць з экрана. І ўсё ж, усё ж... Як ні дзіўна гэта прагучыць, папяровыя носьбіты часам аказваюцца больш трывалымі і даўгавечнымі за лічбавыя — і менавіта іх, гэтыя матавыя і глянцавыя, каляровыя і чорна-белыя, потым з цікавасцю перабіраем мы самі, нашы дзеці, унукі. Таму — не палянуйцеся, складайце сямейныя альбомы. Потым як знойдзеце.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.