Вы тут

Як жыве сям'я-пераможца рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла»?


Іна Хацкевіч нарадзілася і большую частку жыцця правяла ў Віцебску. І падумаць не магла, што пераедзе на вёску. Даіць карову, напрыклад, яна не ўмела і дагэтуль адносіцца да гэтай жывёлы з асцярогай. І калісьці дакладна не змагла б паверыць у тое, што разам з мужам і дзецьмі выйграе рэспубліканскі конкурс «Уладар сяла», дзе вызначалі найлепшую вясковую сям'ю...


З горада — у вясковую глыбінку

З будучым мужам Мікалаем гараджанка пазнаёмілася, калі прыехала ў вёску Вяжышча Бешанковіцкага раёна пагасціць да стрыечнага брата:

— У мясцовай школе была спартыўная секцыя па баскетболе, а ў мяне — дзіцяча-юнацкі разрад, вось я і прыйшла пагуляць. Звярнула тады ўвагу, што сярод дзяцей быў адзін старэйшы хлопец.

Якім жа было здзіўленне Іны, калі праз нейкі час гэтага самага Мікалая яна ўбачыла сярод гасцей у сябе дома. Аказваецца, яе родны брат быў з ім добра знаёмы і запрасіў на дзень нараджэння. З таго часу і пачаліся іх адносіны. Пасля вяселля, калі паўстала пытанне, дзе будуць жыць маладыя, у кожнага з іх на гэты конт мелася сваё меркаванне.

— Я была ўпэўнена, што муж пераедзе да мяне ў горад, — кажа Іна. — Але пакуль мы чакалі нашага першынца, Коля ўгаварыў мяне пажыць у яго вёсцы. Там у мясцовым калгасе ён праходзіў двухгадовую адпрацоўку пасля тэхналагічнага тэхнікума, быў загадчыкам майстэрняў. Вырашылі, што і дзіцяці будзе лепш на прыродзе. У хуткім часе ў нас нарадзіўся другі сын. Ну а потым мы развялі жыўнасць і зараз ужо не ўяўляем іншага жыцця.

Сёння ў іх гаспадарцы 80 перапёлак, каля 60 курэй, 20 індыкоў, свінкі. З бычкоў зімаваць застаўся толькі Уладар, якога сям'я атрымала ў падарунак на абласным этапе конкурсу «Уладар сяла». Яшчэ ёсць чатыры сабакі і дзве кошкі. Сям'я апрацоўвае гектар зямлі, дзе вырошчваюць пшаніцу, бульбу, садавіну. З часам набылі неабходную тэхніку, у прыватнасці трактар і ЗІЛ. Прычым першапачаткова трактар быў не ў найлепшым стане, а Мікалай уласнымі рукамі прыводзіў яго ў парадак. Іна, дарэчы, таксама ўмее кіраваць усёй тэхнікай:

— Калі муж загразне на трактары, еду выцягваць яго на ЗІЛе. Калі ён на ЗІЛе, еду на дапамогу на трактары.

Жанчына прызнаецца, што пераезд у вёску не быў складаным. Жыццё ў плане побыту не надта адрознівалася ад гарадскога: усе выгоды — у доме, маецца ванна і пральная машынка. Нават аўтобусны прыпынак насупраць дома. Адзінае, што бянтэжыла, як ні дзіўна, — шум.

— Паколькі наш дом знаходзіцца побач з трасай, я, напэўна, паўгода не магла прызвычаіцца, што і днём, і ўначы побач едуць машыны. Ну і да каровы не прывыкла дагэтуль. Мне яна даверу не ўнушае. Хоць мы і бычкоў вырошчваем, і роды ў свінкі прымалі, — усміхаецца гаспадыня.

Зрэшты, навучыцца даіць карову Іне ўсё ж такі давялося. Перад апошнім этапам «Уладара сяла», дзе арганізатары маглі зладзіць конкурс па даенні, яна брала ўрокі ў жанчыны, у якой сям'я набывае малако. Праўда, навык так і не спатрэбіўся.

«Суседзі вырашылі, што мы звар'яцелі»

Удзельнічаць у конкурсе Хацкевічам прапанавалі ў ліпені. Але падрыхтоўка была няпростай. Напрыклад, толькі здымкі пяціхвіліннага роліка, каб прадставіць сям'ю, занялі пяць гадзін:

— Калі нам паведамілі, што галоўны прыз — трактар, Коля пагадзіўся і сказаў: мы едзем па трактар, — успамінае Іна. — Патрабаваўся відэаролік пра сям'ю, фотаматэрыялы з сельскім каларытам. Нашы суседзі тады вырашылі, што мы зусім звар'яцелі: ідзём у хлеў — фатаграфуемся.

Да рэспубліканскага этапу, дзе, уласна, і разыгрываўся трактар, маладой сям'і давялося прайсці раённы і абласны этапы, абышоўшы па выніках больш за два дзясяткі іншых сем'яў. Гаспадыня, паводле яе прызнання, хвалявалася за ўсе: за тое, каб выспаліся дзеці, каб не падвяло надвор'е, каб муж не забыў словы. А вось самым цяжкім выпрабаваннем для Мікалая стаў выхад на сцэну. Прычым ужо на раённым этапе.

— Мяне выступленні не палохалі, а вось муж быў сам не свой, — смяецца Іна. — Ён дагэтуль ніколі не выходзіў на сцэну. Я даю яму дзяцей і кажу: я іду першая, ты з дзецьмі — за мной. Там пражэктар свеціць у вочы, усё роўна нічога не бачна. Як я перажывала, што ён не скажа свае словы! Затое «на рэспубліцы» глядзела і не пазнавала: няўжо гэта мой муж?! Яго там так панесла: і камплімент мне зробіць, і руку пацалуе.

Зрэшты, прадэманстраваць журы варта было не толькі творчыя ўменні. Адзін з конкурсаў на рэспубліканскім этапе — пабудаваць падворак. Да яго сям'я Хацкевічаў рыхтавалася дома загадзя. На гэта пайшлі 10 кубоў лесу і тыдзень працы. Гатовы падворак потым перавезлі ў Слуцк, дзе яго заставалася толькі сабраць.

— Ва ўсіх былі больш простыя варыянты, напрыклад палатка. А ў нас сапраўдная палова сялянскага дома — з бярвення, з акном, дахам, на даху — конь, ахоўнік дома, — расказвае жанчына. — У Слуцку збіраць пачалі яшчэ з вечара, Мікалаю дапамаглі бацька і мой брат. А я, мая свякроў і мама, а таксама цёткі дапамагалі накрываць на стол: нарыхтоўкі, пірагі, гусака — усё гатавалі дома і везлі з сабой.

Падтрымаць сям'ю ў фінале ў Слуцк прыехала 20 чалавек — сваякі і сябры. Астатнія 30 месцаў у аўтобусе займалі стравы, на падлозе размяшчаўся разабраны падворак. Яго, дарэчы, Хацкевічы пакінулі ў падарунак арганізатарам, сабе на памяць забралі толькі драўлянага каня.

Найлепшы час сям'я прадэманстравала амаль ва ўсіх конкурсах:

— Калі завяршылася прэзентацыя падворка, мы цалкам разняволіліся. Быў конкурс, дзе трэба было лавіць курэй. Кожная з дзвюх удзельніц павінна злавіць па пяць штук. А нам выпусцілі чамусьці не 10, а 11. І пакуль мая саперніца злавіла трох курыц, у мяне было ўжо шэсць, — успамінае Іна.

А з лаўкай, якую трэба было на хуткасць змайстраваць з 6-метровай дошкі з дапамогай цвікоў, малатка і нажоўкі, Хацкевічы ўвогуле справіліся ў рэкордны тэрмін. Прычым яна мусіла быць са спінкай, а заданне лічылася выкананым, калі на лаўцы размесціцца ўся сям'я.

— За тыдзень мы ведалі, што будзе такі конкурс. Іна казала: давай патрэніруемся, — успамінае Мікалай. — Я ж вырашыў не пераводзіць марна дошкі. Па дарозе ў Слуцк прыкінуў, як гэта можна хутка зрабіць.

У выніку большасць удзельнікаў справілася з заданнем за 12 хвілін, а Хацкевічы — у тры разы хутчэй!

Наступствы аднаго з апошніх конкурсаў, нягледзячы на яго немудрагелістасць, нагадвалі пра сябе гаспадару ўсе апошнія месяцы — Мікалай атрымаў сур'ёзны апёк. Сям'я гатавала «дранікі на калодзе» — таксама на хуткасць.

— У канцы варта было прыбраць патэльню з калоды. А ў мітусні знікла наша аднімка, — успамінае гаспадар. — Я ўхапіў патэльню рукой. Кіпячы алей выліўся мне на другую руку... Прыйшлося выклікаць хуткую. Тым часам пачалося ўзнагароджанне. Я сяджу ў машыне хуткай дапамогі і праз акно бачу, што Іна з дзецьмі пайшла на сцэну. А ўрачы не ведаюць, што рабіць з маім апёкам: настойваюць на шпіталізацыі, маўляў, у цябе рука да локця ў пухірах. А я спрачаюся і прашу абязболіць. Нарэшце яны пагадзіліся, і калі лекі падзейнічалі, адчуў, што адключаюся. У прытомнасць прыводзілі нашатыром, з ім у выніку і стаяў на сцэне.

— Я бачыла, што муж дрэнна сябе адчувае, але віду стараецца не паказваць, вельмі баялася, каб ён не ўпаў. Яшчэ і малодшы сын пачаў засынаць на сцэне, я не ведала, каго з іх мне трымаць, — успамінае Іна. — І тут аб'яўляюць: пераможцы конкурсу — сям'я Хацкевічаў...

З удачай па жыцці

У падарунак яны атрымалі мотакультыватар і грашовы сертыфікат на 1960 рублёў. Іна і Мікалай прызнаюцца, што і яны ўклалі ва ўдзел у гэтым праекце шмат намаганняў, часу і сродкаў. І на пытанне, ці паўтарылі б, калі б ведалі, праз што давядзецца прайсці, адказваюць: не ўпэўнены.

— Мы гэта ўспамінаем, як сямейную прыгоду. У нас ёсць вялікая праблема — мы не ўмеем адпачываць, — кажа Іна. Мікалай дадае: — Увесь час працуем, зарабляем, нешта набываем — і зноў працуем. Атрымліваецца замкнёнае кола. Гэта быў своеасаблівы забаўляльны тур па Беларусі. Мы пабывалі ў Шаркаўшчыне (на абласным этапе. — Аўт.), Слуцку, пасля конкурсу двойчы ездзілі ў Мінск. Нам зладзілі экскурсіі па Палацы Незалежнасці, Палацы Рэспублікі, Нацыянальным мастацкім музеі.

— Мікалай сядзіць у тэатры і кажа: «У мяне дома столькі работы, а я тут!» — усміхаецца Іна, даючы зразумець, што адпачываць ім яшчэ вучыцца і вучыцца.

Гэта і не дзіўна, бо адпачываць у вёсцы не даводзіцца нават у лістападзе, калі скончыліся работы на зямлі. Муж і жонка ўстаюць а палове шостай, а заканчваецца іх дзень часам за поўнач.

— Устаю, дапамагаю сынам сабрацца ў садок, потым кормім жывёлу, муж адвозіць дзяцей, а я еду на работу. Днём мы абодва занятыя. Увечары трэба зноў пакарміць жывёлу. Сыны просяць пагуляць з імі ці вершык трэба вывучыць, а яшчэ — мыць, прыбіраць, гатаваць... І толькі ў выхадныя думаеш: сёння я рана лягу спаць. Праўда, гэта ўсё роўна рэдка атрымліваецца, — з усмешкай кажа Іна.

Чым заняць сябе на вёсцы, калі вольны час усё ж з'яўляецца? Ды хоць бы спяваць. Хоць раней Іна не займалася спевамі, у Вяжышчы яе запрасілі ў мясцовы калектыў «Рэха». Удзельніцы хору спяваюць для сябе, а таксама наведваюцца з канцэртамі ў суседнія вёскі і раённы цэнтр — Бешанковічы. Спяваюць у калектыве і сыны Іны. А таксама вывучаюць азы ігры на гармоніку разам з педагогам.

— Я даўно казаў Іне, што яна прыцягвае ўдачу, — усміхаецца Мікалай. — Адразу пасля перамогі ва «Уладары сяла» яна выйграла ў адным з конкурсаў 40 літраў паліва. І на рабоце (Іна працуе кухарам. — Аўт.) — толькі яна выйшла з дэкрэтнага адпачынку, наведвальнікаў адразу стала ўдвая больш.

Іна не спрачаецца і дадае, што знаёмыя ёй раяць... пагуляць у «Суперлато». Хоць здаецца, галоўны шчаслівы білет у сваім жыцці яна ўжо выцягнула: сваіх любімых мужчын — сыноў Аляксея і Аляксандра і мужа Мікалая.

Алена КРАВЕЦ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Бешанковіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

Клопат аб людзях паважнага ўзросту набывае ў нашым грамадстве асаблівае значэнне.

Грамадства

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта ад 18 студзеня 2019 года № 27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый». 

Грамадства

Куда ехать за впечатлениями? Рассказывают представители туриндустрии

Куда ехать за впечатлениями? Рассказывают представители туриндустрии

Ко ІІ Европейским играм готовятся не только спортсмены, но и туркомпании.