Вы тут

«Звязда» адкрывае «Жаночыя тайны»


Жыццё не мёду піццё: яно (не мне вам казаць) падкідвае безліч пытанняў. А вось адказаў...


Ну вось чаму, напрыклад, жанчыны кахаюць адных, а замуж выходзяць за іншых? Чаму баяцца часам нараджаць дзяцей? Чаму нараджаюць, але, што часта здараецца, гадуюць без бацькі (ва ўсякім разе, без роднага)? Чаму ў сорак і, можна сказаць, нарэшце сустрэўшы свайго чалавека, замест нумара тэлефона ды адраса пакідаюць яму кароткае слова «ўдачы!», а потым самі шукаюць сустрэч? Чаму здраджваюць, пакутуюць і «раствараюцца ў каханых, як цукар у шклянцы кіпню», каб пасля...

Джэк Лондан пісаў, што ў жаночай логіцы ёсць нешта забойнае для здаровага розуму.

І тым не менш вывучаць гэту логіку ўсё роўна трэба і нават хочацца, балазе «падручнікаў» больш чым дастаткова.

У якасці новага можа паслужыць, напрыклад, зборнік навел «Дзень нараджэння» звяздоўкі Наталлі Уладзіміравай (яна ж Карпенка), якім выдавецкі дом «Звязда» распачаў серыю «Жаночыя тайны».

Іх, гэтых самых тайн, у першай кніжачцы, на жаль, не так ужо і шмат, аднак кожная з іх вартая ўвагі ды роздуму, кожная па-свойму павучальная і пазнавальная, бо ўсе яны ўзятыя з жыцця — сучаснага, гарадскога і вясковага, такога, як ёсць...

Напэўна, таму з гераінямі ды героямі зборніка можа зусім незаўважна праляцець доўгі восеньскі вечар, куды бліжэйшай падацца дарога ў маршрутцы, карацейшай і, можа, нават прыемнай — чарга ў паліклініцы.

Кніжка, што зручна, не зойме шмат месца ў жаночай сумачцы ці ў кішэні мужчынскага пінжака. І пры гэтым не згубіцца на кніжнай паліцы, бо праз нейкі час яе (напісаную, дарэчы, добрай беларускай мовай і без маралізатарства) захочацца прачытаць яшчэ раз. Альбо з гэтай жа серыі купіць сабе новых...

Выпуск іх, новых «жаночых тайнаў», як растлумачылі ў выдавецтве, цалкам магчымы, але (нічога не зробіш — рынак!) у тым выпадку, калі будзе попыт на першыя.

За ўсе кнігарні, вядома ж, не скажу. У найбліжэйшай ад дома «Дзень нараджэння», па словах гандляроў, прадаецца добра. Пытайцеся!

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?