Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Закуска з селядца

Спатрэбіцца: 10 бульбін, 1 цыбуліна, 2 селядцы, 100 мл алею, 1 ст. л. гарчыцы, 1 лімон, зяленіва, зерне граната, 2 лаўровыя лісты, соль на смак.

Бульбу адварыць у мундзіры. Дадаць у ваду соль і лаўровы ліст.

Вычышчанае філе селядца нарэзаць кубікамі. Дробна нарэзаць цыбулю і дадаць да селядца. Для запраўкі разрэзаць лімон напалам, з адной палавіны выціснуць сок. Старанна змяшаць яго з алеем і гарчыцай. Запраўкай паліць селядзец.

Астылую бульбу ачысціць ад лупіны. Зрэзаць верхавіну і дастаць большую частку сярэдзіны чайнай лыжачкай.

Бульба падрыхтавана, засталося нафаршыраваць яе начынкай, раскласці на талерцы і ўпрыгожыць зелянівам і зярнятамі граната.


Гарбузовы пірог з апельсінавым водарам

Спатрэбіцца. Для цеста: пшанічная мука — 300 г, цукар — 150 г, соль — 0,5 ч. л., масла (замарожанае) — 200 г, ванілін — 1 г, воцат —
1 ч. л., яечныя жаўткі — 2 шт., сода — 0,5 ч. л.
Для начынкі: гарбуз — 500 г, цукар — 50 г, цэдра апельсіна — 1 ст. л., сок апельсіна — 2 ст. л.

У прасеяную муку дадаць соль, цукар, ванілін, соду (пагасіць воцатам), змяшаць.

У муку надзерці на буйной тарцы халоднае масла, пастаянна абвальваючы яго ў муцэ, каб не прыставала да рук. Перацерці муку з маслам да ўтварэння крупкі.

Дадаць жаўткі і зноў перацерці ўсю масу.

Форму для выпякання пірага прамазаць маслам, высыпаць туды 2/3 мучной масы і злёгку ўтрамбаваць яе. Цеста паставіць на гадзіну ў халадзільнік (і тое, што засталося, таксама).

Гатуем начынку. Гарбуз чысцім і надзіраем на дробнай тарцы, дадаём цэдру апельсіна, цукар і апельсінавы сок, змешваем.

Начынку выкладваем на цеста ў форму, раўняем і зверху насыпаем рэшткі цеста.

Ставім пірог у разагрэтую да 170—180 градусаў духоўку на 30—40 хвілін. Гатоваму пірагу даём астыць і дастаём з формы.


Як змагацца з кухоннай моллю?

Перш за ўсё трэба вывучыць змесціва ўсіх ёмістасцяў (аж да пакетаў), у якіх захоўваецца так званая бакалея. Пасля гэтага застаецца зрабіць выбар: усе сапсаваныя прадукты выкінуць так, каб шкоднік «не збег» па дарозе, або знішчыць моль праграваннем (напрыклад, у ЗВЧ), або адправіць прадукты на некаторы час у маразільнік.

Шафкі трэба працерці воцатам, не пакінуўшы без увагі нават самую вузенькую шчыліну. Затым адчыніць дзверцы, каб усё добра выветрыць. Свежага паветра моль не любіць. Займацца такой санапрацоўкай давядзецца не адзін дзень.

Ёсць і іншы варыянт. Гэта пасткі, прызначаныя для харчовай молі. Адпужваюць моль пах часнаку, некаторых спецый (духмяны перац, гваздзіка, лаўровы ліст і інш.). Традыцыйнымі сродкамі барацьбы з моллю можна лічыць апельсінавыя (трохі слабейшыя лімонныя) скарынкі, ігліцу і газеты са свежай друкарскай фарбай.

У кухні (і ў пакоях) карысна трымаць духмяную пеларгонію і плектрантус. Менавіта гэта расліна з моцным пахам расцёртага лісця мае народную назву «Мольнае дрэва».

А самае галоўнае, трэба абавязкова купляць толькі свежыя прадукты і не трымаць іх доўгі час у цёплым памяшканні. Калі набываеце прадукты для працяглага захоўвання, то абавязкова змяшчайце іх у холад.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».