Вы тут

Як размовы з псіхолагам дапамагаюць нарадзіцца сотням маленькіх беларусаў


Абавязковае перадабортнае псіхалагічнае кансультаванне ў краіне ўвялі ў 2015-м, але толькі ў мінулым годзе пры жаночых кансультацыях пачалі адкрывацца спецыяльныя кабінеты «За жыццё». Што адбываецца за іх дзвярыма, расказала псіхолаг-валанцёр МГДА «Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля»» Таццяна Баршчэўская.


Выпадковых цяжарнасцяў не бывае

На маёй далоні ляжыць штучны эмбрыён. Цельца мяккае і зусім маленькае — сантыметраў пяць-шэсць, не больш. Ён настолькі натуралістычна зроблены, што здаецца: вось-вось расплюшчыць вочкі і заварушыцца. Такія на кансультацыях паказваюць жанчынам, якія ўпэўнены, што ў іх унутры «маленькая гарошына, якая нічога не адчувае».

— Мы не адгаворваем ад аборту. У гэтым проста няма сэнсу. Калі жанчына цвёрда вырашыла: «Зраблю!» — яна зробіць, і ніякія кансультацыі для яе перашкодай не стануць. Наша задача — даць інфармацыю і падвесці пацыентку да пэўных разважанняў пра сваю будучыню, — кажа Таццяна.

Не дарма пасля размовы з псіхолагам даецца тры дні на тое, каб пабыць сам-насам са сваімі думкамі. Большасць жанчын да канца не разумеюць, што такое аборт і якія наступствы ён можа мець.

— Часта даводзіцца чуць пра «выпадковую цяжарнасць». Але, давайце па шчырасці: выпадковых цяжарнасцяў не можа быць у прынцыпе. Калі ты знаходзішся ў дзетародным узросце і вядзеш палавое жыццё, то ў любы момант можа адбыцца зачацце. Ісціна старая, як белы свет.

На кансультацыях жанчыны ўзростам крыху за трыццаць робяць «прызнанні старшакласніц»: «Не разумею, як гэта магло здарыцца. Мы ж карысталіся прэзерватывам». І гэта ў ХХІ стагоддзі! Калі кожны падлетак ведае, што прэзерватыў (як і іншыя метады кантрацэпцыі) не дае стапрацэнтнай абароны. Па статыстыцы ў 12 выпадках са 100 пры выкарыстанні прэзерватыва здараецца цяжарнасць.

Што самае складанае ў працы псіхолага, які праводзіць перадабортныя кансультацыі? На гэтае пытанне Таццяна ні на імгненне не задумваючыся адказвае: «Заахвоціць жанчыну да размовы».

— У кабінет прыходзяць жанчыны з каменным выразам твару і заяўляюць: «Усё ведаю і разумею. Падпішыце даведку, і я пайду». Быццам дзвярыма памыліліся ці, увогуле, іх гэта не датычыцца. Яны баяцца нават размаўляць пра тое, што з імі адбываецца. Але няведанне не вызваляе ад адказнасці. Перш за ўсё за ўласнае жыццё. Таму так важна ў размове даць магчымасць паглядзець на сябе збоку.

Існуе стэрэатып, што на аборты ў асноўным ідуць маладзенькія дзяўчаты. Насамрэч самая частая наведвальніца гэтага кабінета — жанчына 30—35 гадоў, у якой ужо ёсць дзеці. Хоць, канешне, трапляюць сюды і непаўналетнія, і студэнткі, і матулі-адзіночкі, і тыя, каму за 45.

Праблема не ў грашах, а ў галаве

Летась у краіне нарадзілася 102 тысячы дзяцей. Магло б нарадзіцца на 25 тысяч больш, калі б не аборты. Якія прычыны прымусілі жанчын пайсці на гэты крок?

«У мяне няма грошай на дзіця». Калі разважаць аб'ектыўна, то ў наш час гэта не прычына, каб адмовіцца ад нараджэння дзіцяці. Ёсць фінансавая падтрымка ад дзяржавы. Існуюць спецыяльныя фонды, якія гатовы забяспечыць рэчамі першай неабходнасці, прадуктамі.
У адказ на гэтыя аргументы чую: «Хачу, каб мой сын/дачка ні ў чым не меў патрэбы». Але справа ў тым, што дарагія цацкі, адзенне, прыватныя садкі патрэбны не дзецям, а бацькам, для таго каб самаўпэўніцца і даказаць іншым: у нашых дзяцей было ўсё. Але гэтае «ўсё» часта не ўключае ў сябе самага галоўнага — любові і ўвагі. Калі яны будуць, то дзецям усё адно, колькі каштуе іх адзенне і ў якой кватэры яны жывуць.

«Я не гатовая» ці «Хачу пажыць для сябе». Жыццё — рэч непрадказальная. У момант, калі мы будзем гатовыя да нараджэння, у нас можа не атрымацца. Звычайная сёння справа — нават абсалютна здаровыя не могуць нарадзіць. Што казаць пра тых, хто прайшоў праз аборт і тым панізіў свае шанцы на мацярынства?

Цікава, што з такімі фармулёўкамі прыходзяць не толькі маладзенькія дзяўчаты, але і жанчыны, якія ўжо маюць адно-два дзіцяці.

«Я не планавала цяжарнасць». У наш час, калі жанчыны сталі надзвычай дзелавымі і занятымі, цяжарнасць для некаторых ледзь не канец свету. Яна не ўпісваецца ў цякучае жыццё і выбівае з зоны камфорту. Таму ад «гэтай праблемы» імкнуцца як мага хутчэй пазбавіцца, забываючыся пра тое, што традыцыйна галоўнае прызначэнне жанчыны — быць матуляй.

«Я не жыву разам з хлопцам» ці «Мы з мужам збіраемся разысціся». Боязь застацца адной з дзіцем на руках натуральная. Але ніхто не задумваецца над тым, што нараджэнне гэтага дзіцяці можа перамяніць жыццё ў лепшы бок. Ці нават зберагчы адносіны, даць новы імпульс для развіцця.

Аднак сустракаюцца і зусім нечаканыя прычыны для абортаў. Жанчыны, якія маюць негатыўны вопыт першых родаў, баяцца нараджаць другі раз. Асабліва гэта датычыцца тых, хто зацяжарыў у сталым узросце. На жаль, многія сутыкаюцца з нетактоўнымі паводзінамі медыцынскага персаналу. Гінеколагі і медсёстры часам не ўпускаюць магчымасці проста ў твар сказаць жанчыне, што яна «для родаў стараватая» і «дзіця хутчэй за ўсё народзіцца нездаровым». Безумоўна, такія суб'ектыўныя выказванні і прагнозы — недапушчальныя. Рэпрадуктыўны ўзрост закладзены прыродай. І калі ты ў 45 адчуваеш, што хочаш і можаш нарадзіць, ніхто не ў праве цябе асуджаць.

— Як працуеце з жанчынамі, якія зацяжарылі ў выніку гвалту?

— Гэта асаблівы выпадак, які патрабуе не адной планавай кансультацыі, а цэлага цыклу. Вядома, з гэтымі пацыенткамі размова вядзецца зусім не такая, як з астатнімі. Але яшчэ раз падкрэслю: у нас няма мэты схіліць жанчыну да таго, каб яна адмовілася ад аборту. Нараджаць ці не — асабістая справа кожнай.

Адно з абавязковых пытанняў на кансультацыях датычыцца таго, як жанчына прыняла рашэнне перарваць цяжарнасць — сама, з мужам ці сваімі бацькамі, сяброўкамі. Нярэдка высвятляецца, што некаторых маладых дзяўчат да аборту схіляюць уласныя матулі і бабулі.

— Здзіўляе і пазіцыя большасці мужчын. Яны абыякавыя да таго кроку, на які ідуць іх жонкі і дзяўчаты. Маўляў, прымай рашэнне сама, табе ж нараджаць або не нараджаць і пасля з гэтым жыць. Чаму так? Відавочна, баяцца адказнасці. І, канешне, не да канца разумеюць і не хочуць разумець, што такое аборт і які шлейф праблем за ім цягнецца.

Не сакрэт, што з наступленнем цяжарнасці ў арганізме жанчыны адбываецца гарманальная перабудова. Аборт парушае натуральныя працэсы, выклікае стрэс. Усё гэта адбіваецца на здароўі. Калі не адразу, то ў далейшым. Французскія навукоўцы нават правялі даследаванне і прыйшлі да высновы, што рак малочнай залозы ў сталым узросце — гэта наступствы аборту ў маладосці.

Назад не вернеш

Працэнт жанчын, якія перадумваюць рабіць аборт пасля кансультацый, пакуль што дакладна вызначыць немагчыма.

— Абапіраючыся на ўласны досвед, скажу: дзве-тры з дзесяці цяжарных вырашаюць пакінуць дзіця. Гэта не можа не радаваць, бо гаворка ідзе пра жыццё чалавека, — кажа Таццяна. — Словамі не перадаць тыя эмоцыі, якія ўзнікаюць, калі да нас прыходзяць матулі са сваімі дзеткамі. Здаецца, зусім нядаўна мы на кансультацыях разбіраліся, чаму «не». А сёння яна дзякуе табе за тое, што перадумала і сказала «так» свайму будучаму дзіцяці.

Але што адбываецца з тымі, хто давёў задуманае да канца? Таццяна лічыць, што псіхалагічная кансультацыя неабходна жанчынам не толькі перад абортам, але і пасля. Праўда, для гэтага патрэбныя спецыялісты з адпаведнай адукацыяй. Універсітэцкіх ведаў для таго, каб працаваць з жанчынамі ў такіх крызісных сітуацыях, недастаткова. Трэба абавязкова праходзіць перападрыхтоўку і наведваць спецыялізаваныя курсы. Пакуль беларускія псіхолагі толькі вучацца працаваць у гэтым кірунку.

— Разуменне ўсёй сур'ёзнасці ўчынку прыходзіць не адразу. Постабортны сіндром — рэальная псіхалагічная траўма, якая можа зламаць жыццё не толькі аднаму чалавеку, але і ўсёй сям'і. Жанчына пачынае вінаваціць мужа, які яе не адгаварыў. Калі ў далейшым аборт прывядзе да бясплоднасці, то і мужчына можа папракнуць: сама ва ўсім вінаватая. І нават калі жанчына зрабіла аборт употай ад блізкіх, лягчэй ёй не будзе. Рашэнне прымаецца хутка, а думкі аб ім застаюцца на ўсё жыццё. Таму жадаю ўсім прымаць толькі рашэнні, аб якіх не давядзецца шкадаваць!

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.