Вы тут

Як праходзіць Год малой радзімы ў Брэсцкай вобласці?


Таццяна ГАГАКАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама:


— Мы жывём і працуем на сваёй зямлі, шмат робім на яе карысць штодзённа. Але Год малой радзімы і наступныя два гады пад гэтым знакам становяцца нагодай сканцэнтраваць увагу на многіх канкрэтных аспектах, з любоўю паглядзець на асобныя гарады, вёскі, мястэчкі, а таксама звярнуцца да сваіх каранёў, гісторыі роднага краю, успомніць знакамітых землякоў.

Многаму з пералічанага паспрыяла падрыхтоўка да Дня пісьменства ў Іванаве. Мясцовасць наогул багатая на імёны, гістарычныя постаці, знакавыя фігуры. Гэта малая радзіма Напалеона Орды, калыска роду Дастаеўскіх, месца нараджэння цэлай плеяды творчых асоб. Яшчэ раз упэўніліся ў гэтым, калі рыхтавалі да свята зборнік «Людзі Янаўскага краю», а таксама праводзілі канферэнцыі і літаратурныя чытанні па творчай спадчыне знакамітых землякоў.

Асабіста для мяне выраз «малая радзіма» цяпер асацыюецца з невялікімі, але дагледжанымі вёскамі і пасёлкамі. Такіх у нас большасць. Літаральна нядаўна давялося працаваць з членамі дэлегацыі Іркуцкай вобласці. Госці ў адзін голас адзначалі нашы чысціню і парадак. Апошняе, як вядома, даецца карпатлівай працай, вялікімі намаганнямі суайчыннікаў. За гэты год у нашай вобласці пасаджана больш за 19 тысяч дрэў, закладзены парк 1000-годдзя ў абласным цэнтры. Узяты курс на добраўпарадкаванне малых гарадоў. Сёлета да абласных дажынак прывялі ў парадак Высокае, на чарзе — Ружаны, якія папрыгажэюць налета.

Вельмі прыемна, што сёлета на кадастравую карту краіны нанесены 68 крыніц Брэстчыны. Спакон веку наш народ абагаўляў крыніцы з чыстай гаючай вадой. А крыніцай духоўнасці заўсёды служылі народная культура, традыцыі, спадчына. У вобласці зараз налічваецца больш за 2,5 тысячы помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры. У гэтым годзе ўстаноўлены помнік Тадэвушу Касцюшку на яго радзіме ў Мерачоўшчыне. Побач працягваецца рэстаўрацыя Косаўскага палаца Пуслоўскіх. Вядзецца далейшая распрацоўка аднаўлення палацавага комплексу Сапегаў у Ружанах. Ідуць рамонтна-аднаўленчыя работы сядзібнага дома Рэйтанаў у Грушаўцы Ляхавіцкага раёна. Варта згадаць і работу па захаванні нематэрыяльных каштоўнасцяў, напрыклад фэст «Журавінавы край» на Століншчыне, які атрымаў статус міжнароднага, а таксама адраджэнне традыцыі роспісу па шкле на Пружаншчыне.

Хочацца адзначыць удзел моладзі ў мерапрыемствах і кампаніях Года малой радзімы. Сёлета ў Брэсце скончана адзіная ў краіне маладзёжная будоўля і ўрачыста адкрыты Маладзёжны патрыятычны цэнтр на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Моладзь актыўна ўдзельнічае ва ўзвядзенні знакавых для Брэста аб'ектаў, такіх як «Заходні абход», Брэсцкі аўтавакзал. З іх увядзеннем у эксплуатацыю малая радзіма трохсот тысяч брастаўчан стане яшчэ больш прывабнай і сучаснай.

А на імідж нашай малой радзімы працуюць, несумненна, важныя мерапрыемствы міждзяржаўнага і міжнароднага ўзроўняў, якія нярэдка ў нас адбываюцца. Не так даўно прайшла парламенцкая сесія Саюзнай дзяржавы, на чарзе — пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Сюды ж можна аднесці вядомыя культурныя, спартыўныя падзеі. Так, фестывалі «Белая вежа» і «Студзеньскія музычныя вечары» збіраюць штогод дзеячаў мастацтва з дзясяткаў краін.

Цікавых, памятных мерапрыемстваў, якія прайшлі сёлета на малой радзіме знакамітых землякоў, было нямала. Напрыклад, змястоўнай атрымалася імпрэза, прысвечаная 220-й гадавіне з дня нараджэння Адама Міцкевіча ў Баранавіцкім раёне. А прыкладам стаўлення да роднай мясціны можна назваць работу ўраджэнцаў вёскі Зарэчча Пружанскага раёна. Яны добраўпарадкавалі сквер у вёсцы, паставілі памятны знак, стойкі з партрэтамі 27 абаронцаў Айчыны, якія не вярнуліся з вайны. На ўрачыстасць з нагоды адкрыцця мемарыяльнага сквера прыехалі людзі з розных гарадоў і краін. Гэта стала не толькі днём ушанавання памяці, а святам яднання землякоў, святам любові і ўдзячнасці да сваёй мясціны, месца, дзе распраўляюцца і дужэюць крылы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дзе распраўляюцца крылы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».