Вы тут

Як будзе дзейнічаць на практыцы Дэкрэт №3: раскладваем па паліцах


Ужо заўтра, 1 снежня, запрацуе база не занятых у эканоміцы грамадзян. А з пачатку наступнага года тыя, хто трапіў у яе, будуць аплачваць асобныя камунальныя паслугі па стапрацэнтным тарыфе. Каго закрануць гэтыя змены і наколькі «пацяжэюць» жыроўкі — падрабязна тлумачым усе новаўвядзенні, звязаныя з Дэкрэтам № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва».


Хто лічыцца занятым у эканоміцы?

Тыя, хто працуе па кантракце ці дагаворы падраду, заняты на дзяржаўных пасадах, знаходзіцца ў вытворчым кааператыве ці фермерскай гаспадарцы. Сюды ж адносяцца прадпрымальнікі і фізічныя асобы, што працуюць без рэгістрацыі ІП і сплачваюць адзіны падатак, рамеснікі, адвакаты, натарыусы. Калі вы аказваеце паслугі ў сферы аграэкатурызму ці з'яўляецеся творчым работнікам (статус пацвярджаецца членствам у творчым саюзе або прафесійным сертыфікатам), то таксама лічыцеся занятымі ў эканоміцы.

У гэту катэгорыю ўключаюць вайскоўцаў, работнікаў ваенізаваных арганізацый, якія маюць спецыяльныя званні, рэзервістаў і ваеннаабавязаных падчас праходжання збораў, грамадзян, якія знаходзяцца на альтэрнатыўнай службе. А таксама служыцеляў царквы, членаў манаскай супольнасці і навучэнцаў духоўных семінарый.

Занятымі з'яўляюцца і грамадзяне, якія маюць ва ўласнасці зямельны ўчастак для вядзення падсобнай гаспадаркі (ці агародніцтва, традыцыйных народных промыслаў, іншых мэт) і вырошчваюць там прадукцыю раслінаводства (акрамя кветак, дэкаратыўных раслін, іх насення і расады) ці разводзяць жывёл. Але гэта правіла не датычыцца тых, у каго надзел у сталіцы і абласных цэнтрах.

Спартсмены, уключаныя ў спісачныя саставы нацыянальных і зборных камандаў Беларусі, навучэнцы спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ падпадаюць пад катэгорыю занятых у эканоміцы. Роўна як і жыхары краіны, якія атрымліваюць адукацыю ў дзённай форме ці дома (выключэнне — дадатковыя курсы і трэнінгі).

Не ўзнікне пытанняў да тых, хто выхоўвае дзяцей да сямі гадоў, дзяцей з інваліднасцю да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх. Калі вы афіцыйна зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага або праходзіце перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі па накіраванні органаў па працы, то таксама лічыцеся занятымі.

Каго яшчэ не будуць уносіць у базу?

Ёсць шэраг выпадкаў, калі грамадзян, якія не працуюць, не будуць адносіць да ліку не занятых у эканоміцы. Напрыклад, на працягу квартала, пасля таго як работнік быў звольнены. Калі ж кантракт скасавалі з-за скарачэння штата, неадпаведнасці спецыяліста пасадзе, якую ён займаў, праз стан здароўя, заканчэння тэрміна дзеяння кантракта, то ў вас ёсць «адтэрміноўка» на паўгода.

Вайскоўцаў, работнікаў ваенізаваных арганізацый, з якімі былі перапынены ўказаныя адносіны, рэзервістаў і ваеннаабавязаных пасля праходжання збораў на працягу шасці месяцаў таксама не будуць заносіць у спіс незанятых. А тыя, хто адвучыўся на дзённым аддзяленні, дома або ў духоўнай семінарыі, атрымаюць «адтэрміноўку» да канца каляндарнага года, у якім яны выпусціліся з альма-матар.

У базу не трапяць і прызнаныя судом недзеяздольныя, грамадзяне з інваліднасцю, тыя, хто мае права на пенсію па страце карміцеля ў сувязі з няшчасным выпадкам на вытворчасці ці прафзахворваннем або сам атрымлівае страхавыя выплаты пасля траўмы на рабоце. А таксама жыхары краіны, якім налічваюць пенсіі і дзяржаўныя дапамогі (за выключэннем аднаразовых дапамог).

Незанятымі не лічацца алімпійскія чэмпіёны, якім выплачваюць дзяржаўную стыпендыю, тыя, хто здае ў арэнду памяшканні і машына-месцы (пры ўмове аплаты падаходнага падатку). Дэкрэт не закране сужэнцаў вайскоўцаў і маладых спецыялістаў, калі ў мясцовасці, дзе яны жывуць, няма магчымасці працаўладкавацца.

Сярод грамадзян, якіх не будуць уключаць у базу, таксама жанчыны, што знаходзяцца пад медыцынскім наглядам падчас цяжарнасці і родаў, гараджане і вяскоўцы, адпраўленыя на прымусовае лячэнне, у месцы пазбаўлення волі (ці пад хатні арышт), лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Дарэчы, калі вы працуеце або вучыцеся за мяжой, то таксама не будзеце аплачваць «камуналку» па стапрацэнтным тарыфе.

Як фарміруецца база даных?

Туды запісваецца наступная інфармацыя: імя, прозвішча, імя па бацьку незанятага грамадзяніна, яго дата нараджэння, пол, грамадзянства, звесткі аб рэгістрацыі па месцы жыхарства (знаходжання), від, серыя і нумар дакумента, які сведчыць асобу, ідэнтыфікацыйны нумар.

База фарміруецца кожныя паўгода і ўдакладняецца раз у квартал. Перадаваць інфармацыю для яе могуць дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі — пры дапамозе адмысловай электроннай паслугі. Цяпер таксама распрацоўваецца праграма, праз якую жыхары краіны змогуць даведацца, ці трапілі яны ў базу.

На месцах з незанятымі грамадзянамі працуюць пастаянныя камісіі. У іх склад увайшлі дэпутаты, спецыялісты выканкамаў, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прадпрыемстваў раёна. Пасяджэнні праводзяцца па неабходнасці, але не радзей за два разы на месяц. Камісіі паведамляюць людзям аб тым, што тыя трапілі ў спіс, дапамагаюць падбіраць вакансіі, займаюцца рэсацыялізацыяй асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. А грамадзян, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, могуць цалкам ці часткова пазбавіць ад аплаты паслуг па поўным тарыфе.

Што адносіцца да цяжкіх жыццёвых сітуацый?

Такія сітуацыі можна ўмоўна падзяліць на чатыры блокі. Першы — стан здароўя. Напрыклад, наяўнасць у чалавека захворвання, якое з'яўляецца паказаннем да ўстанаўлення інваліднасці, але яна з нейкіх прычын пакуль што не аформлена, працяглае аднаўленне пасля траўмы, праходжанне курса лячэння і рэабілітацыі ад нарказалежнасці.

Другі блок — неабходнасць догляду дзяцей, старэйшых за сем гадоў. Напрыклад, школьнік стаіць на дыспансерным уліку з хранічным захворваннем, навучаецца дома пасля хваробы. Трэці блок — неабходнасць пастаяннага ці часовага догляду дарослых непрацаздольных грамадзян. Чацвёрты — адсутнасць магчымасці працаўладкавання. Тут могуць быць такія аб'ектыўныя прычыны, як значная аддаленасць месца жыхарства ад органаў тэрытарыяльнай службы занятасці, нерэгулярная транспартная сувязь, адсутнасць вакансій па спецыяльнасці.

Да цяжкіх жыццёвых сітуацый адносяць і некаторыя іншыя выпадкі. Напрыклад, прычыненне шкоды здароўю, маёмасці ў выніку стыхійных бедстваў, пажараў, надзвычайных сітуацый. Прычынай, праз якую дазваляецца вызваліць ад поўнай аплаты паслуг, можа стаць пераезд на новае месца жыхарства ці страта сацыяльных сувязяў падчас адбывання пакарання, прымусовага лячэння, рэабілітацыі.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны падкрэсліваюць, што гэты пералік прыкладны, ён не закрыты. У камісіі застаецца права прымаць рашэнне па кожнай канкрэтнай сітуацыі.

Якія паслугі падаражэюць для ўтрыманцаў?

Не занятыя ў эканоміцы грамадзяне з 1 снежня 2019 года будуць аплачваць па стапрацэнтным тарыфе гарачую ваду, а з 1 кастрычніка наступнага года — газ (пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў) і ацяпленне. Цяпер насельніцтва кампенсуе каля 80 % затрат на электраэнергію і 20 % — на цеплавую.

Тут ёсць некалькі нюансаў. Па-першае — налічваць «камуналку» па поўнай будуць у тым выпадку, калі непрацуючы з'яўляецца ўласнікам, наймальнікам ці арандатарам жылога памяшкання, членам арганізацыі-забудоўшчыка, лізінгаатрымальнікам або заключыў дагавор долевага будаўніцтва. На беспрацоўнага, які жыве ў кватэры, дзе плацельшчыкам лічыцца іншы чалавек (яго маці, напрыклад), павышаныя тарыфы не распаўсюджваюцца.

Па-другое — аплачваць паслугі ў стапрацэнтным памеры незанятаму грамадзяніну давядзецца толькі за сябе. Для астатніх зарэгістраваных жыхароў кватэры нічога не зменіцца.

Міністэрства ЖКГ раней прыводзіла разлік таго, як можа вырасці «камуналка» для тых, хто трапіць у базу. Напрыклад, у двухпакаёвай кватэры плошчай 48 м2 на падагрэў вады было затрачана 0,6 Гкал, а на ацяпленне зрасходавана 1,2 Гкал. Калі ў ёй пражывае тры чалавекі і ўласнік — беспрацоўны, то аплата за гарачую ваду павялічыцца на 5—6 рублёў, а за абагрэў — на 15. Калі б незаняты ўласнік жыў у такой кватэры адзін, то кошт за ацяпленне вырас бы на 60 рублёў.

Дапусцім, гэтае ж памяшканне абсталявана газавым ацяпляльным прыборам. За месяц зрасходавана 150 м3 газу. Пры ўмове, што там зарэгістравана трое жыхароў і ўласнік сядзіць без работы, жыроўка «пацяжэе» прыкладна на 15—16 рублёў. Калі незаняты ўласнік жыве адзін, то газ для яго падаражэе на 40 рублёў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.