Вы тут

Гродзенская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў пашырае інтарэсы


З тых часоў, як у рэгіёне з'явілася асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, прайшло тры гады. Пра тое, што атрымалася зрабіць за гэты перыяд «МС» пацікавілася ў яе старшыні — Анатоля НІКІЦІНА.


Трэба сказаць, што ў дэпутацкім корпусе Гродзеншчыны фігура генерала Анатоля Нікіціна мае вагу перш за ўсё дзякуючы аўтарытэту і прафесійнаму досведу: Анатоль Аляксеевіч раней займаў пасаду старшыні гарадскога Савета дэпутатаў. Не пачатковец на ніве прадстаўнічай улады, а сапраўдны аксакал, які ў мясцовым самакіраванні пуд солі з'еў. З пытання аб тым, з чаго пачыналася гродзенская асацыяцыя, мы і пачалі нашу гутарку:

— У лістападзе 2015 года быў зацверджаны Статут Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, куды ўвайшлі абласны, гарадскі, 11 раённых і 38 сельскіх Саветаў. Па колькасным складзе — 425 дэпутатаў. Кіраўніцтва дзейнасцю асацыяцыі ажыццяўляе праўленне, членамі якога з'яўляюцца сем Саветаў дэпутатаў (абласны, гарадскі і пяць раённых).

— Анатоль Аляксеевіч, наколькі я разумею, стварэнне рэгіянальнай асацыяцыі — справа не аднаго дня?

— Так, на працягу двух месяцаў дэпутатамі Саветаў Гродзенскай вобласці абмяркоўваўся Статут асацыяцыі, уносіліся змены, дапаўненні, прапановы як на сесіях, пасяджэннях прэзідыумаў, так і ў індывідуальным парадку. Галоўным прадметам дзейнасці асацыяцыі з'яўляецца актыўнае садзейнічанне станаўленню і развіццю мясцовага самакіравання. Калі больш дэталёва, то мы працуем па розных напрамках: ад арганізацыі вучобы і абмену вопытам да міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы мясцовага кіравання і самакіравання.

— А вось тут хацелася б падрабязней...

— Што датычыцца першага напрамку работы — вучобы і абмену вопытам, — мы праводзім сумесныя пасяджэнні з прэзідыумам абласнога Савета дэпутатаў, семінары з выездам на месцы, а таксама па абмене вопытам з магілёўскімі калегамі на сумесным пасяджэнні з іх рэгіянальнай асацыяцыяй (сёння ў краіне асацыяцыі функцыянуюць толькі ў двух рэгіёнах. — Заўв. аўт.). Вучобу лічым вельмі важным складнікам сваёй працы, паколькі дэпутат — гэта звычайны чалавек, толькі больш актыўны. І ад таго, наколькі ён будзе больш дасведчаны ў тэме механізмаў вырашэння тых ці іншых пытанняў, залежыць выніковасць яго працы. Напрыклад, у 2016 годзе ў Навагрудку расказвалі аб магчымасцях удзелу органаў мясцовага самакіравання Гродзенскай вобласці ў праектах трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні», а таксама аб рабоце органаў тэрытарыяльнага самакіравання і мерах па далейшым павышэнні эфектыўнасці іх дзейнасці ў Гродне, а таксама мерах, якія прымаюцца мясцовымі ўладамі па павышэнні ўзроўню добраўпарадкаванасці аграгарадкоў і іншых перспектыўных для сацыяльна-эканамічнага развіцця населеных пунктаў да 2020 года.

У 2017-м разглядалі работу органаў мясцовага кіравання і самакіравання Шчучынскага раёна па ўключэнні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці і выкарыстоўваецца неэфектыўна, для далейшага развіцця падведамаснай тэрыторыі, а ў Слонімскім раёне — далейшую актывізацыю работы органаў мясцовага кіравання па стварэнні ўмоў для развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і павышэння інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёна. Сёлета акцэнтавалі ўвагу спецыялістаў раённых Саветаў дэпутатаў і ў Гродне на асаблівасцях афармлення дакументаў і дагавораў у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва.

Акрамя таго, асацыяцыя з'яўляецца акумулятарам вопыту і ведаў. Зараз, напрыклад, мы збіраем, вывучаем і аналізуем пытанні арганізацыі і ажыццяўлення мясцовага самакіравання, хутка будзе надрукаваны метадычны дапаможнік, які мы падрыхтавалі для старшыняў КТОСаў «Развіццё мясцовага самакіравання ў Гродзенскай вобласці», дзе сабралі ўсе дакументы, неабходныя ім для працы.

Другі напрамак дзейнасці датычыцца арганізацыі і правядзення конкурсаў. Штогод мы вызначаем найлепшага старасту вёскі і найлепшыя КТОС і сельскі Савет. Для гэтага распрацавалі граматы і ўручаем карысныя прызы. Напрыклад, летась у конкурсе ўдзельнічалі 38 сельсаветаў, 54 старасты, 22 КТОСы Гродзеншчыны — членаў асацыяцыі.

— Што маецца на ўвазе пад карыснымі прызамі, калі гэта не сакрэт?

— Мы пацікавіліся ў пераможцаў, што неабходна ім для працы: большасць наракала на недахоп сродкаў для пакосу травы — вырашылі падарыць газонакасілкі: для сельсавета гэта адна з самых патрэбных рэчаў.

— Добра, але не толькі ж вучобай і конкурсамі жыве асацыяцыя, чым займаецца акрамя гэтага?

— Яшчэ адным важным напрамкам дзейнасці з'яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва.

У 2016 годзе сумесна з прадстаўнікамі васьмі былых рэспублік Савецкага Саюза (Расіі, Украіны, Арменіі, Кыргызстана, Казахстана, Азербайджана, Літвы, Латвіі) быў закладзены ў Каложскім парку «Парк Дружбы народаў», а як працяг гэтай акцыі — у маі мінулага года тут жа пачаўся міжнародны праект «Бэз Перамогі» пры непасрэдным удзеле асацыяцыі дэпутатаў. У нас наладжаны дзелавыя сувязі з асацыяцыямі Расіі, Арменіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Грузіі, Італіі. Гэтым мы не абмяжоўваемся: сумесна з асветніцкім грамадскім аб'яднаннем «Фонд імя Льва Сапегі» вядзём актыўную работу па пошуку калег і партнёраў у краінах Еўропы. Дарэчы, Гродзенская абласная асацыяцыя зарэгістраваная ў сістэме PADOR Еўрапейскай камісіі для таго, каб мець магчымасць удзельнічаць у рэалізацыі трансгранічных праектаў.

— І ўжо ёсць канкрэтныя вынікі?

— Нават адмоўны — і той вынік. (Усміхаецца.) Сумесна з фондам Льва Сапегі былі распрацаваны дакументы па ўдзеле ў рэалізацыі праектаў на суму ў 200 тысяч еўра. Але мы атрымалі нізкія балы ад партнёраў і не прайшлі ў наступны этап конкурсу па прычыне непрызнання Беларуссю Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання. Праўда, першая няўдача не астудзіла наш запал, у наступным годзе мы працягнем прыкладаць намаганні па дасягненні пастаўленай перад сабой мэты.

У штаце Асацыяцыі ў якасці намесніка старшыні працуе дэпутат гарадскога Савета Сяргей Каляда, багаж удзелу якога ў праектах трансгранічнага супрацоўніцтва досыць вялікі, таму разлічваем на поспех. Зараз дзякуючы яго ўдзелу асацыяцыяй распрацавана пяць праектаў па трансгранічным супрацоўніцтве, якія ахопліваюць тэрыторыі ад невялікіх сельскіх Саветаў (што важна ў Год малой радзімы) да знакавых аб'ектаў, размешчаных на тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Акрамя таго, мы звяртаем увагу не толькі на заходніх донараў, але працуем і з усходнім партнёрам: цяпер у стадыі рашэння знаходзіцца праект аднаўлення помнікаў героям вайны 1812 года — генералам Ланскому (пахаванне ў Гродне) і Гамперу (у аграгарадку Дзярэчын Зэльвенскага раёна) сумесна з маскоўскай установай «Музей-панарама «Барадзінская бітва». Усе дакументы і інфармацыйныя матэрыялы разглядаюцца ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы ў дзяржсакратара Рыгора Рапоты, а таксама ў Музеі-панараме «Барадзінская бітва».

Калі гаварыць далей аб міжнародным складніку, то мы па даручэнні старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова зараз вывучаем вопыт працы нашых суседзяў — палякаў — па рэалізацыі ініцыятыў на мясцовым узроўні.

— Наколькі разумею, ініцыятыва асацыяцыі, якая датычыцца аднаўлення помнікаў, акрамя міжнароднага складніка з вашага боку мае дачыненне да апякунскай дзейнасці?

— Так, гэты кірунак працы (апякунская і гуманітарная дзейнасць. — Заўв. аўт.) таксама знаходзіцца ў полі зроку асацыяцыі: мы прымаем удзел у акцыях па аднаўленні помнікаў воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выдзяляючы на гэта сродкі з членскіх узносаў і спонсарскай дапамогі. Асацыяцыя непасрэдна ўдзельнічала ў аднаўленні Кургана Славы ў Гродне і стварэнні мяжы імя Дзмітрыя Карбышава не толькі матэрыяльна, але і, можна сказаць, фізічна. Акрамя таго, асацыяцыя ўзяла шэфства над такімі абласнымі ўстановамі, як кадэцкае вучылішча, Дом малюткі, цэнтр рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў.

На Каляды і навагоднія святы ўсім падшэфным арганізацыям уручаем патрэбныя ім падарункі: спортінвентар, аргтэхніку, цацкі, адзенне і прысмакі для дзяцей. Цяперашнія святы не стануць выключэннем: добрыя пачынанні павінны працягвацца і памнажацца.


Кацярына Зенкевіч, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Па змесце ўтвораныя асацыяцыі не павінны ператварацца ў фармальныя справаздачы тэрыторый. Наконт вырашэння пэўных праблем на месцах павінен выбудоўвацца дыялог: паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, мясцовымі Саветамі дэпутатаў і органамі тэрытарыяльнага самакіравання. Зразумела, ён павінен ісці праз прызму праваўжывальнай практыкі нацыянальнага заканадаўства і з улікам меркаванняў мясцовых органаў улады.

Асацыяцыі могуць узяць на сябе пытанні абагульнення прапаноў з месцаў па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы і адміністрацыйных працэдур, эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў і іншыя пытанні, якія непасрэдна ўплываюць на ўзровень і якасць жыцця людзей.

Праз асацыяцыі можа быць арганізавана публічнае абмеркаванне законапраектаў, што неаднаразова прапаноўваў кіраўнік дзяржавы. Асацыяцыі могуць стаць пляцоўкай для гутаркі з грамадствам, у тым ліку з усімі зацікаўленымі грамадскімі арганізацыямі і аб'яднаннямі.

Ігар Жук, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Дзеля чаго створана асацыяцыя? Перш за ўсё, дзеля аказання метадычнай дапамогі на месцах, як калегіяльны орган прадстаўнічай улады. Адзін з прыярытэтных кірункаў у рабоце — удзел у праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі, усталяванне кантактаў з міжнароднымі фондамі, асацыяцыямі, арганізацыямі на мясцовым узроўні. Наша задача — зрабіць камфортным жыццё людзей, дзе б яны ні жылі, а яшчэ актывізаваць іх да грамадскага ўдзелу і рэалізацыі ініцыятыў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў іх жыцця. А асацыяцыя, са свайго боку, змагла б маральна і матэрыяльна падтрымаць на законным узроўні.

Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў:

— На нарадзе ў Савеце Рэспублікі сярод іншых уважліва слухаў пра вопыт Магілёўскай і Гродзенскай абласцей па тэме дзейнасці асацыяцый мясцовых Саветаў. У мерапрыемстве, дарэчы, бралі ўдзел і прадстаўнікі Еўрапейскага саюза.

Тое, што пачуў, зацікавіла. Магчыма, з часам створым аналагічную асацыяцыю. Думаю, у выніку можна будзе больш эфектыўна вырашаць праблемы выбаршчыкаў, зрабіць яшчэ больш цесным узаемадзеянне з органамі выканаўчай улады.

І паралельна можна пераймаць перадавы вопыт мясцовага самакіравання.


А як у іх?

Сістэма мясцовага самакіравання ў замежных краінах звычайна грунтуецца на адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле. Пярвічнай ячэйкай мясцовага самакіравання выступаюць звычайна гарадскія і сельскія мясцовыя супольнасці — грамады (камуны), якія могуць значна адрознівацца адна ад адной памерамі тэрыторый і колькасцю насельніцтва. Заканадаўства замежных краін аб мясцовым самакіраванні не выключае магчымасць аб'яднання камун і стварэння іх асацыяцый.

Напрыклад, у Іспаніі існуе такая форма, як сіндыкаты — добраахвотныя аб'яднанні камун, створаныя дзеля сумеснага выканання пэўных работ, якія адносяцца да іх кампетэнцыі.

  • У ЗША у межах асобных штатаў ёсць разнастайныя арганізацыі, якія падтрымліваюць цесныя сувязі з органамі ўлады штатаў, лабіруюць у іх свае інтарэсы. Такія ж працэсы адбываюцца і на федэральным узроўні, хоць тут такіх муніцыпальных лабісцкіх арганізацый менш, чым у штатах. Найбольш значнай з'яўляецца Нацыянальная ліга гарадоў, галоўная задача якой — лабіраванне інтарэсаў гарадоў у Кангрэсе ЗША і федэральным урадзе. Нацыянальная ліга гарадоў аб'ядноўвае ўсе сталіцы штатаў, найбольш буйныя гарады і гарадскія агламерацыі, згодныя плаціць членскія ўзносы. У кожным штаце ёсць свая ліга, так што буйны горад можа ўваходзіць і ў яе, і ў Нацыянальную лігу. У ЗША штогод праводзіцца Кангрэс гарадоў ЗША, які звычайна збірае прадстаўнікоў з 7-10 тысяч гарадоў.
  • У Вялікабрытаніі існуюць асацыяцыі графскіх, акружных і нізавых (вясковых, парафіяльных, камунальных) звёнаў муніцыпальнай сістэмы. Яны звычайна дзейнічаюць самастойна, падтрымліваючы сувязі з міністрамі і ўрадам.
  • У Шатландыі дзейнічае адзіная арганізацыя муніцыпальных улад — Соnvеntіоn оf Sсоttіsh Lосаl Аuthоrіtіеs (СОSLА), з дапамогай якой міністр па справах Шатландыі размяркоўвае дзяржаўныя субсідыі, выдзеленыя парламентам мясцоваму самакіраванню гэтага рэгіёна Злучанага Каралеўства.

Гутарыла Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: З выхадам на міжнародны ўзровень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?