Вы тут

Якія пытанні хвалююць насельніцтва Запольскага сельсавета Віцебскага раёна?


Якія пытанні хвалююць насельніцтва Запольскага сельсавета Віцебскага раёна, высвятлялі на традыцыйным Дні Савета

Весці адкрыты і сумленны дыялог з мясцовым насельніцтвам рэкамендаваў старшыні Запольскага сельвыканкама Рыгору Шлыкаву кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Віктар Дарожкін пры падвядзенні вынікаў Дня Савета, паведамляе «Жыццё Прыдзвіння».


— Сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства — практычная форма зносін з людзьмі. Для старшыні сельвыканкама гэта магчымасць даведацца, з якімі праблемамі сутыкаюцца грамадзяне ў той ці іншай мясцовасці, — лічыць Віктар Дарожкін.

Вяскоўцаў цікавілі розныя пытанні, толькі некалькі з іх маюць «глабальны» характар. Астатнія можна было вырашыць на месцы, у так званым рабочым парадку, не даводзячы іх да крытычнага стану.

— А для гэтага трэба правільна пабудаваць зносіны з людзьмі, — парэкамендаваў Рыгору Шлыкаву старшыня раённага Савета дэпутатаў.

Добрыя дарогі ў сельскай мясцовасці — гэта і камфортнае жыццё, і шырокая прастора для развіцця вёскі. Адносна транспартных артэрый Запольскага сельсавета з боку ўдзельнікаў дарожнага руху гучыць шмат нараканняў. Вяскоўцы з разуменнем фармулююць свае просьбы да дарожных арганізацый: асфальт, вядома, не «закатаць», але зрабіць падсыпку, грэйдзіраванне неабходна. Рыгор Шлыкаў адзначыў, што дапамагае мясцовая гаспадарка. Ва ўзаемадзеянні з агракомплексам імя Сільніцкага ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» атрымліваецца вырашаць нямала існуючых праблем. Зімой аграрыі бяруць на сябе абавязак па расчыстцы вуліц і дарог ад снегу. Яны дапамаглі тэхнікай падчас рамонту вуліцы Зарэчнай у вёсцы Папаратнае.

Віктар Дарожкін параіў старшыні сельвыканкама больш цесна працаваць з арганізацыямі і прадпрыемствамі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета. Узяць хоць бы дарожнае пытанне. Яно павінна быць зонай адказнасці не толькі Рыгора Шлыкава, але і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, Суражскага лясгаса, які сваёй цяжкай тэхнікай «забівае» мясцовую дарожную сетку. «Любіш катацца — любі і саначкі вазіць!» — кажа прыказка, якая вельмі дарэчы падыходзіць для вырашэння гэтай праблемы.

У справе навядзення парадку на зямлі таксама невыразна прасочваецца гаспадарская рука суб'ектаў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета.

Старшыня райсавета дэпутатаў адзначыў, што гэтая тэма павінна была набыць асаблівае гучанне ў Год малой радзімы і заклікаць кожнага быць руплівым гаспадаром свайго домаўладання і той тэрыторыі, на якой чалавек жыве і працуе.

— Сёлета праведзена восем суботнікаў, за дзесяць месяцаў выдадзена 28 прадпісанняў грамадзянам за неналежнае ўтрыманне прыдамавой тэрыторыі і пустазелле на асабістым прысядзібным участку. Разам з работнікамі Запольскай кацельні на тэрыторыі сельсавета ліквідавалі 11 несанкцыянаваных звалак, — канстатаваў Рыгор Шлыкаў.

З нагоды гэтага Віктар Дарожкін заўважыў, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. І вялікая роля тут надаецца працы на апярэджанне.

— Твар гаспадара — яго падворак. Душы прыемна і вока цешыцца, калі бачыш у нашых вёсках дагледжаныя сядзібы, дзе і дом, і гаспадарчыя пабудовы — астравок дагледжанасці і прыгажосці. Такім людзям хочацца сказаць вялікі дзякуй. Але, на жаль, ёсць нямала домаўладальнікаў, якіх неабходна падштурхоўваць да крокаў па добраўпарадкаванні прадпісаннямі, а часам нават штрафамі, — адзначыў на заканчэнне старшыня сельскага Савета.

Зямля справамі людзей славіцца. А значыць, ад кожнага залежыць, ці будзе яго родны край чыстым і дагледжаным, камфортным для жыццядзейнасці... У Год малой радзімы трэба пакінуць добры след на сваёй зямлі.

Загаловак у газеце: Высвятлялі на традыцыйным Дні Савета

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.