Вы тут

Час Марынінай


Дзякуючы супрацоўніцтву «Белкнігі» і выдавецтва «Эксмо» беларускія чытачы сустрэліся з расійскай пісьменніцай, аўтарам вялікай колькасці твораў дэтэктыўнага жанру Аляксандрай Марынінай. У межах візіту празаіка ў Беларусь адбылася прэзентацыя новага рамана «Горкі квэст» у кніжнай краме «Светач», а таксама сустрэча падчас семінара з супрацоўнікамі «Белкнігі», якія займаюцца кнігапродажам і кнігараспаўсюджваннем. 


Стваральніца вобраза знакамітай Каменскай імкнецца рабіць літаратурную справу жанрава разнастайнай, эксперыментуе. Першым істотным эксперыментам стаў твор «Смерць як мастацтва», дзе аўтар увяла міфалагічных персанажаў у класічны дэтэктыў. 

«Горкі квэст» — кніга зусім іншага кшталту. Па сюжэце існуюць нарысы «Запіскі маладога настаўніка», напісаныя маладым чалавекам у 1970-я гады. У іх студэнт, а затым супрацоўнік Міністэртва замежных спраў СССР разважае пра тое, як бы ён, калі б быў настаўнікам літаратуры ў старэйшых класах, выкладаў творы Максіма Горкага. А ў той час М. Горкі ўспрымаўся толькі як спявак рэвалюцыі. Гэты тэкст з’яўляецца сюжэтаўтваральным, бо на ім і будуецца квэст. У штучна створаныя ўмовы 1970-х гадоў былі змешчаны людзі, якія нарадзіліся нашмат пазней за распад Савецкага Саюза. Чаму ж менавіта рэчаіснасць таго часу стала асновай новага рамана? 

— Па-першае, у 1990-я гады мы вельмі добра памяталі, як было прыкра ад пастаяннай татальнай хлусні савецкага часу. Як толькі адмянілі цэнзуру, мы адчулі магутны пазітыўны энергетычны стымул, — патлумачыла А. Марыніна падчас сустрэчы з журналістамі ў прэс-цэнтры Дома прэсы. — Мінула 25 гадоў. Ідзе час, змяняецца наша стаўленне да мінулага: забываем дрэннае, памятаем лепшае. Але ўсім, хто сумуе па савецкай уладзе, у якасці прышчэпкі неабходна прачытаць «Горкі квэст». Па-другое, вырасла пакаленне, якое нарадзілася ў канцы 1980-х гадоў і не ўяўляе, што такое савецкая улада, як жылі людзі пры тым парадку і пры тых тэхналагічных умовах. Менавіта таму яны зусім не разумеюць, як мысліць наша пакаленне. Прорва неадольная. 

Можа стацца, такія вяртанні не заўсёды дакладныя і адэкватныя, падкрэслівае пісьменніца. Але, тым не менш, яны могуць даць нейкае ўяўленне таго часу і людзей, што жылі тады і жывуць зараз. Аўтар не ставіла задачы паказаць дакументальна, як людзі існавалі пры савецкай уладзе. Усё, што датычыцца рэалій той сферы (гэта нават тлумачыцца ў кнізе), наўмысна гіпертрафіравана. Мэта ў тым, каб моладзь, якая ўдзельнічае ў квэсце, магла за даволі кароткі час адчуць і зразумець тое, што людзі бачылі на працягу многіх гадоў. 

Дарэчы, візіт пісьменніцы ў Беларусь распачаўся з сустрэчы з беларускімі чытачамі. А. Марыніна адзначыла, што найбольш часта чытачы пытаюць, якое стаўленне ў аўтара да экранізацый, як аўтар стварыла вобраз Каменскай, як вырашыла стаць пісьменніцай, ці выкарыстоўвае пры стварэнні дэтэктываў гісторыі з практыкі. 

Наступная ж кніга пісьменніцы будзе пра Каменскую. Новая гісторыя, упэўнена аўтар, будзе цалкам адрознівацца ад папярэдніх. 

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?