Палёт


Гісторыя вылучае адметных і захоўвае адметнае. Каб прыйсці ў мастацтва са сваім поглядам на гісторыю, трэба ўмець падкрэсліць непаўторнасць. І вельмі захацець, каб яе ўбачылі іншыя. Мастак Яўген Кулік здолеў. І гэтым адметны.


І нават цяпер, калі яго няма, згадваецца той перыяд, калі можна было сцвярджаць: у адметнасці беларускага мастацтва — вялікая сіла. Ды і цяпер можна сцвярджаць гэта паводле выстаўкі твораў Яўгена Куліка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, прысвечанай 80-годдзю аўтара: 80 работ, створаных амаль за паўстагоддзе.

Ён свядома абраў графіку. Магчыма, яна давала яму магчымасць больш дакладна і зразумела прамовіць галоўнае для сябе, каб яно стала галоўным для ягоных землякоў. Пра 1000-годдзе Беларусі ён умудрыўся сказаць яшчэ ў 1980-м, калі стварыў паштоўку да гэтай даты. І працягваў абранае аднойчы: гісторыя радзімы стала яго натхняльніцай. А ў ёй хавалася столькі адкрыццяў, якімі можна было абудзіць іншых. І ён ствараў тое рэальнае, што даўно мінула, але падавалася ўсё ж жывым, — заставалася наноў удыхнуць душу. І мінуўшчына для яго ажывала: у вобразах Рагвалода і яго дачкі Рагнеды, Усяслава Чарадзея і Давыда Гарадзенскага, Ефрасінні Полацкай ды Кірылы Тураўскага…

Вялікую частку творчага жыцця ён аддаў гістарычным рэканструкцыям праз мастацтва: адлюстроўваў як асоб, так і тыя згадкі пра даўніну, што засталіся на зямлі ў выглядзе аб’ектаў спадчыны — замкаў, храмаў, курганоў. Разумеў: калі не падкрэсліць іх значэнне сёння, то заўтра, можа, наогул не будзе чаго згадваць, а народы мацуюцца памяццю.

Тут Яўген Кулік-мастак, сам нібыта былінны герой, здолеў зрабіць немагчымае: ён не толькі матэрыялізаваў памяць, надаўшы ёй рэальныя вобразы, ён быў адным з тых творцаў, хто прымусіў памяць жыць у сучаснасці і працаваць на краіну. Менавіта дзеля яе ён здзяйсняў свае творчыя ўчынкі: сярод іх «Помнікі дойлідства Гарадзеншчыны», «Замкі Беларусі», кніжная графіка да «Слова пра паход Ігаравы», ілюстрацыі паводле твораў Янкі Купалы ды паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра», што выходзіла ў перакладзе на беларускую мову. Адзін з самых істотных творчых учынкаў Яўгена Куліка — злучэнне з уласнай гісторыяй народа, які доўгі час быў ад яе адлучаны. І яго вельмі хвалявала, каб не было паўтору з магчымасцю сыходу ў нябыт беларусаў як нацыі і Беларусі як краіны. Тым больш што пры набыцці незалежнасці і жаданні ўпісацца самастойна ў вялікі свет краіна набыла і новыя выклікі сучаснасці, сярод якіх вельмі адчувальная плынь маскульту, які цісне на ўласную традыцыю.

Фота artmuseum.by

Тэмы Яўгена Куліка і сёння падаюцца актуальнымі. Нават у ягоных спробах гістарычных рэканструкцый, бо яшчэ не ўсе замкі ў Беларусі адноўленыя. Ды і кніжная класіка патрабуе ў ілюстрацыі такога падыходу, які б здолеў уразіць свядомасць нават самага тэхналагічна прасунутага дзіцяці. І сам Яўген Кулік спрабаваў розныя графічныя тэхнікі. На выстаўцы прадстаўлены малюнкі алоўкам і тушшу, пастэлі, акварэлі, лінарыты. Галоўнае адчуванне, што пакідаюць яго творы, — магчымасць узняцца над нашым днём і ўбачыць гісторыю як працэс — бясконцы.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.