Вы тут

Спроба арэляў


Сацыяльныя калізіі, загадкавыя метафары, напружаны колерапіс, гульня са стэрэатыпамі — вось тое, што змог даць у гэтым годзе «Лістапад». Гэтыя плыні адлюстраваліся і ў дзвюх праграмах — нацыянальным конкурсе і «Маладосці на маршы». Знаёмства з першай абяцала амаль гатовы напрамак журналісцкай думкі — адлік усіх супадзенняў ці несупадзенняў у параўнанні са стэрэатыпамі. Другая праграма складалася з дэбютных рэжысёрскіх работ і павінна была ў нейкай сучаснай манеры адлюстраваць нацыянальна-гістарычную спецыфіку краін-удзельніц.


Кадр з фільма «Дачка».

I. Да іншай маладосці

Няспыннае адчуванне «іншасці» падчас прагляду фільмаў з праграмы «Маладосць на маршы» тлумачыцца проста: большасць фільмаў з усходніх краін (ад Блізкага Усходу да краін Азіі). А Усход — гэта асаблівая сістэма культурна-выхаваўчых зносін паміж рознымі сацыяльнымі класамі. Гараджане і жыхары вёскі, бацькі і дзеці — розніца паміж гэтымі групамі нашмат больш істотная, чым у заходняй традыцыі. І нават у рамках адной краіны тэма гэтага сацыяльнага расслаення можа раскрывацца па-рознаму...

У індыйскай стужцы «Спадар» Рахены Геры праілюстравана звычайная (ці не архетыпічная?) гісторыя ўзаемаадносін паміж багатым гарадскім мужчынам і вясковай жанчынай, якая працуе ў яго пакаёўкай. Але ж усё ж адбываецца адыход ад заходняй галівудскай «хэпіэндавасці»: там, дзе маскульт ужо падводзіў бы нас да вяселля, індыйскі фільм робіць у паветры пальчыкам, стаіць на сваёй жыццёвай праўдзе і такі разводзіць герояў па розныя бакі (хаця і не без нейкай лёгкай надзеі на лепшае). У іншай індыйскай карціне «Гандляр бранзалетамі» Эрэ Годы ступень «масавасці» значна памяншаецца. Рэжысёр і аператар больш не вядуць гледача за ручку, дзея развіваецца сваім парадкам: побыт індыйскай вёскі, доўгі фокус на штодзённых справах, героі, якія незалежна ад роднасці звяртаюцца адзін да аднаго «брат» і «сястра», што перашкаджае адразу ўнікнуць ва ўсе сямейныя сувязі.

Менш сацыяльна-арыентаванымі, але не менш «іншымі» паўсталі дзве азіяцкія стужкі: кітайская «Прах» Лі Сяафэна і тайландска-кітайская «Манта Рэй» Пхуціпхонга Арунпхенга. «Прах» — асаблівае асэнсаванне дэтэктыва, на працягу якога два забойцы актыўна рэфлексуюць на тэму сваіх злачынстваў. Усё працята такім псіхалагізмам, што ад герояў чакаеш ледзь не раскольнікаўскай сякеры ў бабульцы, але атрымліваецца, што камунікаваць між сабою яны пачалі на падставе кніжкі Льва Таўстога…

У сапраўдны сюррэалістычны жах пераносіць «Манта Рэй». Па-першае, загадкавае поле з рознакаляровымі каштоўнымі камянямі і зноў загадкавы ці то салдат, ці то паляўнічы, ці то звычайны бандыт, які ўвесь час некага ці нешта высочвае. Гэта нагадвае незнаёмага жудаснага тыпа, якога стварае твая падсвядомасць падчас сна. Другая страшнаватая рэч — нямы галоўны герой. На працягу ўсяго фільма не ведаеш, нават па нейкіх невербальных прыкметах, што ў гэтага чалавека ў галаве. Асобная, быццам увогуле нерэальная, прастора з ліхтарамі-камянямі, галоўны герой, які праходзіць праз метамарфозу, і сувязь усяго гэтага з назвай фільма дае магчымасць зрабіць здагадку: «Манта Рэй» — псіхалагічная прыпавесць пра захаванне ўласнай ідэнтычнсці і адначасова пра ўменне заставацца ўнікальнай адзінкай, але пры гэтым дзяліцца максімумам «сябе».

Але фільм-пераможца конкурсу «Мёртвыя і іншыя» (Жана Салавісы і Рэнэ Надэр Месоры) акцэнтуе ўвагу на характары асобнай унікальнай культуры, за што журы прысудзіла яму прыз імя кінарэжысёра В. Турава за лепшы фільм конкурсу. Тут адлюстраваны адначасова канфлікт племені/цывілізацыі і традыцый/асабістага шляху. Узмацняецца ж адыход ад знарочыстага наратыву да адхіленага апавядання праз тое, што акцёры складаюцца выключна з прадстаўнікоў племені Краха, на побыце якога і будуецца фільм... Але галоўнае (што, напэўна, і стала вырашальнай кропкай у перамозе на фестывалі) — канцоўка, у якой гучыць пытанне пра магчымасць выжывання традыцыйных культур пад націскам глабалізацыі.

Ці не пытанне ідэнтычнасці ўжо не першы год застаецца актуальным і для нашай краіны?

II. Бліжэй да сучаснасці

Сучасны беларускі кінематограф — гэта, згодна са стэрэатыпам, ахвяра нашага ідэйнага гісторыяцэнтрызму, закручанага вакол катастрафічнай падзеі. Але «Лістапад» яскрава паказаў, што можа быць па-іншаму. З усіх стужак Нацыянальнага конкурсу тэме вайны прысвечаны толькі адзін ігравы альманах — «Вайна. Застацца чалавекам», зняты на Беларусьфільме пры ўдзеле такіх рэжысёраў, як Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, Кацярына Тарасава, Дзмітрый Федаровіч і Ігар Васільеў. Таксама крыху закранае тую ж тэму дакументальны фільм «Мая Германія» Аляксандра Свішчанкова, які, што можна дапусціць па назве, хутчэй разглядае сацыяльны бок постваеннага жыцця. І калі з дакументальнай карцінай усё зразумела (там паказваюць жыццё сына этнічнага немца, які вырас у СССР у атмасферы адарвання і цяпер, ужо ў гадах, не можа паўнацэнна адчуваць сябе ні немцам, ні беларусам), то з альманахам усё больш цікава.

«Вайна. Застацца чалавекам» складаецца з чатырох прыблізна дваццаціпяціхвілінных сюжэтаў, адзін з якіх — адаптацыя рамана Кузьмы Чорнага «Млечны шлях». Але менавіта адаптацыя класіка атрымалася найбольш сумніўнай. Складана казаць, ці не пераігралі акцёры, ці не занадта шмат пафасу было ў іх рэпліках, але відавочна: саўндтрэк, які быццам бы спампавалі з бескаштоўнай бібліятэкі трывожных гукаў, рабіў з твора Чорнага нейкі трэш-хорар (і ён, зразумела, ні кроплі не пужаў, а выклікаў у гледачоў інтэлігентны смяшок). Прабіўным і чалавечным атрымаўся кароткі метр пра ветэранаў Вялікай Айчыннай, у якім адкрыта і смела адлюстроўваецца, наколькі фіктыўны характар у асобных выпадках маюць патрабаванні паважаць гісторыю і як нават шчыры інтарэс моладзі да захавання гэтай памяці часам разбіваецца аб бяздумныя і бяздушныя заклікі. Астатнія ж творы ў альманаху адзначыліся там, дзе ніхто не чакаў: у візуальным адлюстраванні метафарычна-псіхалагічных пластоў мастацкай рэальнасці. Апошняе, што чакаеш ад беларускага кіно пра вайну — паказ хай сабе сціплага, але даволі канкрэтнага паслясмерцевага вымярэння. Рэдкія, насычаныя колерам, вобразы часам працавалі як трэба, знаходзячыся ў кантрасце з «вымярэннем жывых», часам — былі незразумелым «раялям у дрыгве». Асобным дыпломам за візуальнае вырашэнне была адзначана частка альманаха пад назвай «Франка» (рэж. М. Сямёнаў-Алейнікаў), найбольш запамінальным прыёмам якой была каларыстыка сноў (сама навела знята ў ч/б).

Калі «Беларусьфільм» нават у рамках ваеннай тэматыкі пераходзіць да псіхалагічнага пераасэнсавання (з адпаведнай увагай не только да «таго, што», але і да «таго, як»), ёсць усе падставы спадзявацца на пэўную эвалюцыю беларускага кінематографа, які становіцца бліжэйшым да сучаснасці.

Але больш сучасная, здавалася б, стужка «Крышталь» (пра яго пісалі раней асобна) не задае пытанняў — толькі канстатуе факты. «Моладзі і наогул творчым людзям у Беларусі 90-х кепска і няўтульна», — зазначана. «Беларускія малыя населеныя пункты — багна, падобная на фільмы Звягінцава» — зазначана. І гэтак далей. Гэтую статыку сюжэта і кінамовы, у прынцыпе, можна было б успрымаць як алюзію сучаснага ладу жыцця. Але не гэта прыцягнула ўвагу журы.

Пераможцам у праграме беларускага ігравога кіно стала дастаткова вытанчаная польская карціна «Дачка» Мары Тамковіч. Па сутнасці, гэта фільм, у якім бацька праўдай і няпраўдай спрабуе абараніць сваю згвалчаную дачку, але і сам сваёй увагай робіць толькі горш, і адміністратыўныя органы ўсяляк затрымліваюць ход крымінальнай справы сваёй бюракратычнай цяганінай. Але д’ябал — у дэталях. Сярод тэхнічных момантаў найбольш адметная аператарская работа, якая будуе апавяданне на мностве статычных фіксаваных планаў, што надаюць дзеі адначасова і тэатральную фіксаванасць на дыялогах і эмоцыях герояў, і дакументальную адкрытасць. Моцным ходам стаў аператарска-сюжэтны рэфрэн, калі падчас фільма паўтараецца сцэна з самага пачатку, але ў кантэксце гэтага самага пачатку другі раз яна выклікае больш трывогі. Сюжэт рухаецца згодна з драматургічным узмацненнем, пры гэтым узмацненне гэтае ідзе не толькі ўверх, але і ўбок: з кожнай спробай галоўнага героя вырашыць сваю (то-бок дачкі) праблему ён не толькі паступова набліжаецца да вырашэння, але і прыводзіць гэтым самым у рух іншыя сацыяльныя працэсы, якія адгукаюцца і ўнутранымі праблемамі, і праблемамі сустрэчнымі…

Дакументальная праграма Нацыянальнага конкурсу стала для мяне адкрыццём персаналій. Харызма Ганны Хітрык, вакалісткі групы «S°unduk», настолькі паглынула ў фільме «Нашы дзеці» Галіны Адамовіч — пра выхаванне дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Штосьці падобнае здарылася і з карцінай Алены Цагельскай «Аляксандр Забаўчык. Мой джаз», дзе мастацкія работы Аляксандра і джазавы фон атрымаліся нашмат цікавейшыя за работу рэжысёра.

Зусім іншымі былі ўражанні ад дакументальнага фільма-пераможцы «Песні для Кіта» Руслана Фядотава. Нягледзячы на тое, што і тут усё трымаецца на персаналіі галоўнай гераіні-бамжыхі, асобага захаплення заслугоўвае тое, як рэжысёр (а ён жа і аператар, і ўсё астатняе) знаходзіцца побач з ёй у досыць складаныя моманты, але заўсёды хавае чалавецкае глыбока ў сабе і застаецца нерухомым, каб камера непрадузята фіксавала кінематаграфічнае агаленне, нават цаной эмацыянальна-псіхалагічнага стану гераіні.

У анімацыйнай сферы сярод іншых за першае месца «грызліся» два ваўкі: «Ваўчышка» Ігара Воўчака і «Лагодны воўк» Наталлі Дарвінай паводле казкі Алены Масла. Абедзве карціны атрымалі свае ўзнагароды. Наталлі, як аўтарцы найбольш выкшталцонай з розных бакоў стужкі, аддалі перамогу: яна дэманструе гуманістычную іпастась санітара лесу, якая сябруе і са сваёй ахвярай — ягнём, і з умоўным «драпежнікам» — чалавекам.

Ігар Волчак як сапраўдны мастак атрымаў спецыяльны дыплом за паэтычнасць. У касмічных малюнках фільма было нешта большае за кіно: сапраўдны палёт. Вялікая Ваўчыца замест Вялікай Мядзведзіцы, часам грубыя, але шчырыя мазкі, якімі насычаны лясныя краявіды, асобныя, не надта анімаваныя, але вельмі фактурныя вобразы самога Ваўчышкі ды іншых жывёл стужкі, — ва ўсім гэтым адчуваўся аўтарскі стрыжань, жаданне паказаць не столькі канкрэтныя рэчы, колькі архетыповыя характары і мадэлі сусвету, якія за імі стаяць. Адзінае, здаецца, перашкодзіла атрымаць галоўны прыз: «Ваўчышка» ўсё ж такі атрымаўся хутчэй лірычным асабістым выказваннем.

Па-за ўвагай журы праляцелі «Азбука небяспек» Таццяны Кубліцкай і «Гультайка Васіліса» Марыны Карпавай, і гэта здаецца зразумелым: «азбучнасць» і павучальны настрой схіляюць анімацыю да чагосьці выключна дзіцячага.

Трэці прыз, «Саламянага зубра», далі за мікраальманах «У Палессі на балоце», дзе рукамі некалькіх рэжысёраў — Руслана Сінкевіча, Рамана Бурмакова, Святланы Катляровай і Марты Герашчанкі — праз багацце выканаўчых тэхнік было прадэманстравана шматграннасць беларускага фальклору. У адрозненне ад гульнявога альманаха «Вайна. Застацца чалавекам», які складаўся з самастойных сюжэтаў, у гэтым анімацыйным творы аповеды пра беларускіх фантастычных жывёлін і месцы, дзе яны бытуюць, звязаныя сюжэтам пра хлопчыка, які апынуўся ў гасцях у Лешука. Карцінка пры гэтым вар’іравалася ад розных стыляў малюнка да пластылінавай анімацыі.

Такім чынам, у рамках Нацыянальнага конкурсу анімацыйная частка стала самай угаранаванай, што сведчыць пра якаснае існаванне гэтай плыні ў беларускім кінематографе.

Аніма — душа. І, можа, адчуванне яе асаблівасці рэжысёрамі робіць нашы фільмы прыцягальнымі?

Данііл ЛЫСЕНКА

P. S. Гэта справядліва наогул да кіно, што засведчылі кінадэбютанты «Маладосці на маршы». І беларускае кіно паказала, які шлях яно прайшло праз унікальны гістарычны вопыт да пошуку гуманізму ў нашы дні. І сам «Лістапад» апынуўся сёлета ў сітуацыі, што патрабуе гуманістычнага падыходу ў дачыненні да нацыянальнага конкурсу, які задумваўся і ладзіўся з клопатам аб працягу нацыянальнага — не толькі кінапрацэсу, але і кінамастацтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».