Вы тут

У Слуцку прайшоў форум маладых спецыялістаў


У Слуцку прайшоў форум маладых спецыялістаў. Як правіла, такую сустрэчу ладзяць у лістападзе. Гэта і зразумела, пасля ўладкавання на работу мінула больш за тры месяцы. За гэты час маладыя людзі агледзеліся, прызвычаіліся да новых умоў. Настала пара больш дэталёва азнаёміцца і з жыццём раёна.


— З кожным годам колькасць удзельнікаў павялічваецца: сёння тут сабраліся выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія прыбылі да нас па размеркаванні сёлета, а гэта больш за 200 чалавек, — расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама Міхаіл Варабей. Моладзь падзялілася на групы.

Адна з іх пабывала ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Аграфірма «Лучнікі», у Слуцкім дзяржаўным каледжы расказалі аб падрыхтоўцы кадраў для перапрацоўчай прамысловасці. Уразіў наведвальнікаў адзіны ў краіне музей малака, які створаны ў навучальнай установе. На Слуцкім сыраробным камбінаце гасцям паказалі вытворчасць, прапанавалі пакаштаваць прадукцыю, якую выпускае прадпрыемства. Даведаліся спецыялісты і пра тое, як тут мэтанакіравана працуюць з моладдзю, наладжваюць яе побыт, імкнуцца палепшыць умовы пражывання.

Пасля экскурсіі хлопцы і дзяўчаты трапілі ў гарадскі Палац моладзі, дзе была арганізавана работа інфармацыйна-кансультацыйных груп. Усе ахвотныя атрымалі кампетэнтныя адказы з першых вуснаў. А іх цікавіла шырокае кола пытанняў. У тым ліку атрыманне юрыдычнай дапамогі, ільготнага крэдыту для будаўніцтва жылля, сацыяльный дапамогі.

Як вядома, істотную падтрымку маладым спецыялістам у арганізацыях, установах, на прадпрыемствах гарантуюць калектыўныя дагаворы. Яны прадугледжваюць меры сацыяльнай дапамогі, разнастайныя выплаты і кампенсацыі.

— Нашы маладыя людзі не застаюцца адзін на адзін з жыллёвымі, бытавымі, матэрыяльнымі праблемамі, — упэўнена старшыня райкама прафсаюзаў АПК Таццяна Гурбо. — Яны атрымліваюць значную дзяржаўную падтрымку, калі прыступаюць да сваіх працоўных абавязкаў. Першыя два гады па заканадаўстве ім выплачваецца дзве тарыфныя стаўкі першага разраду. Калі застаюцца ў калектыве пасля абавязковай адпрацоўкі, то атрымліваюць да пяці гадоў тры тарыфныя стаўкі першага разраду. Маладым спецыялістам выдаюцца таксама пад'ёмныя для ўладкавання свайго быту, выдзяляюцца памяшканні камерцыйнага дзяржаўнага жыллёвага фонду. Пры недахопе такога жылля арганізацыі кампенсуюць ім кошт здымных кватэр. Пры гэтым гаспадары іх выслабаняюцца ад падаходнага падатку. Маладым спецыялістам, якія адносяцца да катэгорыі малазабяспечаных, выпускнікам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, даецца льготны крэдыт для будаўніцтва жылля.

Слуцкі раён для маладых спецыялістаў — добрая стартавая пляцоўка, кіраўніцтва раёна зацікаўлена ў маладых, ініцыятыўных прафесіяналах. За маладымі спецыялістамі замацаваны куратары на кожным прадпрыемстве, у арганізацыі, установе. Яны дапамагаюць маладым людзям станавіцца сапраўднымі прафесіяналамі, адаптавацца да новых умоў жыцця і працы.

Як паказвае практыка, маладыя спецыялісты практычна ўсе застаюцца ў раёне. У большасці замацоўваюцца тыя, у каго тут жывуць бацькі, хто стварыў сем'і.

Вось і Дар'я Сыс — мясцовая. Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Дар'я вельмі любіць свой горад і папрасіла, каб яе сюды накіравалі.

— Працую я ў Слуцкім гарадскім палацы моладзі харэографам узорнага ансамбля танца «Канфеці». Мне ўсё тут падабаецца: таленавітыя дзеці, калектыў, дзе вельмі хутка асвоілася, — кажа дзяўчына.

Даша самастойны і адказны чалавек, які не хоча залежаць ад бацькоў і здымае кватэру. Як сцвярджае мая суразмоўніца, зарплата дазваляе гэта рабіць. У далейшым спецыяліст разлічвае на льготны крэдыт для будаўніцтва асабістага жылля.

— Мяне вельмі цёпла сустрэлі ў Грэскай сярэдняй школе, — уступае ў размову Юля Семяняка. Дзяўчына прыехала ў раён пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. Паколькі яна родам са Століншчыны, адміністрацыя ўстановы выдзеліла ёй месца ў інтэрнаце, дзе створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання. Што датычыцца адносін, што склаліся ў калектыве, то ў яе такое пачуццё, нібы працуе тут даўно.

Словам, усе ўдзельнікі мерапрыемства, можна сказаць, выбралі прафесію, аб якой марылі. І прыбылі на сваё першае месца работы з жаданнем працаваць, спасцігаць новае, уносіць часцінку сваёй працы ў дабрабыт і далейшы росквіт Слуцкага краю.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Выбар маладых

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.