Вы тут

Неспакойнае сэрца


Аўтар сімфанічных твораў ды песень — для ўсёй Беларусі, пра гэта гаварыла краіна ў апошнія дні. Калега і шчыры сябра для тых, з кім звёў лёс. Разам успамінаем Ігара Лучанка.


Пра закаханасць

У 1990-я гады я працавала музычным рэдактарам на беларускім радыё. Аднойчы мне даручылі падрыхтаваць святочны эфір да 8 Сакавіка. Вырашыла зрабіць такую праграму, дзе прадстаўнікі «моцнай паловы чалавецтва» расказалі б пра свае другія палавінкі. Вельмі хацелася «падчапіць» у праграму і Мулявіна. Ён прызначыў доўгачаканую сустрэчу ў сваім філарманічным офісе.

У патрэбны час я прыцягнулася туды са сваім грувасткім дыктафонам.

— Уладзімір Георгіевіч, што для вас у жыцці значыць каханне? — задаю «дзяжурнае» пытанне. Мулявін набірае паветра ў лёгкія, каб адказаць, але замест гэтага ў невялічкай паўзе раптам раздаецца асцярожны стук у дзверы, пасля чаго ў праёме паказвацца галава Лучанка.

— О, Ігар! Заходзь! Мы тут якраз гаворым пра каханне! — кажа Мулявін і запрашае Лучанка падсесці да нас.

Ну, думаю, зараз і Лучанка раскручу, каб расказаў пра сваю Аляксандру Рыгораўну. Яна ж у яго прыгажуня і разумніца!

Ігар Міхайлавіч на ляту «ўрубаецца» ў размову:

— Усе мае песні пра каханне! — усклікае ён. — Гэта каханне да радзімы, да дзіцяці, да жанчыны. У жыцці немагчыма без кахання, бо яно ўзносіць і акрыляе. Уся мая музыка — гэта каханне. Гэта мелодыя. Дастаткова згадаць такія мае песні, як… (адбыўся доўгі пералік песень з назвай усіх аўтараў тэкстаў і выканаўцаў).

— Слухай, Ігар! А «Если б камни могли говорить» — пра каханне песня ці не? — раптам спытаў Мулявін, спрабуючы надаць твару сур’ёзны выгляд. Ігар Міхайлавіч тут жа знайшоўся, як ні ў чым не бывала працягнуў свой маналог і чарговымі гарачымі словамі даказаў, што і гэтая, і іншыя яго песні патрыятычнага зместу таксама пра каханне, бо іншага і быць не можа!

Ды Мулявін і так цудоўна гэта ведаў, а інакш не сябравалі б яны з Лучанком столькі гадоў. Інакш не быў бы Лучанок яго любімым аўтарам...

Ігар Міхайлавіч быў вельмі добрым і велікадушным чалавекам з неспакойным і спагадлівым сэрцам. Дарэчы, менавіта так — «Неспакойнае сэрца» — называлася адна з яго песень, якую спяваў Віктар Вуячыч, яшчэ адзін яго вялікі сябар і выдатны выканаўца твораў Ігара Міхайлавіча. Сэрца Лучанка балела за ўсіх сяброў і калег, якія мелі ў ім патрэбу і якім дапамагаў, чым і як мог. І таму, як ён цалкам дакладна вызначыў у той нефармальнай размове, уся музыка, створаная ім, і сапраўды да апошняй ноткі была прасякнута каханнем. Яго песні, як рознакаляровыя карцінкі калейдаскопа, — светлыя, добрыя, натхнёныя, узнёслыя, шчырыя, сумныя і вясёлыя — напісаныя неспакойным сэрцам чалавека, закаханага ў жыццё.

26 верасня 2018 года аркестр імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца правёў у Белдзяржфілармоніі вялікі канцэрт да 80-годдзя Ігара Лучанка. Песні Ігара Міхайлавіча ўсіх прыўзнімалі, стваралі свята сваёй прыгажосцю і маляўнічасцю. Падчас канцэрта Ігар Міхайлавіч разам з сям’ёй сядзеў у ложы перад сцэнай. Усміхаўся, апладзіраваў. Мы бачылі, што яму было цяжка хадзіць. Тады ў мяне ўпершыню зашчыміла ў грудзях ад разумення таго, што гэта, магчыма, апошні яго канцэрт…

Вольга БРЫЛОН

 

Пра творчыя ісціны

Мы пазнаёміліся з ім у далёкія шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя. На тэлебачанні была праграма «Я з шасцідзясятых». На адной з тэлевізійных перадач мы сустрэліся.

— Ты думаеш, усё, што мяне акружае, прыйшло да мяне само? Не. Я гэтага дамогся. Само па сабе нічога не бывае, — сказаў ён мне.

Я і да гэтага часу не ведаю, што нас злучыла. Любоў да музыкі, фатаграфія?

— Фатаграфія — гэта момант ісціны, — казаў ён. — Тое, што ты фатаграфуеш — ісціна.

Аднойчы Ігар пазнаёміў мяне са сваімі бацькамі. Міхаіл Лукіч і Аляксандра Гарасімаўна былі вельмі гасцінныя, пра што сведчыць фота, якое я зрабіў ля брамкі хаты ў Мар’інай Горцы.

Выдатны арганізатар, меладыст, клапатлівы сем’янін. Аўтарытэт Ігара Лучанка дазваляў выбіваць кватэры для калег.

Ленінградскі кампазітар Андрэй Пятроў казаў яму:

— Напішы аперэту. У вас выдатны музычны тэатр.

Але Ігара Міхайлавіча прапанова не зацікавіла. Лепшыя творы Лучанка з’явіліся дзякуючы саюзу з Уладзімірам Мулявіным, стваральнікам ансамбля «Песняры».

Аднойчы я спытаў Уладзіміра Георгіевіча, як яму працуецца з Лучанком. Адказ Мулявіна мяне ўразіў і парадаваў:

— Хай Ігар дасць мне 2—3 ноты, і я з іх зраблю твор. Не з кожным кампазітарам я магу так працаваць.

Лучанок працаваў у розных жанрах, але найбольш плённа — у песенным. Яго мелодыі запамінаюцца надоўга.

Юрый ІВАНОЎ

 

Пра створанае разам

1998 год. Жнівень. Я на працы ў «ЛіМе». Рэзка адчыняюцца дзверы, і заходзіць Ігар Лучанок. Дзякуе за публікацыю артыкула да яго юбілею і кажа: «У мяне амаль з усімі лепшымі паэтамі Беларусі напісаны песні, а з вамі — ні адной. Давай напішам!» Я не адмовіўся, але і не стаў пісаць спецыяльна...

І ўсё ж песню мы з Ігарам Міхайлавічам напісалі. Вечарам 30 верасня 2009 года мне з газеты «Культура» патэлефанаваў Яўген Рагін і папрасіў па-сяброўску да раніцы напісаць тэкст для песні. І не проста для песні, а для гімна работнікаў культуры. Я доўга адмаўляўся, і ўсё ж сябра ўгаварыў. Раніцай я прадыктаваў па тэлефоне тэкст, а праз паўгадзіны да мяне завітаў фотамайстар Юрый Іваноў, і мы паехалі да Ігара Лучанка. Гаспадар нас чакаў: была заварана гарбата і падрыхтавана печыва. Я спадзяваўся, што прыедзем, пакінем тэкст і развітаемся. Ды дзе там! Ігар Міхайлавіч пачаў з таго, што сказаў: «Я даўно памёр! І ніякіх песень болей не пішу!». Юрый Іваноў, пачуўшы такую заяву, перавёў размову на надвор’е, на яблыкі, на грыбы. Пагаварылі пра гэта ўсё недзе з паўгадзіны, і толькі потым Лучанок узяў мой тэкст і пачытаў. «Відаць, што майстар зрабіў! Але ж я песень не пішу! Я памёр! Ідзіце да Зарыцкага. Ён напіша!» Зноў недзе з паўгадзіны пілі гарбату і слухалі расповеды Ігара Міхайлавіча пра былыя часы, фатаграфаваліся. Памаленьку дабраліся да раяля. Хвілін дзесяць слухалі песні, а потым Лучанок тут жа пры нас падабраў музыку да будучага гімна. Просім, каб запісаў ноты. А ён: «Я песень не пішу! Я тут не жыву! Я памёр!» Яшчэ прайшло паўгадзіны, калі Ігар Міхайлавіч дазволіў нам пакінуць яго разам з маім тэкстам. Не паспеў я прыехаць дахаты, як Юрый Іваноў патэлефанаваў і паведаміў, што Лучанок напісаў музыку і хоча са мной сустрэцца ў Саюзе кампазітараў. Я прыехаў праз паўгадзіны. Ігар Міхайлавіч з’явіўся пазней. Павёў у кабінет. За ім зайшло некалькі чалавек, што былі на працы ў Саюзе. Перад тым, як сесці за інструмент, Ігар Міхайлавіч сказаў: «Зрабіў! Але апошні раз!», і кінуў шапку аб падлогу. Дастаў з папкі ноты і, насварыўшыся на прысутных, сыграў гімн работнікаў культуры Рэспублікі Беларусь...

З таго дня праляцела дзевяць гадоў, а здаецца, што нядаўна ствараўся гімн, які гучыць і будзе гучаць са сцэн Дамоў культуры нашай краіны, бо яго напісаў вялікі кампазітар.

Віктар ШНІП

 

Пра творчае шчасце

Івану Мележу вельмі спадабалася песня Ігара Лучанка на верш Янкі Купалы «Спадчына». Пісьменнік і кампазітар жылі ў адным доме, які знаходзіцца, дарэчы, на вуліцы Янкі Купалы. І вось, як толькі «Спадчына» прагучала, аўтар «Людзей на балоце», убачыўшы кампазітара ў сваім двары, сказаў: «Дарагі сусед! З паэзіі Янкі Купалы пачалося Ваша сапраўднае творчае шчасце! Пішыце свае песні найбольш на вершы беларускіх паэтаў!» Расказваючы мне пра гэту гаворку з Іванам Мележам, Ігар Лучанок міжволі ўсклікнуў: «Ах, як ён хораша сказаў пра маё сапраўднае творчае шчасце!»

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК

 

Пра спагадлівага калегу

Галіна Гарэлава, кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар:

— З Лучанком мы пазнаёміліся ў 1967 годзе. Я вучылася ў музычным вучылішчы і пісала курсавую працу па яго творчасці. Ён быў на піку папулярнасці, хоць напісаў яшчэ толькі чатыры песні. Акрамя гэтага, ён быў аўтарам некалькіх вельмі цікавых акадэмічных твораў: скерца для цымбалаў, кантаты «Курган» на вершы Янкі Купалы, чатырох прэлюдый у серыйнай тэхніцы. Пазней ён казаў пра тое, што пасля таго, як папрацаваў у серыйнай тэхніцы, песні пісаць стала прасцей.

Лучанок належаў да бліскучага пакалення кампазітараў: Вагнер, Картэс, Смольскі, Мдзівані. Гэта быў чалавек з унікальнай творчай інтуіцыяй. У асобе Ігара Міхайлавіча мы развіталіся з цэлым пакаленнем. Ён запомніўся тым, што ўвесь час камусьці дапамагаў, за кагосьці клапаціўся. У 86 годзе я перанесла цяжкае запаленне лёгкіх. Ігар Міхайлавіч, даведаўшыся пра хваробу, выбіў для мяне пуцёўку ў санаторый у Крыму. Прычым я пра гэта не прасіла, гэта была яго ініцыятыва. Ён быў надзвычай добры чалавек.

Радаслава Аладава, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі БДАМ:

— Калі я ўспамінаю Лучанка, мне прыходзіць у галаву адна гераічная гісторыя. Ігар Міхайлавіч быў чалавекам унікальнай дабрыні, заўсёды стараўся дапамагчы. У кансерваторыі працавала музыказнаўца з гучным імем, бліскучы навуковец, якую ведалі і шанавалі ва ўсім Саюзе, — Лідзія Саулаўна Мухарынская. Яна мела патрэбу ў тэрміновай аперацыі на сэрцы, неабходна было ўжывіць кардыястымулятар. Але гаворка ішла пра непад’ёмную суму грошай, якую мы сабраць не змаглі б. Пасля доўгіх разважанняў вырашылі звярнуцца па дапамогу да Ігара Міхайлавіча. Высветлілася, што ён хворы і ляжыць у шпіталі. Але, пачуўшы пра праблему, тут жа, наўпрост у бальнічным халаце, паехаў да галоўдоктара кардыялогіі і за пару хвілін гэтае пытанне вырашыў, дамовіўся аб правядзенні аперацыі бясплатна. І такім чынам здзейсніў сапраўды гераічны ўчынак і выратаваў жыццё нашага любімага Настаўніка.

Уладзімір Дарохін, кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, дацэнт:

— Ігар Міхайлавіч — чалавек, які ў пэўнай ступені вызначыў мой жыццёвы шлях. У канцы 60-х гг., вярнуўшыся ў Мінск пасля стажыроўкі ў Ленінградскай кансерваторыі, Ігар Міхайлавіч узначаліў кампазітарскі гурток у нашым ліцэі. І стаў маім першым настаўнікам у галіне прафесійнай кампазіцыі. Ён быў малады, гарачы, з захапленнем успамінаў ленінградскіх педагогаў і папросту запаліў мяне энтузіязмам і ідэямі сучаснай музыкі, прывезенымі з паўночнай сталіцы. Мой лёс быў вырашаны: паехаў вучыцца ў Ленінград. Не ведаю, наколькі б я адбыўся ў прафесіі, калі б ён у свой час не падштурхнуў мяне да гэтага кроку.

Пазней я доўга працаваў у Саюзе кампазітараў БССР пад яго кіраўніцтвам і ніколі не пераставаў дзівіцца кіпучай энергіі Ігара Міхайлавіча, дзіўнай таварыскасці і ўменню вырашаць творчыя і вытворчыя праблемы, якія часам здаваліся практычна невырашальнымі. Пра гэтую яго здольнасць ведалі ўсе. Ён быў апошняй інстанцыяй, да якой з надзеяй звярталіся музыкі, калі траплялі ў складанае становішча. І ён дапамагаў усім, ніколі не адмаўляў, бо быў дзіўна спагадлівым і чулым чалавекам.

Запісала Любоў СЫЦЬКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.