Вы тут

Пра што гавораць «Суразмоўцы»? Інтэрв'ю з Навумам Гальпяровічам


У новым сезоне на сацыякультурным тэлеканале «Беларусь 3» неяк незаўважна з'явілася мноства ўласных цікавых праграм. Адна з іх — аўтарскі праект пісьменніка Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы». Ужо сама назва праграмы адлюстроўвае яе сутнасць і складаецца з трох частак: «сучаснасць», «размова» і «цытаты». У эфіры гэта — 15 хвілін гутаркі з дзеячамі беларускай культуры: пісьменнікамі і крытыкамі, навукоўцамі і даследчыкамі, мастакамі, а па-за эфірам — пошук актуальных кірункаў і цікавых асоб, якія дапамогуць лепш зразумець вытокі і сучаснасць нашай літаратуры, мовы, нацыянальнага характару і культуры наогул.


— Атрымліваецца такая сканцэнтраваная, прадметная гаворка пра літаратуру — і не толькі — у інтэр'ерах Нацыянальнай бібліятэкі, — гаворыць аўтар і вядучы праекта. — Цяпер на тэлеэкранах часцей з'яўляюцца зоркі эстрады, спорту — асобы, так скажам, медыйныя. А гэта фігуры хоць і значныя, якія займаюцца літаратурай, гісторыяй, але, на жаль, не так добра вядомыя шырокаму колу гледачоў, асабліва калі гэтыя асобы з рэгіёнаў, як рэктар Магілёўскага ўніверсітэта Дзяніс Дук, краязнаўца Міхась Казлоўскі з Маладзечна, прафесар Іван Штэйнер з Гомеля ды іншыя. І як паказваюць водгукі на праграму, гэтыя знаёмствы аказваюцца для многіх карыснымі і цікавымі, многія адкрываюць для сябе імёны маладых — Юліі Алейчанкі, якая атрымала сёлета Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют», Васіля Дранько-Майсюка, шоўмена, артыста і пісьменніка, Міхаіла Бараноўскага, які ўзначаліў філіял музея Максіма Багдановіча і стварыў музычны гурт «Нельга забыць»... Таксама вялікая колькасць водгукаў была на сустрэчу з Людмілай Рублеўскай, якая па глядацкай увазе паставіла своеасаблівы рэкорд. І я лічу, што гэта вельмі важна, прапагандаваць і паказваць сучасную беларускую літаратуру і культуру.

— Навум Якаўлевіч, у вас у гасцях пабывалі ўжо многія — ад міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча да чалавека-аркестра Васіля Дранько-Майсюка. Хтосьці з суразмоўцаў адкрыўся з нечаканага боку, сказаў тое, што ніяк не меркавалася пачуць?

— Усе неяк раскрываюцца, даюць нештампаваныя адказы і па-добраму здзіўляюць. Напрыклад, Алесь Карлюкевіч расказаў, як ён быў сельскім юным бібліятэкарам, а Васіль Дранько-Майсюк назваў сваім любімым паэтам Леаніда Дранько-Майсюка — і не таму, што гэта ягоны бацька, а глыбока і слушна абгрунтаваў такі выбар. Раней мы шмат гаварылі з земляком — пісьменнікам, драматургам і навукоўцам Пятром Васючэнкам пра Полацк і тэрмін «Полацкі менталітэт», а ў гутарцы перад тэлекамерамі я таксама пачуў ад яго нешта новае і нечаканае — Пятро мысліць нетрадыцыйна, вельмі арыгінальна.

— Ведаю, што ў вас ёсць некалькі «традыцыйных» пытанняў, якія вы задаяце кожнаму ўдзельніку. Мне здаецца, будзе справядліва, калі на іх адкажа і сам аўтар і вядучы праграмы. Такім чынам: што вы зараз чытаеце і якую кнігу, на ваш погляд, мусіць прачытаць кожны беларус?

— Думаю, кожнаму беларусу абавязкова варта прачытаць Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Янку Брыля, Міхася Стральцова, Рыгора Барадуліна... А ў мяне цяпер на стале ляжыць вельмі цікавая кніга паэзіі Анхелы Эспіносы Руіс — гэта іспанка, маладая дзяўчына, якая ўпадабала і вывучыла беларускую мову, прычым настолькі, што цяпер піша па-беларуску вершы, напоўненыя асаблівай цеплынёй і пачуццём любові. Таксама перачытваю кнігу Андрэя Федарэнкі «Мяжа», і, канешне, заўжды маю томік Янкі Брыля.

— Што для вас родная мова? Ці патрэбныя асаблівыя ўмовы, каб ужываць яе штодня?

— Мова — напэўна, гэта сутнасць існавання мяне як асобы, наогул маёй сям'і, таму што і дзеці размаўляюць са мной толькі па-беларуску, і ўнуку, які падрастае, мы чытаем беларускія казкі, і ён ужо ведае першыя словы на роднай мове. Як чалавеку, які імкнецца да справядлівасці, мне вельмі важна, каб беларуская мова была паўнацэнным чыннікам нашага жыцця, бо гэта душа, унутраная сутнасць кожнага з нас. Хоць я нарадзіўся ў Полацку не ў беларускамоўнай сям'і, але з самага дзяцінства чуў мову, і мне натуральна адчуваць сябе ў ёй. І часам лаўлю сябе на тым, што, разважаючы на жыццёва важныя пытанні, раблю гэта па-беларуску альбо сінхронна перакладаю думку для суразмоўцы.

— З чаго пачынаецца патрыятызм — з любові да мовы ці яшчэ раней?

— Было б абмежаваннем сказаць, што з мовы, бо гэта толькі адзін складнік, хоць і безумоўна важны. Патрыятызм, мяркую, пачынаецца з адчування роднага месца, сваіх родных рэчаў. Калі ў 2-м класе я трапіў у бальніцу і з мяне знялі ўсю вопратку і далі бальнічную, памятаю, адчуў сябе літаральна нікім — і гэта страшнае адчуванне. Так што патрыятызм пачынаецца з тых звыклых рэчаў, якія чалавек бачыць дома, з малюнкаў у буквары, як гаворыцца ў вядомай песні, з гэтага ўсяго. А мова дазваляе глыбей адчуць, што ў нас ёсць свая дзяржава, свая гісторыя, свая культура, наогул, што МЫ ёсць, і мы — не прыстасаванне да кагосьці іншага, а самастойная краіна. Самае галоўнае, на мой погляд, — пераадолець адчуванне беларускасці як нейкай архаічнасці, вясковасці і другаснасці, пачаць паважаць саміх сябе (як казаў Купала, «людзьмі звацца»), каб нас паважалі іншыя.

— Гледачам праграма «Суразмоўцы» дазваляе зазірнуць у глыбіню літаратурных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, лепш пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснымі творцамі. А што яна дае вам, як чалавеку, які сам знаходзіцца ўнутры літаратуры?

— Па-першае, адчуванне гонару і любасці за тое, што вакол мяне ёсць такія людзі, такія цікавыя і разнастайныя творцы, з якімі можна пазнаёміць іншых — і мо, нехта таксама іх палюбіць, будзе ганарыцца сваімі суайчыннікамі. А па-другое, вельмі важна паказаць, што беларусы — адукаваны і культурны народ, так бы мовіць, адкрыць нас для саміх сябе.

Запісала Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».