Вы тут

Як спецыялісты даследуюць зброю?


Нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма вольнага абарачэння агнястрэльнай зброі, пісталеты, рэвальверы, даўгаствольныя стрэльбы перыядычна трапляюць на даследаванне да судовых экспертаў. Сумную «майку лідара» тут трымаюць справы, звязаныя з браканьерствам. Але які шлях праходзіць зброя падчас экспертызы? Пра гэта карэспандэнт «Звязды» распытаў намесніка начальніка аддзела даследавання зброі цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксея Пашкевіча.


Рэха «маўзера»

У калекцыі экспертаў-балістаў ёсць унікальныя для Беларусі прадметы зброі. Адзін з самых рэдкіх экзэмпляраў — амерыканскі рэвальвер «Сміт-весан», які, як мяркуецца, быў зроблены ў 1875—1880 гадах. Зараз пабачыць гэтую зброю вагой паўтара кілаграма можна толькі ў вестэрнах. А апынуўся ён у калекцыі выпадкова. Дзесьці ў Мінску паступіла паведамленне па лініі 102, што ў адной з кватэр адбываецца вялікі сямейны скандал. Супакойваць мужа і жонку адправіўся мясцовы ўчастковы міліцыянер. Зайшоўшы ў кватэру, ён пабачыў рэвальвер. Папрасіў прад'явіць дакументы на яго, але неабходных папер у наяўнасці не аказалася.

Але гэта выпадак унікальны. Куды часцей да экспертаў паступаюць на разгляд вінтоўкі Мосіна і «Маўзер», наганы і маўзеры часоў Першай і Другой сусветных войнаў. Амаль усё гэта — рэха шматлікіх войнаў, якія каціліся ў першай палове мінулага стагоддзя праз Беларусь. Некаторыя экзэмпляры, дарэчы, прыносяць у заводскай змазцы. Праўда, датычыцца гэта болей нямецкай зброі. Падчас аперацыі «Баграціён» нацысты адступалі настолькі хутка, што не паспявалі вывозіць зброю з сабой. І закопвалі скрынкі з ёй у зямлю.

— Разам з тым трэба зазначыць, што вінтоўкі, аўтаматы і пісталеты тых часоў, якія захаваліся ў ідэальным стане, — хутчэй выключэнне з правіла, — кажа Аляксей Пашкевіч. — Часцей за ўсё яны дзесяцігоддзямі ляжалі ў зямлі, нічым не абароненыя. Дажджы, снег «здароўя» зброі не дадаюць. Моцная карозія металічных частак, і ў асаблівасці ствала, — гэта ледзь не стандарт. Некаторыя ўмельцы спрабуюць іх аднавіць. Аднак, як правіла, такія экзэмпляры страляць не здольныя. Ці могуць стрэліць толькі адзін раз: высокі ціск, які ўтвараецца ў ствале, проста разарве крохкі метал. А калі ўлічыць, што казённая частка, на якую ён прыходзіцца, размяшчаецца каля твару стралка, то наступствы могуць быць вельмі сумныя.

Самаробныя агнястрэлы

— Значная колькасць экспертыз у нас звязана з выкарыстаннем самаробнай агнястрэльнай зброі, — працягвае Аляксей Пашкевіч. — Прычым некаторыя экзэмпляры, здаецца, збіралі ледзь не «на каленцы». Дагэтуль робяцца «пугачы», якія былі папулярныя яшчэ ў савецкіх школьнікаў. Гэта жалезная трубка, чымсьці прыматаная да драўлянага корпуса. Канструкцыя прымітыўней няма куды, але адначасова з тым і страшная для таго, хто яе выкарыстоўвае. Асабліва калі трубка доўгі час недзе ржавела. І ў тым месцы, дзе падпальваецца порах, газы проста разрываюць крохкі метал.

Але самаробкі «пугачамі» не абмяжоўваюцца. Напрыклад, у 1970-я з узбраення пачалі масава здымаць наганы. Іх перараблялі ў газавыя або сігнальныя рэвальверы. Паколькі ўсё гэта ажыццяўлялася ва ўмовах фабрычнай вытворчасці, то тэхнічныя характарыстыкі такой зброі былі зменены незваротна. Сценкі сталі больш тонкія, змяніў форму баёк. Назад з такой зброі зрабіць агнястрэл ужо немагчыма. Але чамусьці распаўсюджана меркаванне, што дастаткова толькі выдаліць перагародкі — і сігнальны пісталет ператворыцца ў баявы. Першы ж стрэл — і такую пераробленую другі раз прыладу разарве.

— Ёсць у нас і непрызнаныя майстры збройнай справы, — згадвае эксперт. — Іх бы здольнасці ды ў карысны бок направіць... Згадваецца справа, якая адбылася ў Віцебскай вобласці. Неяк папаўся «чорны капальнік», які шукаў зброю часоў Вялікай Айчыннай. Падчас ператрусу ў яго знайшлі не толькі пісталеты і аўтаматы 40-х гадоў мінулага стагоддзя, але і прыкладна дзясятак вырабаў, якія чымсьці нагадвалі экзэмпляры з амерыканскіх фільмаў. Чаго былі вартыя толькі вінтоўкі-трансформеры, якія шляхам некалькіх простых маніпуляцый можна было скласці. Яшчэ праз нас праходзіла зброя з электрычным распальваннем ад акумулятара.

Таксама быў у нас агнястрэл, сабраны ў тым ліку з поліпрапіленавых труб, якія выкарыстоўваюцца цяпер пры сантэхнічных работах. Але пасля першага ж стрэлу гэтая зброя развалілася.

У ціры ў экспертаў-балістаў усталявана спецыяльная канструкцыя для выпрабавання зброі. Калі пісталет, вінтоўка або стрэльба выклікаюць хоць бы найменшыя падазрэнні — скажам, ёсць мікраскапічны скол на ствале, трэшчына ці нешта яшчэ — або з'яўляюцца самаробнымі, то ў ход ідзе аўтаматыка. Эксперты-балісты падчас выпрабаванняў працуюць у тандэме. Яны апранаюць абарончую экіпіроўку, выходзяць з памяшкання і прыводзяць механізм у дзеянне дыстанцыйна. Для атрымання максімальна падрабязнай карціны робяцца тры стрэлы. Але гэта ў ідэале. У рэальнасці ж можа адбыцца так, што пасля першага ж стрэлу які-небудзь самаробны «пугач» разляціцца на кавалкі. Але сваю місію ўстаноўка ўсё адно выканае. Узор кулі будзе атрыманы, а таксама прыборы вымераюць кінетычную энергію снарада, што і паслужыць падставай для экспертнага заключэння.

Партызанскі падарунак

— Які шлях праходзіць зброя ў руках эксперта?

— Гэта залежыць ад таго, на якія менавіта пытанні хоча атрымаць адказ следства. Напрыклад, вялікую колькасць зброі і патронаў мы даследуем па справах, звязаных з фактамі браканьерства. Спачатку мы ў такім выпадку шукаем адказы на пытанні, ці рабіўся стрэл з гэтай зброі і ці ўвогуле гэтая адзінка прыдатная для стральбы? Пасля ўстанаўліваем мадэль і калібр. І толькі пасля гэтага адбываецца кантрольны стрэл. Яго мэта — атрымаць сляды ад праходжання кулі праз канал ствала і ад затвора. Пасля таго як мы атрымалі гэтыя эксперыментальныя ўзоры, пераходзім ужо непасрэдна да куль і гільзаў, знойдзеных на месцы злачынства, і высвятляем супадзенне.

Але бывае і так, што куля ёсць, а «прывязаць» яе да канкрэтнага ствала немагчыма. У такім выпадку яна разам з гільзай трапляе ў рэспубліканскую кулегільзатэку. Там яна і будзе чакаць свайго моманту — пакуль у рукі экспертаў-балістаў не трапіць зброя, з якой яна вылецела.

А вось узнагародная зброя ў даследчыкаў — госць рэдкі. Часцей за ўсё яна паступае да нас пасля спецыяльнай майстэрні, дзе згубіла свае агнястрэльныя ўласцівасці і стала простым масагабарытным макетам. Эксперт, у сваю чаргу, выносіць заключэнне аб тым, што гэты пісталет больш страляць не здольны. І далей ён аддаецца заказчыку. Так праз нас, напрыклад, праходзіў сувенірны пісталет ад нашчадкаў лётчыка, на рукаятцы якога быў выгравіраваны дароўны надпіс ад беларускіх партызан, датаваны 1943 годам...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота атрымана ад ДКСЭ

Загаловак у газеце: Куля важыць няшмат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».