Вы тут

Максім Мірны абвясціў аб завяршэнні кар'еры


Яго шлях у вялікім спорце склаў больш за дваццаць гадоў. За гэты час Макс, як прывыклі называць яго многія, стаў першай ракеткай свету ў парным разрадзе і алімпійскім чэмпіёнам у міксце. У яго актыве таксама дзесяць перамог турніраў Вялікага шлема ў парным разрадзе, двойчы Мірны станавіўся пераможцам Выніковага турніру АTР. А ўся напоўненая ўзлётамі і падзеннямі кар'ера пачыналася менавіта ў нацыянальнай зборнай у 1994 годзе. Там Мірны дэбютаваў у 16 гадоў, у адборачных раўндах Кубка Дэвіса. Пасля гэтага ён практычна кожны год уносіў сваю велізарную лепту ў развіццё зборнай роднай краіны.


29 лістапада Максім Мірны апублікаваў адкрыты ліст, дзе паведаміў аб тым, што мае намер завяршыць сваю спартыўную кар'еру. 41-гадовы спартсмен падзякаваў сваім родным, балельшчыкам, дзіцячым трэнерам, настаўнікам падчас прафесійнай кар'еры, кіраўніцтву Беларускай тэніснай федэрацыі, Мінспорту і Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту за падтрымку на працягу 25 гадоў актыўных выступленняў на корце.

«Я хачу паведаміць сёння, я прыняў рашэнне аб тым, што 2018 год быў маім апошнім сезонам у прафесійнай кар'еры. Гэта было цяжкае для мяне рашэнне, улічваючы, што тэніс з'яўляецца маім жыццём з самага ранняга дзяцінства. Я шчаслівы, што мне ўдалося так доўга атрымліваць асалоду ад гэтай гульні!

Выступаючы на асабістых турнірах альбо гуляючы за краіну, я заўсёды ставіўся да сваёй прафесіі з высокай ступенню гонару і павагі, заўсёды працаваў з поўнай аддачай, таму выходжу з гульні без якога-небудзь шкадавання і толькі на пазітыве! Мне ўдалося дасягнуць нашмат больш за тое, пра што малы з Мінска, Беларусі мог марыць, узяўшы ў руку ракетку.

Мой доўгі шлях быў бы немагчымы без пастаяннай падтрымкі маёй сям'і. Я застануся ў вечным даўгу перад сваімі бацькамі, якія мяне з малых гадоў выхоўвалі ў найлепшых спартыўных традыцыях і вучылі жыццю. Мая жонка і дзеці заўсёды мяне напаўнялі неверагоднай падтрымкай і вельмі натхнялі прасоўвацца наперад. Таксама на маім шляху пашчасціла працаваць з цудоўнымі спецыялістамі, якія дапамаглі развіць мае спартыўныя і чалавечыя якасці. Хацелася б падзякаваць і абняць усіх сваіх балельшчыкаў. Вы пасылалі мне сваю любоў і падтрымку. Вы са мной радаваліся перамагаючы, а таксама паднімалі мяне ў розных кутках свету, калі светлая паласа змянялася на цёмную... Вы мне давалі сілы і матывацыю прачынацца і працягваць працаваць. Я буду заўсёды памятаць, як прыемна і адказна выступаць перад вамі, няхай гэта будзе на трэніровачным корце ці пры забітых трыбунах.

Зазіраючы наперад, прыйшоў час пераключацца і прымаць новыя выклікі. Несумненна, я буду сумаваць па гульні і саперніцтву, але я ўсё роўна буду пільна сачыць за тэнісам і атрымліваць асалоду ад сваёй любімай прафесіі побач з кортам», — напісаў Максім Мірны.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Выходжу з гульні толькі на пазітыве!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».