Вы тут

«Ясная мова» для самастойнага жыцця


У кожнага з нас ёсць праблемы, але калі чалавек мае інваліднасць, іх колькасць і вастрыня істотна павялічваюцца. І аднаму справіцца з імі часта не пад сілу. Задача дзяржавы і ўсяго грамадства — прыйсці на дапамогу, каб зрабіць жыццё чалавека з інваліднасцю больш камфортным і якасным. Апошнім часам мы шмат гаворым пра складанасці, з якімі сутыкаюцца інваліды-калясачнікі, невідушчыя людзі і людзі з праблемамі са слыхам. Але ёсць яшчэ адна катэгорыя, пра якую рэдка хто ўспамінае, але якая, мабыць, найбольш неабароненая, — людзі з разумовымі абмежаваннямі.


Як і любы іншы чалавек, яны маюць права на атрыманне зразумелай інфармацыі. Але як данесці яе да тых, хто не ўмее чытаць і пісаць, а некаторыя — і размаўляць? Гэта праблема.

Большая частка інфармацыі — як у друкаваным, так і ў электронным выглядзе — з'яўляецца незразумелай для людзей, у якіх ёсць цяжкасці з чытаннем і пісьмом, або яны разумеюць напісанае з цяжкасцю. Такім чынам, звароты ў розныя інстанцыі становяцца для іх непасільнай справай, а заяўкі на сацыяльную дапамогу нават не падаюцца.

Два гады таму Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ААН аб правах інвалідаў, адзін з раздзелаў якой прысвечаны неабходнасці ўкаранення «яснай мовы» як даступнага сродку камунікацыі для людзей з разумовымі абмежаваннямі.

Гэта новы кірунак для нашай краіны, над якім працуе грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» (БелАДДІіМІ).

— Праект «Доступ да інфармацыі для людзей з інваліднасцю, або Ясная мова» накіраваны на стварэнне безбар'ернага камунікацыйнага асяроддзя для людзей з разумовымі абмежаваннямі, — расказала на пленарным пасяджэнні «Грамадства роўных магчымасцяў», якое прайшло ў рамках форуму «Універсальнае асяроддзе — 2018», старшыня БелАДДІіМІ Алена Цітова. — Мы ўжо распрацавалі метадычныя рэкамендацыі, якія перададзім у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пра што гэта? Вось глядзіце: для таго каб чалавек з разумовымі абмежаваннямі змог даведацца аб нашым сённяшнім мерапрыемстве і трапіць на яго, патрэбна даступная для яго інфармацыя. Гэта таксама з'яўляецца своеасаблівым безбар'ерным асяроддзем...

У «яснай мове» скарочаны слоўнік, спрошчана структура выказванняў, а тэкст пішацца і размяшчаецца па пэўных правілах. На ёй нельга напісаць, напрыклад, «аўтатранспартны сродак для перавозкі пасажыраў», замест гэтага — «аўтобус». Прапанову «Гэты закон распаўсюджваецца на ўсіх людзей» перапішуць на «Гэты закон для ўсіх людзей». Таксама ў ёй выкарыстоўваюцца карцінкі, якія называюцца піктаграмамі.

За мяжой «ясную мову» ўкараняюць у дакументацыю, ствараюць на ёй версіі сайтаў дзяржаўных органаў і адаптуюць тэксты СМІ. Гэта дазваляе працаўладкоўваць людзей з разумовымі абмежаваннямі, быць ім уключанымі ў грамадскае жыццё.

— «Ясная мова» спатрэбіцца і для людзей сталага ўзросту, якія пачынаюць адчуваць складанасці з засваеннем інфармацыі. Яна важная і для замежнікаў, якія дзякуючы гэтаму змогуць зразумець, напрыклад, меню ў кавярні, якое на «яснай мове» выглядае вельмі проста — малюнкі і цана. Гэта датычыцца і інфармацыі ў аэрапортах, на вакзалах, у крамах, — кажа Алена Цітова. — Так што, калі мы пададзім інфармацыю даступна для людзей з інтэлектуальнымі парушэннямі, гэтым скарыстаецца дадаткова яшчэ вялікая колькасць іншых жыхароў і прыезджых.

Кажучы пра тое, як змянілася за апошнія гады сітуацыя для людзей з разумовымі абмежаваннямі, Алена Цітова адзначыла:

— Дваццаць пяць гадоў таму для нашых дзяцей, дзяцей з цяжкімі парушэннямі не было нічога, акрамя інтэрната. Нам, бацькам, прапаноўвалі адмовіцца ад іх, раілі жыць сваім жыццём. Многія з нас не зрабілі гэтага. Сёння я перастала баяцца таго, што мой сын не зможа даць зразумець, што яму дрэнна. Гэтага ўжо не адбудзецца. Таму што ёсць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе ўсе ведаюць майго сына, ёсць суседзі, з якімі ён мае стасункі... Дзякуючы такім цэнтрам мой сын, і не толькі ён, але і яшчэ больш за пяць тысяч чалавек з такімі ж праблемамі навучыліся таму, як можна давесці да іншых інфармацыю пра свае патрэбы. І гэта з'яўляецца першым крокам да рэалізацыі 19 артыкула Канвенцыі аб правах інвалідаў, крокам да самастойнасці нашых дзяцей у гэтым жыцці.

Сустрэча баявых сяброў

29 лістапада ў Мінску прайшоў штогадовы турнір па боўлінгу сярод інвалідаў вайны ў Афганістане.

— Гэтую акцыю, прымеркаваную да Міжнароднага дня інвалідаў, наша арганізацыя праводзіць ужо на працягу 18 гадоў, — расказаў член Прэзідыума грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Сяргей Красоўскі. — Боўлінг — адзін з нямногіх відаў спорту, у якім могуць удзельнічаць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі руху. А гэты турнір, апроч усяго іншага, — яшчэ і магчымасць сустрэцца і пагутарыць старым баявым сябрам.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.