Вы тут

Першыя вынікі перапісу насельніцтва з'явяцца ў пачатку 2020 года


У канцы лістапада завяршыўся першы этап падрыхтоўкі да перапісу насельніцтва. Яго праводзілі, каб праверыць адрасы ў гарадах, пасёлках гарадскога тыпу, буйных сельскіх населеных пунктах і скласці спісы жылых дамоў і памяшканняў у іх. Для гэтай задачы прыцягнулі тысячу рэгістратараў: найбольшая іх колькасць была ў Гомельскай вобласці — 187 чалавек, найменшая ў Мінску — 44. У асноўным былі задзейнічаны работнікі арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Рэгістратары павінны былі абследаваць усе пабудовы (у тым ліку і незавершаныя), дзе можа пражываць насельніцтва на момант правядзення перапісу, а таксама нежылыя памяшканні, занятыя арганізацыямі. З экіпіроўкі выдалі пасведчанні, планшэты, сумкі з адмысловымі лагатыпамі, знешнія акумулятары, канцылярскія прылады, а для бяспекі — свісткі і ліхтарыкі. На планшэтах была ўсталявана спецыяльная праграма, якая цалкам аўтаматызавала працэс збору інфармацыі, дазваляла працаваць з картамі і ў рэжыме рэальнага часу перадаваць даныя на сервер Белстата.

Да пачатку абходу ў спісе адрасоў значылася каля 500 тысяч будынкаў. Спіс быў складзены на падставе Рэестра адрасоў і Рэгістра насельніцтва. У выніку рэгістратары выдалілі з пераліку каля 8 тысяч дамоў, а дадалі — амаль 126 тысяч. Па папярэдніх звестках, абследавана 626 тысяч пабудоў.

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА расказала аб праблемах, з якімі сутыкнуліся падчас гэтага этапу. Так, на ўчастках новай забудовы з-за адсутнасці шыльдаў на будучых дамах немагчыма было вызначыць, які нумар ім трэба прысвоіць. Пры перайменаванні вуліц на асобных будынках заставаліся надпісы са старымі найменнямі або віселі адразу дзве шыльды — са старым і новым адрасам. Як правіла, гэта датычылася прыватнага сектара. Паўтараліся нумары дамоў на адной і той жа вуліцы, а ў адміністрацыйнага і жылога будынкаў мог быць адзін паштовы адрас. Часам на мясцовасці адсутнічалі жылыя дамы, хоць па даных адміністрацыйных крыніц у іх былі зарэгістраваны людзі. А па адрасах, дзе стаялі запраўкі, цеплавыя пункты, сталовыя, гандлёвыя цэнтры, магло быць зарэгістравана насельніцтва.

Затраты на гэты этап падрыхтоўкі былі максімальна мінімізаваны. Частку планшэтаў Белстату перадала Міністэрства аховы здароўя (потым тэхніка вернецца ведамству), частку набылі за кошт спонсарскіх сродкаў розных арганізацый краіны. Рэгістратары працавалі за той заробак, які атрымліваюць па месцы працы. За грошы рэспубліканскага бюджэту былі закуплены толькі паслугі сувязі па перадачы даных, сумкі, канцылярскія прылады, аплачана страхаванне перапісчыкаў і планшэтаў.

Перапіс насельніцтва пройдзе ў кастрычніку наступнага года. Праводзіць яго будзе каля 10 тысяч рэгістратараў, спатрэбіцца (з улікам рэзерву) 12,8 тысячы планшэтаў. У Белстаце падкрэсліваюць, што пераход на інфармацыйныя тэхналогіі дазволіць у тры разы скараціць час правядзення перапісу — з 15 хвілін да 5 на чалавека (без пытальніка па сельскай гаспадарцы).

У анкеце з'явяцца новыя пытанні — па міграцыі (у тым ліку працоўнай), атрыманні дадатковай адукацыі. Паколькі дзяржава заклапочана дэмаграфіяй, у жанчын будуць цікавіцца, ці плануюць яны нараджаць дзяцей.

— Пытанні рэлігіі ў нас не прадугледжаны. Гэта з'яўляецца міжнароднай рэкамендацыяй. Беларусь таксама лічыць немэтазгодным уключэнне такіх пытанняў, каб пазбегнуць непаразумення, — адзначае намеснік старшыні Белстата Жанна ВАСІЛЕЎСКАЯ. — Што датычыцца моўных пытанняў, то іх будзе два. Першае — пра тое, на якой мове вы пачалі размаўляць у дзяцінстве, другое — пра мову, на якой размаўляеце дома. На планшэтах будзе дадзена магчымасць адказаць як па-руску, так і па-беларуску.

Перапісчыкі будуць прасіць грамадзян таксама назваць свой ідэнтыфікацыйны нумар — гэта паскорыць запаўненне анкет, бо частка інфармацыі пра чалавека (тыя ж прозвішча, пол, узрост) адразу загрузіцца аўтаматычна. Але калі хтосьці адмовіцца агучваць нумар, даныя будуць набіраць уручную.

Мяркуецца, што папярэднія вынікі перапісу будуць апублікаваныя ў пачатку 2020 года, выніковыя — бліжэй да канца 2020-га.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Анкета на пяць хвілін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?