Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Зборная Беларусі па футболе даведалася, хто будзе яе сапернікамі ў барацьбе за пападанне на чэмпіянат Еўропы, а таксама і іншыя актуальныя спартыўныя падзеі выхадных у штотыднёвым аглядзе «Звязды».


1. Трыццатым турам завяршыўся 28-ы чэмпіянат краіны па футболе. Салігорскі «Шахцёр» заваяваў «серабро» першынства, мінскае «Дынама» стала ўладальнікам «бронзы». Нагадаем, барысаўскі БАТЭ ўжо даўно забяспечыў сабе 15-ы чэмпіёнскі тытул. А вось «Смалявічы» разам з магілёўскім «Дняпром» пакідаюць найвышэйшую лігу. На змену двум няўдачнікам у 2019 годзе прыйдуць дзве найлепшыя каманды 1-й лігі — мазырская «Славія» і мінскі «Энергетык-БДУ».

Найлепшым бамбардзірам 28-га нацыянальнага першынства стаў брэсцкі дынамавец Павел Савіцкі, у актыве якога 15 забітых мячоў.

Выніковае становішча: 1. БАТЭ — 73 ачкі, 2. «Шахцёр» — 64, 3. «Дынама» (Мінск) — 63, 4. «Віцебск» — 62, 5. «Тарпеда-БелАЗ» — 55, 6. «Дынама» (Брэст) — 52, 7. «Нёман» — 43, 8. «Слуцк» — 36, 9. «Гарадзея» — 34, 10. «Іслач» — 33, 11. «Мінск» — 30, 12. «Гомель» — 28, 13. «Прамень» — 24, 14. «Тарпеда» — 24, 15. «Смалявічы» — 24, 16. «Дняпро» — 16.


2. Зборная Беларусі па футболе даведалася, хто будзе яе сапернікамі ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы 2020 года. Там наша каманда пачне выступленне з гасцявой сустрэчы з камандай Нідэрландаў. Гульня першага тура адборачнай групы С адбудзецца на полі галандцаў 21 сакавіка 2019 года. Расклад астатніх гульняў беларускай зборнай:

  • 24 сакавіка — Паўночная Ірландыя — Беларусь.
  • 8 чэрвеня — Беларусь — Германія.
  • 11 чэрвеня — Беларусь — Паўночная Ірландыя.
  • 6 верасня — Эстонія — Беларусь.
  • 10 кастрычніка — Беларусь — Эстонія.
  • 13 кастрычніка — Беларусь — Нідэрланды.
  • 16 лістапада — Германія — Беларусь.

— З першага і другога кошыка нам трапілі, напэўна, самыя рэйтынгавыя каманды на дадзены момант. Астатнія прыкладна нашага ўзроўню, з якімі можна гуляць і набіраць ачкі, — каментуе жараб'ёўку галоўны трэнер беларускай зборнай Ігар Крывушэнка. — Ну а змагацца трэба з усімі ў групе. Кожная гульня — новая гісторыя. Будзем змагацца і з Галандыяй, і з Германіяй. Шанцы ёсць заўсёды.

Пуцёўкі ў фінальную стадыю Еўра-2020 атрымаюць дзве найлепшыя каманды. Акрамя таго, беларускія футбалісты могуць прабіцца ў фінальную частку кантынентальнага першынства праз плэй-оф Лігі нацый.


3. На стартавым этапе Кубка свету па біятлоне ў славенскай Паклюцы ў сінгл-міксце беларуская пара Ганна Сола / Сяргей Бачарнікаў заняла 16-е месца. А ў змешанай эстафеце беларускі квартэт у складзе Дзінары Алімбекавай, Ірыны Крыўко, Антона Смольскага і Уладзіміра Чапеліна фінішаваў 12-м.

Этап Кубка свету працягнецца 5 снежня дзвюма індывідуальнымі гонкамі.


4. Баскетбалісты зборнай Беларусі атрымалі першую вікторыю ў кваліфікацыйным турніры чэмпіянату Еўропы 2021 года. Яны перайгралі датчан — 84:79. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Аляксей Трасцінецкі, які набраў 21 ачко. Нагадаем, на старце турніру ў адборачнай групе А беларусы саступілі датчанам у Мінску з лікам 94:98, а затым прайгралі на выездзе камандзе Швецыі — 59:87.

Турнірнае становішча: Данія — 5 ачкоў (3 матчы), Беларусь — 4 (3), Швецыя — 3 (2). У заключным матчы кваліфікацыі каманда Аляксандра Круцікава 24 лютага 2019 года прыме на сваёй пляцоўцы шведаў.


5. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова атрымаў паражэнне ў 10-м туры групавога этапу Лігі чэмпіёнаў ад іспанскай «Барселоны» — 32:41.

Турнірнае становішча ў групе А: «Барселона» — 18 ачкоў, «Вардар» — 13, «Вівэ» — 12, «Райн Левен» — 12, «Веспрэм» — 12, БГК — 5, «Крысціянстад» — 5, «Манпелье» — 3.

Матчы 11-га тура групавой стадыі адбудуцца ў пачатку лютага 2019 года. БГК згуляе ў гасцях у «Манпелье».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».