Вы тут

У Беларусі ўступілі ў сілу змяненні ў закон аб СМІ


З 1 снежня ў Беларусі ўступілі ў сілу змяненні ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Сярод найбольш заўважных абнаўленняў — афіцыйна ўведзены ў медыяполе тэрміны «сеткавае выданне», «інтэрнэт-рэсурс» і іншыя, упершыню дакладна ўстаноўлены правы і абавязкі ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, пашыраны пералік забароненай да распаўсюджання інфармацыі, а таксама зацверджаны аб'ём перадач нацыянальнай вытворчасці — так, за два гады ўсе айчынныя тэлеканалы павінны мець як мінімум 30 % перадач уласнага беларускага кантэнту.


Каментуючы новаўвядзенні падчас анлайн-канферэнцыі Белтэлерадыёкампаніі, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі адзначыў, што ў 2008 годзе, калі прымалася папярэдняя рэдакцыя закона аб СМІ, у інтэрнэце працавала значна менш сродкаў масавай інфармацыі: «Сёння сітуацыя абсалютна іншая, як вы самі бачыце. З'яўляюцца новыя пагрозы, новыя выклікі, і заканадаўства павінна на гэтыя пагрозы і выклікі таксама рэагаваць. Да таго ж сама медыясфера інтэнсіўна развіваецца, так што ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у закон аб СМІ — гэта патрабаванне часу».

У прыватнасці, зазначыў першы намеснік міністра, цяпер закон дазваляе інтэрнэт-рэсурсам, якія добраахвотна здзейсняць дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці сеткавых рэсурсаў, атрымаць дакладна такія ж правы, якія маюць друкаваныя і электронныя сродкі масавай інфармацыі: магчымасць наведваць масавыя мерапрыемствы і дзяржаўныя органы ў якасці журналістаў, атрымліваць акрэдытацыю і г. д.

Акрамя таго, раней Павел Лёгкі расказаў у інтэрв'ю тэлеканалу СТБ, што міністэрства падрыхтавала больш лаяльныя кваліфікацыйныя патрабаванні да кіраўнікоў як друкаваных, так і сеткавых СМІ: «Паводле ранейшага заканадаўства, галоўным рэдактарам СМІ мог быць чалавек, які пяць гадоў адпрацаваў на кіруючых пасадах у СМІ. І мы добра разумеем, што гэта патрабаванне ўстарэла, таму прапанавалі пяцігадовы цэнз знізіць да трох гадоў. І самае галоўнае, не ставіць умову, каб абавязковай была работа на працягу пяці або трох гадоў на кіруючых пасадах. Гэта значыць, калі ты тры гады працуеш на інтэрнэт-рэсурсах, то незалежна ад таго, якія пасады займаў, ты маеш права прэтэндаваць на пасаду галоўнага рэдактара сеткавага рэсурсу».

Шмат абмеркаванняў выклікаў устаноўлены законам парадак папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых СМІ. Нагадаем, паводле зацверджанага Саветам Міністраў Беларусі палажэння, каб размяшчаць на сайце паведамленні ці матэрыялы, у тым ліку каментарыі, карыстальнікі мусяць заключыць адпаведнае пагадненне з інтэрнэт-рэсурсам, стварыць уліковы запіс і актываваць яго, пацвердзіўшы сваю асобу праз СМС-ідэнтыфікацыю (адзін тэлефонны нумар — адзін уліковы запіс на сайце), альбо іншымі спосабамі, напрыклад праз сацыяльныя сеткі ці электронную пошту. Выбар спосабу ідэнтыфікацыі карыстальніка застаецца за ўладальнікам інтэрнэт-сайта, пры гэтым звесткі пра карыстальніка і ўсе змешчаныя ім матэрыялы захоўваюцца на серверах цягам года пасля скасавання карыстальніцкага пагаднення.

«Механізм ідэнтыфікацыі будзе садзейнічаць памяншэнню колькасці правапарушэнняў у інтэрнэце, знізіць рызыкі ўладальніка сайта, якія могуць быць звязаны з размяшчэннем карыстальнікамі супрацьпраўнай інфармацыі, а таксама павысіць узровень сеткавай адукаванасці і прававой культуры паводзін у інтэрнэце», — падкрэсліла начальнік упраўлення прававога забеспячэння і кантролю за выкананнем заканадаўства Міністэрства інфармацыі Вікторыя Мялешка.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Як наша слова адгукнецца

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.