Вы тут

У Шклове распрацоўваецца маршрут, звязаны з жыццём і дзейнасцю Прэзідэнта


У Беларусі распрацоўваюць трансгранічны маршрут з Оршы ў Смаленск праз Шклоў і Александрыю

Трохдзённы трансгранічны маршрут для грамадзян Беларусі і Расіі ўключае Оршу (аглядная экскурсія, музеі), аграгарадок Александрыю (музей першага Прэзідэнта Беларусі), Шклоў (будынкі ратушы і сінагогі), Магілёў (аглядная экскурсія, музеі), Мсціслаў (аглядная экскурсія), Пустынкі (манастыр ХVІ стагоддзя), Смаленск (аглядная экскурсія, музеі). Але карта вялікага падарожжа пакуль яшчэ ў распрацоўцы, і верагодна, што будуць змяненні, папярэдзілі нас ва ўпраўленні спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама. А ў Шклове паралельна распрацоўваецца маршрут, звязаны з жыццём і дзейнасцю першага Прэзідэнта Беларусі.


Малое кальцо вялікага маршруту

Маршрут «Малая радзіма» існуе ў Шклове не першы год, але цяпер ён удасканальваецца і пашыраецца. Тут яшчэ знаходзяцца пад уражаннем ад здымак кліпа Алены Ланской «Куточак Беларусі». Але дом — школа — крыніца — гэта яшчэ не ўсё, што тут могуць паказаць. У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адзначаюць, што колькасць тых, хто жадае паглядзець, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва і пачатак працоўнай дзейнасці кіраўніка краіны, расце. Зараз вось не спыняецца паломніцтва да Трафімавай крыніцы, якую добраўпарадкаваў яшчэ дзед Прэзідэнта. У дзень тут бывае некалькі дзясяткаў чалавек. І гэта не ўлічваючы афіцыйных дэлегацый. Прычым не толькі з Беларусі, а з розных краін і часцей за ўсё Расіі.

Алеся Купцова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама дзеліцца напрацоўкамі:

— Пачынацца наш маршрут будзе са Шклова — гісторыка-краязнаўчага музея, дзе ёсць выстаўка, прысвечаная дзейнасці першага Прэзідэнта. Потым наведваем шклоўскую школу № 1, дзе Аляксандр Рыгоравіч пэўны час узначальваў камсамольскую пярвічку і дзе пасля вучыліся двое яго сыноў. Дарэчы, праз тры гады школа адзначыць сваё 100-годдзе. Александрыя — радзіма Прэзідэнта, тут, адпаведна, самы запатрабаваны аб'ект — школа, дзе ён вучыўся. І —Трафімава крыніца, якая побач з аграгарадком. Дом, дзе жыў маленькі Лукашэнка, не захаваўся. Ён быў знесены, але праз пэўны час на гэтым месцы пабудавалі іншы дом, падобны на папярэдні. Гэта прыватная маёмасць, закрытая для наведвальнікаў. Убачыць яго можна толькі ў кліпе Алены Ланской — здымкі праходзілі менавіта ў ім. А яшчэ ў школе — тым самым будынку, дзе вучыўся будучы Прэзідэнт. Зараз там музей, а побач знаходзіцца сучасная двухпавярховая школа. Трафімава крыніца апошнім часам таксама змянілася да непазнавальнасці — гэта цэлы комплекс пабудоў, прыгожа аформлены ландшафт. Сёлета ў яе добраўпарадкаванні падчас суботніка прымаў удзел і сам Прэзідэнт. Гэтую крыніцу наведвалі Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў. Яны вельмі высока ацанілі якасць вады. Зараз мы прапрацоўваем яшчэ адзін аб'ект, дзе пачыналася працоўная дзейнасць будучага Прэзідэнта.

Фота на памяць

Але лепш адзін раз паглядзець, чым сто разоў пачуць. Ад Шклова да Александрыі 20 кіламетраў. Пакуль едзем да аграгарадка, ідэолаг гаспадаркі ААТ «Александрыйскае» Алена Гвоздзева знаёміць з мясцінамі, расказвае пра старажытныя курганы, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, пра маляўнічыя мясціны, захаванне традыцый, Трафімаву крыніцу. Па расказах жыхароў, вада ў ёй заўсёды вельмі цанілася, яе лічылі святой. Яна можа і месяц стаяць, і год — праверана ўжо, не псуецца. На Хрышчэнне яе наведвае каля 2,5 тысячы чалавек. Дарэчы, адноўлены дом Прэзідэнта непадалёк, гэта былая вёска Александрыя 2, а пасля таго як яна ўлілася ў аграгарадок Александрыю — проста вуліца Крынічная. Але народ па-ранейшаму называе яе Александрыя 2, ды і ўказальнік застаўся.

Нарадзіўся Прэзідэнт у Копысі, тады гэта была вёска Віцебскай вобласці, а зараз аграгарадок. Там функцыянавала найбліжэйшая бальніца. Ад Александрыі да Копысі рукой падаць — мост цераз раку перайсці. Раней жыхары перапраўляліся ў Александрыю на пароме або лодках, а потым для іх пабудавалі мост. «І гэта выгадна ўсім, — удакладняе ідэолаг. — Гаспадарка «Старыя Стайкі», якая знаходзілася ў Копысі, зараз частка ААТ «Александрыйскае». Акцыянернае таварыства сёння адно з паказальных, бо гэта аграгаспадарка краіны з замкнёным цыклам вытворчасці, тут працуюць 1624 чалавекі, створана 32 структурныя падраздзяленні. На вытворчасці ўкаранёныя перадавыя тэхналогіі, усе працэсы аўтаматызаваныя.

Аграгарадок Александрыя, на думку Алены, нічым не горшы за горад — жыллё з усімі выгодамі, сярэдняя школа, ФАК з басейнам, саўнай, джакузі і вялікай спартыўнай залай, амбулаторыя з поўным комплексам працэдур, уключаючы стаматалагічны кабінет, Дом бытавых паслуг, Дом культуры, тры крамы, кавярня, гасцініца, дзіцячы садок на 75 месцаў, чыгунка пад бокам. Да абласнога цэнтра 60 кіламетраў, раённага — 20. Ідэальныя ўмовы для стварэння сям'і і выхавання дзяцей. Жыве ў Александрыі болей за 600 чалавек, і колькасць насельніцтва павялічваецца.

На базе аграгарадка сёлета створаны трэніровачны цэнтр Акадэміі футбола «Дынама-Брэст». Падлеткі з усёй Беларусі жывуць у гасцініцы і займаюцца ў мясцовай школе. А тут штогод праводзіцца рэспубліканскае свята «Александрыя збірае сяброў».

Геаграфія наведвальнікаў

Школа ў Александрыі — адзін з самых папулярных аб'ектаў. Тут працуе свой гісторыка-краязнаўчы музей.

— Сёлета нас наведала каля шасці тысяч чалавек, — расказвае дырэктар школы Аляксандр Бобрыкаў. — Для параўнання: летась было 4,5 тысячы. Кожны тыдзень прыходзіць каля 200—300 чалавек. Экскурсіі праводзяць нашы навучэнцы, але людзі прыязджаюць нават у выхадныя дні. І тады я падмяняю школьнікаў (усміхаецца).

Тут сабрана ўся гісторыя Александрыі — археалогія, перыяд Вялікай Айчыннай вайны, ёсць фотаздымкі старой школы, якая згарэла, а ў 1996 годзе была адноўлена. З арыгінальнага ў музеі пячатка тутэйшага тут графа Аляксандра Хадкевіча, у гонар якога названа Александрыя. А вось што датычыцца Прэзідэнта, то асабістых рэчаў яго няма — у асноўным фотаздымкі. З найболей каштоўных экспанатаў — арыгінал ганаровай граматы і медалі Кацярыны Трафімаўны — маці Аляксандра Рыгоравіча. Сёлета з'явіліся новыя фотаздымкі — 1 верасня кіраўнік дзяржавы завітаў у родную школу на лінейку. Установе ён падарыў два мультыборды — адзін зараз стаіць у класе матэматыкі, другі — у класе інфарматыкі. Плюс вулічныя трэнажоры для заняткаў варкаўтам. Школа разлічана на 108 чалавек, але зараз у ёй вучыцца ўдвая больш дзяцей, нават настаўніцкую аддалі пад клас. 75 школьнікаў падвозяць з іншых населеных пунктаў і 38 навучэнцаў — гэта выхаванцы футбольнага клуба «Дынама-Брэст».

На пытанне, з якіх краін прыязджаюць турысты, Аляксандр Іванавіч прапануе паглядзець кнігу водгукаў. Тут уся Беларусь, розныя рэгіёны Расіі, Кітай, Егіпет, Турцыя, Германія, Ізраіль, Індыя, Іарданія, Японія, Італія. Вока выхапіла подпісы знакамітых наведвальнікаў — гісторыка Уладзіміра Арлова, у якога тут вучылася маці, і алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несцярэнкі.

З музейнага пакоя рушым у драўляны будынак, дзе прайшло школьнае дзяцінства Прэзідэнта. Толькі лянівы яшчэ не сфатаграфаваўся за партай, дзе ён сядзеў. Летась па суседстве з гэтым класам адкрылася яшчэ адно памяшканне з экспазіцыяй у выглядзе школы 60—70-х гадоў. Гардэроб, печка, куточкі лабаранцкіх кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі. І адпаведныя рэчы — бочка з пітной вадой, адзін з першых тэлевізараў, асцылограф, метраном, канькі 60-х гадоў, першы кінапраектар.

Жадаеце зрабіць кар'еру? Прыязджайце ў Гарадзец

Ад Шклова да аграгарадка ўсяго 10 хвілін язды. Прыгожы населены пункт, вялікі Дом культуры, камфартабельныя жылыя домікі.

Дырэктар мясцовага Дома рамёстваў Галіна Ціханава ўспамінае пра тыя часы, калі дырэктарам саўгаса «Гарадзец» быў Аляксандр Лукашэнка, з удзячнасцю:

— Добры быў кіраўнік, клапаціўся пра нас. Мяне на работу прымаў. Ён тут працаваў з 1987 года, а я прыйшла працаўладкоўвацца ў дзіцячы садок у 1988-м. У той час былі перабоі з таварамі, але ў нас ўсё было. Лукашэнка быў кіраўнік строгі, але ж справядлівы. І пра людзей заўсёды думаў.

Старой канторы, дзе працаваў Аляксандр Рыгоравіч, ужо няма. Замест яе пабудавалі новы адміністрацыйны будынак. З былога кабінета захаваліся толькі стол, шыльда і крэсла. І шмат фота таго перыяду — з сакавіка 1987 года да 1994-га.

— Калі Лукашэнка прыйшоў на гэтую пасаду, гаспадарка была бедная, а ў 1989-м мы сталі ўжо мільянерамі, працавалі з прыбыткам. Гаспадарчым спосабам была пабудавана цэлая вуліца, — расказвае Галіна Ціханава. — Кіраўнік цікавіўся новымі формамі работы — сам вучыўся і нас вучыў, найлепшае ўкараняў у гаспадарцы. Напісаў нават брашурку «Гарадзецкія ўрокі».

З фота на чвэрць сцяны глядзіць кіраўнік саўгаса «Гарадзец» Аляксандр Лукашэнка, а вакол яго сабраўся натоўп людзей — гэта заканчэнне пасяўной, маёўка, тлумачыць наш гід. Жыццё ў саўгасе было разнастайнае, не толькі працавалі, але і спортам займаліся. Была нават свая футбольная каманда, і, мяркуючы па кубках, не самая дрэнная.

— Як толькі заваявалі прызавое месца, Аляксандр Рыгоравіч адразу ж загад — заахвоціць, — кажа дырэктар Дома рамёстваў. — А яшчэ ўвёў такі парадак. Калі школьнікі заканчвалі чвэрць на выдатна, іх бацькі атрымлівалі прэмію да наступнай чвэрці.

З 2006 года заснавальнікам гаспадаркі стаў ААБ «Беларусбанк», і яна атрымала назву ЗАТ «ААБ-Агра Гарадзец». Адна з вітрын музейнага пакоя прысвечана менавіта банку, тут сабрана поўная калекцыя грашовых знакаў пераходнага перыяду, які перажыла краіна пасля развалу СССР. У фота і экспанатах гісторыя не толькі гаспадаркі — усяго сельсавета. На яго тэрыторыі, дарэчы, знаходзіцца і вёска Крывель, дзе нарадзіўся вядомы савецкі артыст Пётр Алейнікаў.

А крэсла дырэктара саўгаса «Гарадзец», кажуць, чароўнае. Хто ў ім пасядзіць, хутка атрымлівае павышэнне па службе. І ахвотных гэта праверыць хапае. Не паверыце, але спраўджваецца.

Сяргей Артамонаў, намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама, гасцінна запрашае:

— Шклоўскі раён выдатны не толькі сваімі людзьмі, але і прыгожымі мясцінамі. Тут ёсць што паказаць і жыхарам краіны, якія яшчэ не былі ў нашым раёне, і замежным гасцям. А іх, паверце, прыязджае шмат. Гісторыя краю багатая. У самым горадзе гэта і цудоўны парк, і ратуша, і Спаса-Праабражэнскі храм, якому больш за 150 гадоў, і папяровая фабрыка «Спартак», якой 120 гадоў. Не менш прыгожыя аграгарадкі Шклоўшчыны — Александрыя, Гарадзец.

З улікам трансгранічнага маршруту мы распрацавалі свой — унутраны. Маршрут «Малая радзіма» і з'явіўся, дзякуючы цікавасці турыстаў да жыцця Прэзідэнта. Асобую актуальнасць гэта тэма набыла ў Год малой радзімы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Карэспандэнт «Звязды» ацаніла гастранамічны патэнцыял горада.

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.