Вы тут

Сюжэт для будучыні


Калі ідзеш на сустрэчу вядомага літаратара са студэнтамі, заўсёды ўяўляеш, чаго чакаць. Аўтар распавядзе пра жыццё, пра свой творчы лёс, прачытае некалькі вершаў, адкажа на звычайныя для такіх сустрэч пытанні, дасць парады маладому пакаленню, распішацца на кніжках. У залежнасці ад асобы такая сустрэча будзе альбо звычайна цікавая альбо звычайная.


Накіроўваючыся ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на сустрэчу з Навумам Гальпяровічам, не чакаеш чагосьці незвычайнага, і памыляешся. Ужо на ўваходзе ў будынак хлопцы з эмблемамі ўніверсітэта на форме, прапускаючы праз турнікеты, пытаюцца: «У тэатр?» Ды не, не ў тэатр, на творчы вечар… Знаходзячы патрэбны кабінет, разумееш, што ўсё ж такі ў тэатр. Маленькі, вельмі камерны — але сапраўдны, са сцэнай, заслонай і глядацкай залай, у якой сядзяць ужо некалькі студэнтаў. У звычайнай гутарцы яны карыстаюцца беларускай мовай, і гэтая дэталь прымушае падумаць, што, напэўна, яны трапілі сюды невыпадкова.

Не надта вялікую, але зацікаўленую публіку вітае народны літаратурны тэатр «Жывое слова». Мастацкія кіраўнікі — Алесь Мойскі і Алеся Сівохіна. Гэта другая сустрэча ў нядаўна адноўленым фармаце Клуба творчых дыялогаў пад назвай «Сюжэт для вечнасці», яна прысвечана Навуму Гальпяровічу.

...З сур’ёзным выглядам і вялікай папкай паперы ў залу ўрываецца дзяўчына і аб’яўляе, што ўсе мы прысутнічаем пры эксперыменце пад назвай «Сюжэт для вечнасці» — тэсціруем праграму, якая дазваляе перанесці чалавека ў самы шчаслівы час яго жыцця. У якасці добраахвотніка дзяўчына запрашае спадара Гальпяровіча, ён выглядае разгубленым. Кіраўніца эксперымента пачынае запаўняць анкету добраахвотніка — імя, прафесія, а дакладней прызванне, месца нараджэння. Адказы на гэтыя пытанні вядомыя, напэўна, усім у зале, але гэты элемент перфомансу не толькі паглыбляе ў сюжэт спектакля, але і наўпрост звязвае асобу пісьменніка з тым, што адбываецца на сцэне.

Сцэна ўся перацягнута стужкамі, якія ўяўляюць ці то плынь часу, ці то заблытанае павуцінне памяці, ці то фізічнае выяўленне праграмы або прылады, якую тэсціруюць. З-за чорнага задніка па адной выходзяць дзяўчыны, апранутыя таксама ў чорнае, і, пераступаючы праз стужкі, чытаюць вершы. Кожны адказ на пытанне з анкеты суправаджаецца выкананнем твора, які адпавядае па тэматыцы. Задаўшы некалькі пытанняў і хітра атрымаўшы аўтограф — «Цяпер распішыцеся тут, калі ласка», — куратарка эксперымента кажа, што час пачынаць. Тады ў павуцінні стужак з’яўляецца хлопец у акулярах і пінжаку. Ён расказвае ўспаміны — пра родны Полацк, пра першае каханне — дзяўчыну ў чырвоным берэціку, якая другі раз выходзіць на сцэну разам з ім. Кожны згаданы эпізод таксама суправаджаецца чытаннем верша. Дзяўчыны ў чорным чытаюць вельмі па-рознаму (мастацкія кіраўнікі ўдала падабралі вершы пад асабісты тэмперамент выканаўцаў). Яны зусім не тэатральнічаюць — проста распавядаюць гісторыю ў вершах, і ў кожнай гэта атрымліваецца адмыслова. Галоўны герой, які прадстаўляе маладога Навума Гальпяровіча, выконвае сваю ролю так шчыра і вытанчана, быццам яму і не даводзіцца граць.

Гісторыя атрымліваецца менавіта такой, якой можна прадставіць успаміны, — урывачныя эпізоды, яркія моманты, рэчы і ўчынкі, з якімі асацыюецца чалавек (напрыклад, той жа чырвоны берэт; сцэна, у якой дзяўчына для смеху зрывае акуляры з героя). Менавіта так можна было б убачыць гэтую гісторыю ў віры памяці, калі б яна адбывалася ў свеце Гары Потэра.

Такая форма падачы паэтычнай творчасці зачароўвае і заўважна ўзмацняе цікавасць. Тэатральная пастаноўка дапамагала больш востра адчуць, як розныя творы складаюцца ў адзін макракосм, уласны сусвет аўтара, у якім кожная звычайнасць надзелена асаблівым сэнсам.

Але ў хуткім часе адбылося вяртанне да рэальнасці і звычайнага фармату творчай сустрэчы.

Гучала дастаткова пытанняў пра сутнасць і прыроду творчасці, але да канкрэтных парад ці высноў пра тое, якім павінен быць аўтар, не дайшло. Пісьменнік павінен любіць жыццё, быць самім сабой, заставацца шчырым і не баяцца гаварыць, у тым ліку пра сябе, — такім было заключэнне Навума Гальпяровіча.

Падарунак за лепшае пытанне атрымала Анхела Эспіноса, беларускамоўная паэтка з Іспаніі, якая спытала пра адрозненне паэта ад звычайнага чалавека. Адказам ёй была яшчэ адна значная выснова: паэт і ёсць звычайны чалавек, і калі пры гэтым яму вераць, тады ён сапраўдны.

І сама форма імпрэзы ўпэўнена пацвярджае гэтае меркаванне. «Сюжэт для вечнасці» распавядае хутчэй пра чалавека, чым пра паэта. Але вершы — аснова для спектакля і неад’емная частка жыцця чалавека.

Напэўна, многім паэтам было б дзіўна, але вельмі прыемна пачуць свае вершы з чужых вуснаў, і тым больш — убачыць эпізоды са свайго жыцця, быццам рэканструкцыю, зробленую па творах. Паэтычныя спектаклі — рэч яшчэ неразгаданая, але безумоўна карысная для ўспрымання паэзіі публікай. А біяграфічныя паэтычныя спектаклі — яшчэ больш незвычайны фармат. Сімбіёз мастацтваў падаецца больш прагрэсіўнай формай стварэння імпрэз, бо мае шырэйшую прастору для эксперыментаў і навізны, да таго ж — павінен знаходзіць сваю аўдыторыю сярод прыхільнікаў розных мастацтваў. Эксперымент, праведзены тэатрам «Жывое слова», варты большай увагі і маштабаў, і хочацца спадзявацца, што тое, што калектыў тэатра робіць цяпер, — гэта сюжэт для будучыні.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.