Вы тут

Паэзія робіць свет лепшым...


З людзьмі, якія чытаюць кнігі, варта размаўляць не толькі пра кнігі. Вечныя тэмы: і сацыяльная, і палітычная — запатрабаваныя заўжды. Расійская «Литературная газета» захоўвае традыцыі, якія склаліся яшчэ ў мінулым стагоддзі і зрабілі выданне надзвычай папулярным на ўсёй прасторы краіны. Пра гэта ішла гаворка з яго цяперашнім галоўным рэдактарам, аўтарам каля дзясятка кніг паэзіі і прозы Максімам Замшавым на творчым вечары, што днямі адбыўся ў адной з крам «Белкнігі».


Пра паэзію

— Кожны твор уносіць нешта новае ў літаратурны працэс, калі не з’яўляецца плагіятам. А, можа быць, у выніку высветліцца, што і нічога — толькі час расставіць кропкі над «і». Вершы — гэта справа густу. Адным падабаецца адно, другім — іншае... А ўвогуле паэзія робіць свет лепшым. Прычым для славянскай моўнай культуры менавіта сілабатанічная паэзія найбольш сугучная — адпавядае структуры націскаў. Верлібры найбольш арганічныя для заходніх моў, якія не вымагаюць ні рытму, ні рыфмы...

Пра навізну і арыгінальнасць

— Самае складанае — навізна ў каноне. У фармальным плане культура паспытала ўсё магчымае: ад перформансаў на Краснай плошчы да рамана памерам у адзін абзац. Тут лепш быць асцярожным... Безумоўна, часам хочацца правесці фармальныя эксперыменты, паэзія ў любым выпадку ідзе шляхам разнявольвання формы... Але мне бліжэй (не адносна формы, а ў плане зместу) спробы зрабіць прарыў, пад якім варта разумець большую сілу эмацыянальнага ўздзеяння.

Пра пісьменніцкую работу

— Натхненне — крайняя ступень творчай засяроджанасці. Мне чужыя мяшчанскія ўяўленні, быццам натхненне — тое, што аднекуль звыш нападае на чалавека і ён апантана піша, лахматы і няголены, і не можа спыніцца.

— Не думаю, што варта звыкла разумець функцыю літаратуры: быццам гэта так званы востраў сумлення — тое функцыя не літаратуры, а пісьменніка, калі ён займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Але ў наш час літаратары і ўвогуле інтэлектуалы мусяць не вырашаць паасобку свае вузкаспецыяльныя праблемы, а аб’яднацца для вырашэння адной — глабальнай... Бо ў вайне пераможцаў не бывае... У нашым выданні мы і абмяркоўваем актыўна тэму аб тым, што свет наўрад ці выратуюць палітыкі. Свет павінны выратаваць пісьменнікі, мастакі, інтэлектуалы, проста разумныя людзі.

Пра друк

— Гавораць, быццам папяровыя выданні ў хуткім часе стануць непатрэбнымі, кнігі будуць чытацца з экранаў смартфонаў... Але нельга блытаць камунікацыю з кантактамі. Тэхніка не прызначана для чытання доўгіх раманаў. Хоць некаторая зручнасць ёсць, але чалавецтва не дарэмна вынайшла папяровы фармат — гэта нешта цэласнае, без чаго яно згубіць частку свайго эвалюцыйнага кораня. Так, былі прагнозы, што і тэатр не спатрэбіцца: навошта жывая сцэна, калі можна паглядзець спектакль па тэлебачанні? Але хутка высветлілася, што ніводзін тэлеспектакль не мае нічога агульнага са спектаклем у тэатры, — тэатр важнейшы. Тое ж будзе і з папяровай прэсай...

Яна БУДОВІЧ

Фота Марыны ВЕРАБЕЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».