Вы тут

Чорны лебедзь айчыннага пісьменства


Сучасны чалавек, сярэднестатыстычны жыхар мегаполіса, буйнога горада настолькі звык да дабротаў цывілізацыі ў выглядзе імгненнай сувязі, хуткага доступу да інфармацыі, наладжаных транспартных зносін, што сама думка пра тое, што ўсё гэта можа ў адно імгненне знікнуць, растварыцца ў мінулым і пакінуць па сабе толькі цьмяныя згадкі, нават не прыходзіць яму ў галаву. Але прыклады сусветнай гісторыі, калі час ад часу ў розных кропках свету здараюцца непрадбачаныя катаклізмы і грамадскія зрухі, што рэзка мяняюць лад жыцця і ход гісторыі, сведчаць пра адваротнае: наш свет, які здаецца ўстойлівым і непарушным, насамрэч не такі ўжо і надзейны.


Падобныя гіпатэтычныя магчымасці — падзеі кшталту «чорнага лебедзя», заўжды з’яўляліся і працягваюць быць невычэрпнай крыніцай натхнення для пісьменнікаў, а таксама дзеячаў кінатэлеіндустрыі. Як правіла, гэта нейкі буйны інцыдэнт, кропка адліку, пасля якой зыначваецца звыклы стан рэчаў. Гэта можа быць вайна, хутчэй за ўсё ядзерная («Паштальён» Дэвіда Брына), пандэмія («Пунсовая чума» Джэка Лондана), іншапланетны візіт ці акупацыя («Пікнік на ўзбочыне» братоў Стругацкіх, «Вайна сусветаў» Герберта Уэлса), альбо ўвогуле незразумелая глабальная трасца («Дарога» Кормака Макарці). Сама падзея падаецца ў творах як нешта, што адбылося ў мінулым, часта неадназначна інтэрпрэтуюцца абставіны і прычыны здарэння. Перад чытачом жа зазвычай малюецца, падаецца «на талерачцы» ўжо гатовы постапакаліптычны свет са змененай сістэмай каштоўнасцей, у якім і адбываецца разгортванне сюжэта.

Большасць такіх кніг, як ні дзіўна, маюць забаўляльны характар. Сучасныя фантастычна-прыгодніцкія творы не вымагаюць ад чытача залішніх разумовых высілкаў. Але некаторыя пісьменнікі ўсё ж карыстаюцца «постапакаліптыкай» як сродкам. Прапанаваныя абставіны служаць фонам для канфліктаў унутры сацыяльных груповак. Адзін з самых вядомых прыкладаў — раманпрыпавесць Уільяма Голдынга «Валадар мух», дзе аўтар даследуе прыроду людской агрэсіі, спрабуе зразумець, адкуль яна з’яўляецца ў чалавечай душы. У айчыннай літаратуры гэткія пытанні ставіў Васіль Быкаў, таксама заганяючы сваіх герояў у жорсткія рамкі выбару паміж жыццём і смерцю, гонарам і здрадай, змаганнем і адчаем. Высновы абодвух сучаснікаў — англічаніна Голдынга і беларуса Быкава — несуцяшальныя: імкненне да гвалту закладзена ў самой сутнасці чалавека; ад яго, як ад першароднага граху, пазбавіцца нельга.

У XXI стагоддзі сітуацыя не змянілася да лепшага, свет апанавалі новыя пагрозы, у тым ліку і інфармацыйнага характару, пра што не маглі не задумацца пісьменнікі. Адным з піянераў на гэтай глебе выступіў вядомы сёння літаратар Віктар Марціновіч. Яшчэ ў 2014 годзе ў сваім рамане-антыўтопіі «Мова» ён уявіў далёкую будучыню Беларусі, дзе краіна апанавана іншаземнай культурай, а беларуская мова знаходзіцца пад забаронай. Раман стаў своеасаблівым нацыянальным бестселерам, яго чыталі, цытавалі, абмяркоўвалі не адзін дзясятак разоў. Таму гаворка пойдзе не пра яго, а пра апошні па часе выдання твор Марціновіча — «Ноч», які сёлета пабачыў свет у выдавецтве «Кнігазбор».

Менавіта тут пісьменнік звяртаецца да тэмы постапакаліпсісу. Праз некалькі гадоў пасля «блэкаўту» — рэзкага адключэння электрычнасці, знікнення сонечнага святла і немагчымасці карыстацца энерганосьбітамі (прычыны ніхто не можа зразумець, і гэта адна з галоўных таямніц твора) свет абрынаецца ў змрок і глухое сярэднявечча. Менавіта такім нас сустракае на пачатку твора знаёмы большасці чытачоў Мінск — падзелены на аўтаноміі, пад жорсткім феадальна-рабаўладальніцкім кіраўніцтвам. Людзей, што разам з крыніцамі інфармацыі паціху страчваюць не толькі маральныя імператывы, але і элементарны здаровы сэнс, пераследуюць хтанічныя прывіды ў выглядзе андрафагаў, неўраў, казлакапытных. Усур’ёз культывуецца думка пра абмежаванасць Сусвету, што Зямля — плоская. «Калі святло знікае, калі словы ператвараюцца ў нішто, знікаюць і тапонімы, і еднасць. Застаюцца толькі холад, змрок і неабходнасць змагацца за жыццё». Усё, што раней можна было проста «загугліць», цяпер з’яўляецца таямніцай за сямю пячаткамі. Галоўная валюта — «цынкі» — так пачалі называць звычайныя пальчыкавыя батарэйкі. На іх можна набыць ежу, дах над галавой, забяспечыць сябе ўсім самым неабходным. І менавіта ў такіх умовах чалавецтва парадаксальным чынам пачынае вяртацца да чытання — разам з фізічным голадам у іх прачынаецца голад духоўны. Таму такімі запатрабаванымі становяцца тыя, хто валодае крыніцай духоўнасці — кнігамі.

Усё гэта мы даведваемся з расповеду галоўнага героя — Кнігара. У анатацыі гаворыцца, што нехта па імені Саціш Сівачарыяр набыў невядомы рукапіс у бенгальскага крамніка і пераклаў на англійскую мову, з якой ужо пісьменнік, то-бок Віктар Марціновіч, перастварыў яго па-беларуску. Такім чынам, тэкст перакладзены двойчы, з першакрыніцы, напісанай «незразумелымі кірылічнымі пісьмёнамі», і гэта агулам недвухсэнсоўна намякае на яго апакрыфічнасць. Ведаючы па папярэдніх творах («Параноя», «Сфагнум», «Сцюдзёны вырай», «Возера радасці») пра адметны талент аўтара па-заліхвацку закруціць сюжэт, чытач мае поўнае права спадзявацца на цікавыя і інтрыгоўныя перыпетыі ў лёсе галоўнага героя. Трэба сказаць, што і цяпер Марціновіч не расчароўвае. Мабыць, у гэтым і хаваецца сакрэт яго незвычайнай папулярнасці — супольнасць прыхільнікаў пісьменніка толькі ўзрастае з кожнай новай кнігай, бо штораз атрымлівае новую порцыю допінгу ў выглядзе інтэлектуальна-захапляльнага чытва.

Менавіта інтэлектуальнасць, гіпертэкстуальнасць — адна з адметных рыс творчасці аўтара. Раман наскрозь, нібыта кальцавая развязка дарожнымі лініямі, працяты відавочнымі і прыхаванымі цытатамі, адсылкамі на літаратурныя, культурныя, гістарычныя з’явы. Сам галоўны герой — Кнігар — гэта відавочны намёк на апавяданне Уладзіміра Караткевіча «Кніганошы», з творчасцю якога нашага аўтара «Ночы» яднае агульная настраёвасць тэксту. Сустракаюцца шматлікія «велікодныя яйкі» на творы «Чазенія», «Дзікае палявання Караля Стаха», «Ладдзя роспачы»... Тэма падарожжа, пошукаў каханай адначасова нагадвае нам і гамераўскую «Адысею», і звышпаэтычную гісторыю Арфея. Адметна, што гульня аўтара з чытачом у выглядзе рэбусаў і шарад, якімі насычаны тэкст, усё-ткі не падмяняе сабой фабулу і не пераўтварае аповед у прэтэнцыёзную постмадэрнісцкую кампіляцыю. Хутчэй успрымаецца як аўтарскі рэверанс у бок чытацкай аўдыторыі, якую пісьменнік высока цэніць і паважае.

Але, на жаль, якраз гэтае імкненне аўтара «падміргнуць» беларускай літаратуры згуляла з ім у творы дрэнны жарт. З першых старонак шмат дзе кідаецца ў вочы штучнасць, калькаванасць мовы, а таксама агульная стылёвая неахайнасць. Такое ўражанне, што чалавеку, выхаванаму на рускамоўнай традыцыі, загадалі: сядай і пішы па-беларуску, што ён старанна і зрабіў, а вынік атрымаўся… ну не вельмі. Нават калі прыняць умоўнасць, што вуглаватыя, месцамі недарэчныя лексічныя канструкцыі — гэта свядомы аўтарскі ход, бо сам твор апрыёры — прадукт перакладу, прычым здзейснены ў будучыні, калі мова і сапраўды магла змяніцца да непазнавальнасці, — усё роўна гэта не выглядае дастатковым апраўданнем. Засмучае тое, што менавіта беларускасць, якая заклікана быць асноўным рухавіком і лейтматывам расповеду, у рэшце рэшт і адштурхоўвае патрабавальнага чытача ад рамана, несумненна вартага глыбокага аналізу і асэнсавання.

Перафразуючы вядомае лацінскае выказванне, варта выснаваць наступнае: «што можна дараваць быку, тое нельга дараваць Юпітэру». Бо стыль, мова твора — яго вопратка, па якой, як вядома і сустракаюць. Вядома, у нейкай ступені гэта нівелюецца ідэяй, сюжэтам і вобразамі, бо Марціновіч у першую чаргу — высакакласны апавядальнік. Але існуе небяспека, што чытачы-неафіты, адкрываючы для сябе айчынную літаратуру, будуць уведзеныя ў зман, прыняўшы мову тэкстаў Марціновіча за ўзорную.

Пасля прачытання кнігі мусіш прызнаць: гэта твор пра нас з вамі, пра тую ноч, якая жыве ў кожным, пра ўнутраных пачвар, якія да пары, да часу стаіліся, каб у зручны момант паўстаць з небыцця і нарабіць кепстваў.

Таму чытайма: удумліва, засяроджана і сур’ёзна, не забываючыся ўсё ж на тое, што, па вялікім рахунку, уся літаратура — гэта містыфікацыя і амаль што жарт… Бо хто ведае, які ён насамрэч — духоўны постапакаліпсіс?

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».