Вы тут

Як на споведзі ў храме…


Даўно адгрымела рэха Другой сусветнай вайны, але пра яе здымаюць фільмы, пішуць кнігі, на ваенную тэму ладзяць дакументальныя выстаўкі. Каб страшныя падзеі ніколі больш не паўтараліся...


Кніга Віктара Арцём’ева «Вайна ў кожнага была свая» (Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, 2018) не зусім звычайная. У ёй аўтар падводзіць своеасаблівы вынік аднаго з этапаў сваёй творчасці. Пад адной вокладкай ён сабраў больш як тры дзясяткі нарысаў, аповедаў, эсэ. Усе яны аб’яднаныя тэмай Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945): «Радзішанскі летапіс вайны», «Выгнаннікі», «Вайна на свае вочы», «Героический Могилев. Лето 1941 года», «Франтавыя дарогі палкоўніка Асмалоўскага» і іншыя. У іх асабістыя ўражанні пісьменніка пераплятаюцца з успамінамі непасрэдных удзельнікаў баёў на Магілёўшчыне і ў іншых рэгіёнах былога Савецкага Саюза і замежжа.

Аўтар добра валодае беларускай мовай. Унутраны свет яго герояў і жорсткія абставіны вайны, перададзеныя па-беларуску, выглядаюць асабліва цікава і каларытна. У многіх разважаннях адчуваецца глыбокае псіхалагічнае асэнсаванне крывавай бойні на фронце і абставінаў жыцця мірных жыхароў, якія воляй лёсу апынуліся на акупаванай тэрыторыі.

Надуманых гісторый у кнізе няма. Толькі добрая дакументалістыка, асабістыя ўспаміны аўтара і ўдзельнікаў вайны. Многіх Віктар Арцём’еў добра ведаў, некаторых адшукаў сам, падрабязна запісаў іх расповеды і праз сваё падлеткавае (14 гадоў!) разуменне паказаў ваенныя падзеі так, як было на самай справе для яго і мільёнаў такіх, як ён, у тыя цяжкія і трагічныя часіны.

Падкупляюць шчырасць (як на споведзі ў храме) і ўсведамленне аўтара: героі — не генералы і маршалы, а шараговыя «радавыя вайны», якія, прайшоўшы праз цяжкасці і пакуты, «не скарыліся ворагу, ацалелі і яшчэ больш трывала ўмацаваліся духоўна. Лёс кожнага з іх унікальны, ён не падобны на лёсы іншых герояў, бо вайна ў кожнага была свая».

Упэўнена, выданне знойдзе сваю аўдыторыю як сярод сталага чытача, так і сярод моладзі. Нават непадрыхтаваны чытач праз папулярна-мастацкую мову і тонкае веданне аўтарам нязначных, на першы погляд, акалічнасцяў дасць магчымасць напоўніцу ўбачыць тую вайну.

Мікалай БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?