Вы тут

Ці небяспечныя лекі з серабром?


Сустракаецца інфармацыя, што наначасціцы серабра шкодныя. А між тым серабро ёсць у некаторых леках, напрыклад у пратарголе, каларголе. Значыць, яны небяспечныя? І ці можна без шкоды для здароўя карыстацца сярэбраным посудам?

Аркадзь Леанідавіч, Барысаўскі раён


Адказвае ўрач-лабарант Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана КЛІМУК:

— З даўніх часоў нашы продкі выкарыстоўвалі серабро, і за металам замацавалася рэпутацыя магічнага, які валодае гаючымі і нават містычнымі ўласцівасцямі. На працягу стагоддзяў сярэбраныя ювелірныя ўпрыгожанні звязвалі з надзвычайнай сілай. Гаенне ран, удача і абарона ад злых духаў — з даўніх часоў яму прыпісваюць шмат заслуг. Нашы продкі заўважылі, што віно ў сярэбраных сасудах даўжэй захоўвае свой смак, а сярэбраныя манеты ў вадзе змяншалі верагоднасць атручвання. Сярэбраныя парашкі і настоі наносілі на раны, каб папярэдзіць сепсіс. Серабро выкарыстоўвалася як высокаэфектыўны абеззаражвальны сродак аж да Другой сусветнай вайны, пакуль у шырокі ўжытак не ўвайшлі антыбіётыкі, якія незаслужана выціснулі з нашага жыцця гэты натуральны антысептык як канкурэнта.

Лячэбнае ўздзеянне нітрату серабра заключаецца ў падаўленні жыццядзейнасці мікраарганізмаў. Вядомы супрацьвірусныя і супрацьгрыбковыя ўласцівасці серабра. Пры ўсіх сваіх станоўчых уласцівасцях і падабенстве з антыбіётыкамі серабро не знішчае карысную мікрафлору ўнутры чалавека і не выклікае дысбактэрыёз.

Яно сапраўды ўваходзіць у склад некаторых лекаў, напрыклад каларголу, які прымяняецца ў выглядзе раствору для прамывання ран і вачэй пры кан'юктывіце. Пратаргол выкарыстоўваецца для арашэння галасавых звязак, лечыць насмарк. Ляпіс аказвае прыпякаючае дзеянне, прымяняецца для выдалення мазалёў і бародавак. У гэтых прэпаратах сапраўды ёсць серабро ў выглядзе наначасціц, аднак яны бяспечныя. Таксічнасць серабра — гэта перабольшванне, якое ідзе якраз з 1940-х. Максімум, што ад яго можа быць — невялікае пацямненне слізістай ці скуры. Гэта азначае, што нейкаму канкрэтнаму чалавеку серабро не падыходзіць. Але ёсць адчувальныя да серабра людзі, якім яно дапамагае справіцца не толькі з лор-хваробамі, але і іншымі немачамі. Напрыклад, узбагачаная серабром вада здольная не толькі знішчаць вірус, але і падтрымліваць імунітэт, узмацняць яго, што важна ў перыяд масавых прастудных захворванняў. Такая вада дапамагае справіцца з зубным болем, апёкамі і ранамі. Іоны серабра выкарыстоўваюцца і пры прыгатаванні крэмаў, дадаючы ім амаладжальныя ўласцівасці.

Вядома, што пры карыстанні сярэбраным посудам іоны серабра трапляюць у арганізм і замаруджваюць рост і размнажэнне бактэрый у кішэчніку. Існуе старая традыцыя дарыць дзіцяці сярэбраную лыжачку пры праразанні першага зуба, і яна мае не толькі сімвалічны, але і практычны сэнс. Даваць першую ежу з такой лыжачкі бяспечна, яна не толькі іанізуе ежу, але і знішчае бактэрыі ў поласці рота і на зубках дзіцяці. Так у малога, які дагэтуль харчаваўся толькі матуліным малаком і цяпер рызыкуе атрымаць інфекцыю з новай ежай, з'яўляецца дадатковая «абарона».

Аднак калі вы збіраецеся набыць сярэбраныя прадметы для выкарыстання ў якасці посуду, то рабіць гэта лепш не ў ювелірных крамах, а ў аддзелах посуду. Тое, што прадаецца ў ювелірных, часцей за ўсё можна выкарыстоўваць толькі для ўпрыгожання інтэр'ера. У складзе такіх прыбораў і посуду могуць быць цяжкія металы, якія здольныя з часам назапашваецца ў арганізме. Есці з такога посуду ці захоўваць у ім прадукты непажадана. Набываючы посуд, паглядзіце сертыфікаты і састаў сплаву. Ніякіх дадатковых металаў і прымесяў у ім быць не павінна. Выбірайце высокую пробу серабра — чым яна вышэйшая, тым чысцейшы сплаў і лепшая якасць. Асабліва пільна падыходзьце да саставу і пробы сталовых прадметаў, набываючы іх для дзіцяці. У сталовага серабра заўсёды павінен быць гігіенічны сертыфікат. Звярніце ўвагу на пакрыццё серабра: калі яно выкарыстоўваецца для харчовых мэт, то пакрыта можа быць толькі золатам. Родый, лак, эмаль і чарненне — прыкмета таго, што гэты прыбор годны толькі ў якасці сувеніра.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».