Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Ён ніколі не пакінуў бы Вішанек

Сто пяць гадоў прайшло з дня нараджэння пісьменніка, паэта, перакладчыка, беларускага Карчагіна — Вісарыёна Гарбука. Яго апавяданні (і асабліва зборнік «Твар у палоску») вельмі любілі школьнікі 70-х. Не ўзнікала сумненняў — замалёўкі зроблены педагогам. На вялікі жаль, прыкаваным да ложка.

Вісарыён Гарбук з настаўнікамі і вучнямі Дварэцкай школы.

Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Шкілякі Полацкага павета. Бацька яго, Сцяпан Гарбук, каб пракарміць сям'ю, ездзіў на заробкі ў Пецярбург. Захапіўшыся ідэямі рэвалюцыі і творчасцю Бялінскага, адтуль жа ён прывёз імя для сына. Праўда, прыняць удзел у барацьбе за светлую будучыню Гарбуку-старэйшаму не давялося: праз чатыры гады ён памёр, пакінуўшы ўдаве траіх дзяцей. Дваіх у хуткім часе таксама пахавалі. І толькі тады маці рашылася на пераезд — бліжэй да роднага брата, у вёску Вішанькі...

Будучы пісьменнік вучыўся тут у Чашніцкай сямігодцы, потым у Лепельскім педвучылішчы, пасля якога настаўнічаў у суседняй вёсцы Дварэц. Мне пашчасціла гутарыць з яго вучаніцай, былой партызанкай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Надзеяй Ільінічнай Грыбоўскай. «Усе мае аднакласнікі, — расказвала яна, — хацелі быць падобнымі на Вісарыёна Сцяпанавіча. Ён умеў знайсці сцяжынку да сэрца кожнага дзіцяці, вельмі прыгожа пісаў на дошцы, а ўжо як расказваў... Не магу забыцца, з якім задавальненнем мы слухалі яго!»

Ва ўсёй акрузе настаўнік слыў самым інтэлігентным і адукаваным, вучыў вясковую моладзь гуляць у шахматы, завочна вучыўся сам, і яго, як здольнага студэнта, хутка перавялі на стацыянарнае аддзяленне педінстытута.

На гэтым яго жыццё, здаецца, вычарпала ліміт шчасця, бо праз некалькі месяцаў студэнта арыштавалі. У астрог шмат дарог, Вісарыёна Сцяпанавіча прывяла туды бяскрыўдная фраза. Студэнты ў інтэрнаце курылі. Ён заўважыў, што гэта шкодзіць здароўю. Яму адказалі, што курыць сам таварыш Сталін! «Для мяне ў падобных пытаннях і Сталін не аўтарытэт», — прызнаўся Гарбук і... чатыры гады правёў на Калыме.

З месцаў пазбаўлення свабоды вярнуўся перад вайной. Працаваў у Мехаўскай школе на Віцебшчыне, марыў пісаць, але... З чэрвеня 1941-га і да пачатку 1947-га Вісарыён Гарбук — у радах Чырвонай Арміі, у інжынерных войсках. Непасільная праца, начлегі на мёрзлай зямлі, боль страт адбіліся на здароўі. Першыя прыкметы цяжкай хваробы праявіліся ўжо на фронце.

Усю вайну пісьменнік вёў дзённік, які немагчыма чытаць без хвалявання. Ён, у прыватнасці, нічога не ведаў пра лёс сваіх родных. Толькі пасля вызвалення Беларусі да Вісарыёна Сцяпанавіча прыйдзе страшная вестка, што бабулю, маці і дзядзьку разам са 114 жыхарамі Вішанек фашысты спалілі жывымі.

Мой водблеск змучанай душы,

Мая сястра на раздарожжы,

Якім нам словам варажыць,

Каб сны хоць шчасцем

упрыгожыць?

Разбуран дом, няма сям'і,

Разносіць вецер папялішча.

Хоць частку болі адымі,

Хоць на хвіліну гора знішчы.

Гэтыя радкі напісаны ў чэрвені 1945-га...

Пасля дэмабілізацыі Вісарыён Гарбук вярнуўся ў Вішанькі і, напэўна, ніколі не пакінуў бы іх, калі б не цяжкая хвароба. Урачы параілі яму змяніць клімат, і ён адправіўся ў Пяцігорск. За 13 гадоў — 25 клінік і шпіталяў. Вісарыён Сцяпанавіч наноў вучыўся трымаць аловак і пісаць хоць па пяць-шэсць радкоў у дзень. У гэтым яго падтрымлівалі чытачы: з Беларусі на Каўказ ішлі лісты ад франтавікоў, ад школьнікаў... Пісьменнік Мікола Хведаровіч, наведаўшы Вісарыёна Сцяпанавіча, быў уражаны мужнасцю гэтага чалавека.

У 1963-м выйшаў першы зборнік твораў Вісарыёна Гарбука, яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў, а ў 1979-м прысвоілі званне заслужанага работніка культуры БССР.

...Наш славуты зямляк пайшоў з жыцця ў 1986-м. Пахаваны ў Пяцігорску.

Ірына Торбіна, г. Чашнікі


Мост быў вельмі патрэбны!

На працягу бягучага года ўвага многіх людзей была прыкавана да моста цераз раку Прыпяць. Спачатку даляцела навіна, што ён трэснуў і правіс, што па ім адменены рух, што будуецца новы. А ўрэшце, што мост пабудаваны!

Тут нічога не скажаш: ён быў вельмі патрэбны, і будаўнікі стараліся як мага хутчэй завяршыць работы. Думаю, ім прыйшлося вельмі нялёгка, бо працы было шмат і прытым складанай. Але ж яны справіліся!

Ад імя ўсіх раней «адрэзаных» (калі можна гэтак сказаць) землякоў і гасцей, якія любяць прыязджаць у нашы мясціны, хачу шчыра падзякаваць будаўнікам за іх працу!

І. М. Матох, в. Запясочча, Жыткавіцкі раён


Каб дабро не прапала?..

Ганна штогод варыла варэнне... Што зусім не дзіўна, бо ягады, вішні, слівы і многае іншае ёй купляць не трэба было — прывозіла сваё, з вёскі, і кожнае лета. У выніку ўсе паліцы ў досыць прасторнай кладоўцы гарадской кватэры былі застаўлены слоікамі. Не паспявала сям'я з'ядаць... Са старога, чула, людзі гналі гарэлку, аднак Ганна на гэта доўга не згаджалася, бо муж яе не піў хіба тады, калі не было чаго альбо за што...

У тую вясну яны загадзя збіраліся ў вёску па бярозавы сок. Хацелі ўволю папіваць яго, нарыхтаваць у запас, для чаго набралі з сабой (балазе знаёмы на машыне падвозіў) пустых трохлітровікаў і (не прападаць жа дабру!) поўных слоікаў са старым варэннем.

На месцы Мікола тут жа ўзяўся за справу: выцягнуў два бітоны, завёў гарэлку, з нецярпеннем чакаў, калі «паспее» брага. І за гэты час чаго толькі не зрабіў па гаспадарцы!

Але ж вось наступіў доўгачаканы дзень. З самага ранку Мікола дзяжурыў «ля апарата». І нават не адзін. Ці не на пах любімай вадкасці завітаў швагер — муж Міколавай сястры. Яны (гаспадыні не да іх было) «пробу здымалі», аж пакуль абодвух не схіліла ў сон... Так што завяршаць «аперацыю» Ганне давялося самой.

Што крыўдна — не толькі гэту. Адной потым прыйшлося рамантаваць плот, перабіраць бульбу, вазіць на грады гной, ускопваць зямлю, бо Мікола ўвесь свой час стаў праводзіць за чаркай і спыніцца ўжо не мог...

А віною таму — прагнасць. Баімся, каб не прапала дабро. А што чалавек прападае... Выходзіць, няхай?

Таццяна Чэкед, г. Гомель


«Без нявесткі мяне даўно не было б»

...Праўду кажуць: шмат каму жыццё даецца, ды не ў кожнага ўдаецца.

Так атрымалася, што мне шмат даводзіцца кантактаваць з людзьмі пажылымі, з інвалідамі. Радуюся, калі паміж імі і іх нашчадкамі пануюць душэўная гармонія, узаемная павага і клопат. Па сабе ведаю, як гэта важна.

Ніне Сямёнаўне Самец з Беразіна ўжо пад 90, і, на вялікі жаль, у сваім дыхтоўным доме яна жыве адна. Спачатку памёр муж, з якім вырасцілі двух цудоўных сыноў, потым у лепшы свет і ў самым росквіце сіл сышлі і яны. Ніна Сямёнаўна засталася...

Ды не варта, лічыць, Богу грашыць, бо ёй ва ўсім дапамагае любімая нявестка Раіса Канстанцінаўна. «Без яе дапамогі я даўно памерла б, — прызнаецца Ніна Сямёнаўна. — І ў доме, і ў гародзе — яе праца. Іншыя дочкі пра матуль так не клапоцяцца, як мая Рая пра мяне. Хаця хто я ёй такая...»

Ёсць у гэтых словах — з уласнага досведу ведаю — горкая доля праўды. Некалі раней цэнтра, які займаўся б праблемамі пажылых, а тым больш дома састарэлых пры аддзелах сацыяльнай абароны не было. Дагэтуль у памяці, як прывезлі адну бабульку ў Пагосцкую бальніцу, а там — рамонт. Куды падзецца з жанчынай? Яна нам сама падказвае: «У мяне тут сын жыве. Можа, ён на нейкі тыдзень узяў бы?» Паехалі да сына, зайшлі ў хату. Нявестка, можна сказаць, з парога нам: «Навошта вы яе прывезлі? Я не толькі ў хату, я на двор яе не пушчу!» Аж вусцішна стала — нам... Што ўжо казаць пра жанчыну?! Прыйшлося везці яе ў Багушэвіцкую сельскую бальніцу, а адтуль — у дом-інтэрнат для састарэлых у Лагойск...

Узорнасць жа адносін да сваёй свекрыві з боку Раісы Канстанцінаўны Нікалаевай адчуваецца на кожным кроку. Апошнім разам па сямейных абставінах яна паехала ў Мінск да дачкі, але ж на свякроў не забылася — пазваніла, каб пацікавіцца здароўем. Адказу аднак... не пачула. Устрывожаная нявестка падняла на ногі суседзяў, знаёмых. І якраз паспела: Ніна Сямёнаўна была ў непрытомнасці — трэці інфаркт.

Дзякаваць богу, урачы выхадзілі жанчыну, далі шанц прадоўжыць жыццё.

А яно — якое б ні было (цяжкае, трывожнае, з горкім прысмакам страт...) — усё ж шчасце. У любым узросце.

Ніна Бурко, г. Беразіно


Пачынаецца снегапад

Я нарадзілася ў невялікай вёсачцы, якую з усіх бакоў акружае лес. З дзяцінства родная прырода была для мяне цэлым светам: чароўным, непаўторным, здольным натхняць — на невялічкія пейзажныя замалёўкі.

* * *

Восень. Ветрык. Бярозкі з высокага берага ракі махаюць жоўтымі галінамі, іх дзіўныя лісточкі-залатовачкі шырокім веерам падаюць долу, на ціхую плынь.

І раптам над ёю — пранізлівы крык. Гэта журавы, утварыўшы вялізны круг, аблятаюць родны куточак. Яны то апускаюцца нізка-нізка, да самай вады, то падымаюцца ўвысь, каб кінуць апошні пагляд на родныя мясціны, каб праспяваць ім сваю развітальную песню.

* * *

Лістапад — пачатак... Буйства колераў і адценняў. Сярод зялёных яловых лапак — тонкія, стромкія стволікі бяроз. Вочы міжволі ўздымаюцца ўверх, да золата іх лістоты. Туды ж імкнецца душа і тут жа... апускаецца ў пяткі, бо насустрач па ледзь бачнай сцяжынцы ідзе... лось. Яго цёмная магутная шыя плаўна пераходзіць у вялікае, бліскучае тулава, яго рогі нібы карона — аж зіхацяць на сонцы.

Лось ну пэўна ж ведае, што ён прыгожы. І тым ганарыцца.

* * *

Зазімак. Холад. Але восень усё яшчэ не здаецца: красуе фарбамі, гарыць рубінавым полымем, над якім аднекуль з'яўляецца белы пух. Ён кружыць спачатку плаўна, нясмела, а потым усё шпарчэй і шпарчэй. Бялюткія сняжынкі, падхопленыя ветрам, імкліва падымаюцца ўгору, і, станцаваўшы свой першы зімовы танец, павольна падаюць на зямлю. Пачынаецца снегапад.

* * *

Цішыня. Зялёна-белая ўрачыстасць. Елкі, засыпаныя снегам, стаяць у задуменні і ціхутка ківаюць пухнатымі галовамі.

Але што гэта: з адной і раптам — ледзяністы пыл? Гэта вяртлявая вавёрка кружыцца ў голлі дрэў, гайдаецца ў сонным прыволлі, парушае лясны спакой, быццам гаворыць: «Хто тут галоўны? Я!»

* * *

...Не адвесці вачэй ад аконнай шыбы! Мароз-умелец пастараўся на славу: чаго тут толькі няма?! Густы снег, мудрагелістыя галіны асін і клёнаў, графіка вецця вольхаў, вочкі верасу, пацеркі ландыша і ўсюды — карункі, карункі, карункі... На маляўнічае шкло ўпаў сонечны праменьчык, і ажыў, заіграў пейзаж. Крыштальная казка!

Ірына Салата, г. Гродна

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.