Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


Васіль Наталлін

З Васькам мы раслі на адной вуліцы. Ён гады на два старэйшы, жыў з маці, Наталляй, а паколькі быў бязбацькавічам, таму яго і называлі ўсе ў нашай вёсцы проста і зразумела: Васіль Наталлін. Калі да яго імя не дапасоўвалася імя маці, то — Васькам. «Ты з кім гуляў?» — пыталася іншы раз мая маці, калі я вяртаўся з вуліцы, забавіўшыся там, і я тут жа адказваў: «З Васілём Наталліным!» Больш пытанняў не мелася. Калі з ім, то добра, ён дурному не навучыць. Мелася, вядома ж, на ўвазе, што ў яго можна навучыцца толькі ўсім тым навукам, якія неабходны вясковаму мужчыну. Ён усё ўмеў рабіць, за што ні браўся. Жыццё прымусіла хлопца рана стаць дарослым. У школе ж Васіль вучыўся так-сяк. Я дагнаў і перагнаў яго, а Васька потым і зусім кінуў вучобу, таму што неяк уцёрся ў дружбу да старога Ігнацькі, які загадваў вупражжу ў брыгадзе, і пачаў днямі прападаць там. Відаць, за тое, што дапамагаў Ігнацьку, яму налічвалі працадні. Сказаць дакладна не магу, аднак не мог жа ён хадзіць да кладоўкі кожны дзень проста так? Маці што магла адна ў калгасе зарабіць? А хлапчына рос, мужнеў, яго і карміць трэба, і апранаць. Не жартачкі!

А потым мы, ягонае акружэнне, вельмі радаваліся, калі Ваську прызначылі сапраўдным конюхам. У нас было гонару, відаць, больш, чым у яго самога! У Ваські заўсёды віселі на плячы аброць і пуга — не абы што! Цяпер, разважалі мы, дурні, усе коні нашы: якога хочаш — бяры, катайся! Конюх жа наш дружок! Але дзе там! Хоць і прыбягалі мы на выган да коней, якіх пасвіў Васька, але больш забаўляліся ды баілі пра што-небудзь смешнае, каб парагатаць. А калі прасіліся пакатацца на кані, Васька кожны раз знаходзіў прычыну, што сёння нельга: то дзед Ігнацька вунь на агародзе косіць — дык убачыць, то вось-вось брыгадзір будзе ехаць назад з поля — што тады скажа? Прыходзьце, маўляў, заўтра. Назаўтра ўсё паўтаралася... Дапетрылі пазней: Ваську ж проста было шкада коней. Ён бярог іх, як толькі мог, стараўся, каб яны былі сытыя, дагледжаныя.

Аднак пазней з Васькам здарылася бяда. Каля калгаснага саду нехта пакінуў калючы дрот, конь на вялікай хуткасці зачапіўся нагой і спатыкнуўся, а Васька пераляцеў цераз яго, чмякнуўся галавой аб зямлю і страціў прытомнасць. Калі ачуняў, даў слова маці, што так хутка ездзіць больш не будзе.

Потым Васька вывучыўся на трактарыста, служыў у будаўнічых войсках на Новай Зямлі, чым хваліўся пасля дэмабілізацыі нам і расказваў пра свае салдацкія прыгоды. Ці не там, у арміі, вывучыўся на шафёра. Аднак калі вярнуўся са службы і захацеў працаваць у калгасе на «газіку», Наталля ўзняла такі вэрхал, што не перадаць: хопіць, што на кані ледзь не забіўся! Ці нагадаць табе? А калі хочаш мяне адправіць на той свет — ідзі, ездзі!..

Васіль Наталлін быў паслухмяным чалавекам. А тут так атрымалася, што пазнаёміўся з дзяўчынай аднекуль з-пад Доўска і акрыяў! Ён будзе там жыць і працаваць шафёрам! Маці ж далёка. Адкуль ёй ведаць — трактарыст ён ці вадзіцель?

Часта прыязджаў Васька наведваць маці, вядома ж. Хто ж сагрэе яе мацярынскае сэрца, як не адзіны сын. Аднак грузавік заўсёды хаваў дзе-небудзь перад вёскай у зарасніку ці каля крайняй хаты ставіў, а сам тупаў далей пешшу. Маці ж хлусіў: на спадарожнай дабраўся. На трактары ж не прыедзеш — гусенічны ў мяне. Але вяскоўцаў строга папярэджваў: глядзіце ж, не здайце мяне, а то мама не перажыве.

Рэдкі, пагадзіцеся, выпадак: Васіля землякі не здалі!

Наталля ж пайшла на той свет, так і не ведаючы, што яе сын амаль усё свядомае жыццё працаваў на аўтамашыне...


Непажаданыя суседзі

На першы погляд, жывуць-пажываюць у шматпавярховым доме людзі ціха-мірна. Калі ў адным пад'ездзе, то некаторыя нават вітаюцца паміж сабой. Што да зусім блізкіх суседзяў — тут ужо іншая справа: нават спыніцца і пагаманіць бывае патрэба. Іншы раз і ў госці схадзіць адзін да аднаго. Ці пазычыць што-небудзь. Але ж бываюць выпадкі, калі той жа пад'езд можа паказаць, як кажуць, «тавар» лепшым бокам. Яшчэ як можа! Для гэтага дастаткова нейкай падзеі, якая адбылася б дзесьці паблізу і да якой неаднолькава паставіліся б жыхары. Вядома: адным падабаецца адно, другім — іншае, трэцім — яшчэ нешта. Усім не дагодзіш.

Так і ў нас атрымалася. У пачатку лета адна з жанчын пачула тоненькі піск, які данёсся з дзіркі, што была з тарца ганка. Прыслухалася: дык гэта ж сабачаняткі цяўкаюць! Паспрабавала зазірнуць у дзірку, але тут падбегла сучка, усім сваім выглядам горда паказваючы: там мае дзеці, а я іх маці. У дзірку ж заглядваць жанчына перадумала: а хто яе ведае, што ў сабачай галаве! Яшчэ цапне!

Неўзабаве пра тое, што ў іх з'явіліся новыя суседзі, ведаў увесь пад'езд. Тут жа былі прынесены кантэйнеры з малачком і кашкай, хтосьці не пашкадаваў сардэлек і мяса — гэта ўжо для самой маці, а то ж гляньце — скура ды рэбры. Падкармілі яе, назвалі Машай і пачалі з прыемнай трывогай чакаць, калі ўжо пакажуцца на вочы шчанюкі. Цікава было і колькі ж іх там.

Такі дзень настаў: пяцёра! Не адразу тыя прывыклі да людзей, спярша хаваліся, а потым усё ж зразумелі, што нас баяцца няма чаго, і пасмялелі, маглі падоўгу куляцца-забаўляцца, не зважаючы на цікаўных.

Толькі вось не ўсім падабалася такое суседства. Знайшлося некалькі чалавек (жаночага, заўважце, полу!), якія лаяліся з тымі, хто карміў сабачак, маўляў, яны ж вырастуць і тут, пад ганкам, жыць будуць. Што тады? Навошта нам такія суседзі? Выклікалі нават работнікаў камунальнай гаспадаркі, каб дасталі цюцек. Ага, разагналіся! Пліта тут навечна, а ў шчыліну — не пралезеш. Ды і хлопцы разумныя прыйшлі. Для прыліку развялі рукамі, і бывайце здаровы, цёткі!

Прыязджалі і валанцёры. Са сваёй кашай. Вядома ж, таксама па званку. Аднаго шчанюка адразу забралі. Потым неўзабаве і другога, трэцяга... А калі застаўся адзін, Пятро (ён на першым паверсе жыве) лавіў яго і трымаў па начах на балконе ў цяпле.

Неўзабаве ўсе шчанюкі былі ўладкаваны. Знікла і Маша. Ціха і неяк крышачку сумна стала перад пад'ездам. Няма лішняй прычыны адным жанчынам парадавацца, а другім — пасварыцца. Такое ўражанне, што было кароценькае свята, і яно кудысьці раптам падзелася, знікла.

Святы сапраўды доўгія не бываюць. Як, дарэчы, і паўзы паміж імі. Паўлаўна надоечы паскардзілася, што не дае ёй спаць шчанюк, якога трымаюць на другім паверсе ў сваёй кватэры Танька з маладым мужам. «Гаўкае і гаўкае! Гаўкае і гаўкае! Рады не даць!» Хоць сама яна жыве на пятым. Аднак для яе ўзросту слых выдатны! Паўлаўну многія падтрымалі. Хоць сабака ў Танькі жыве даўно і нікому раней не замінаў. А заадно прыгадалі, у каго яны яшчэ дома ёсць. Ого, цэлых два! Вось, аказваецца, адкуль усе нашы беды!.. (Цікава, што ўсе сем'і ў пад'ездзе раней жылі ў прыватных дамах, пакуль не трапілі пад знос, і мелі, вядома ж, сабак.)

Васіль Бялоў апісвае ў адным са сваім твораў, як раней у вёску прывозілі кіно, а сабакі настолькі былі прывязаны да сваіх гаспадароў, што аніяк нельга было выгнаць іх з клуба. Выганяць — а яны ўсё роўна прашмыгнуць і лягуць каля ног. Нехта жартам прапанаваў кінамеханіку збіраць і з сабак грошы за прагляд кінастужкі: месца ж у клубе займаюць.

Баюся, каб такія вось незадаволеныя цёткі не падалі ідэю запісваць сабак у дамавую кнігу і лічыць іх за жыхароў. Месца ж сапраўды займаюць!


Дзедаў грыб

Грыбы сёлета пайшлі позна. Добра, што хоць так. Думалася ж наогул: усё, прапала паляванне на іх, адганяй думкі, што будзеш хадзіць-блукаць па лесе, дыхаць на поўныя грудзі водарам ігліцы. Яно калі шчыра, то бяды тае — грыбы! Ці мы такія ўжо галодныя, што без іх пражыць не можам? У мяне вунь на кухоннай шафцы кулёк сушаных мінулагодніх ляжыць: бяры, скарыстоўвай. А з тых слоікаў з рыжыкамі, на якія пашчасціла разжыцца летась, добрую палову раздаў сябрам. Дык жа не — у бок лесу паглядаем усё часцей і часцей,нецярпліва: ці ёсць? Ці з'явіліся? Канечне, хто спрачацца будзе: інстынкт. Інстынкт паляўнічага. Цікавы занятак. Не ведаю, як у каго, а ў мяне так. Не скажу, каб любіў асабліва грыбы — так, у ахвотку, можна паласавацца іншы раз імі з бульбачкай і гурочкам. А ў лес цягне. Вось-вось — іменна ў лес! Каб пахадзіць, надыхацца свежасцю. Што, здавалася б, перашкаджае? Едзь, хадзі, дыхай! Але ж хто гэта паедзе ў лес, каб проста падыхаць свежым, гаючым паветрам? Без дай прычыны паехаць і бавіць час? Проста так хадзіць-блукаць там? Даруйце! За дурня ж палічаць. Дзіваком назавуць. Дайце грыбы і кошык — тады калі ласка! Тады іншая справа.

Крыху прытомленыя, мы з сынам выйшлі з лесу. Грыбоў набралі поўныя кашы — як панесці. Пашанцавала, бо натрапілі на грыбныя мясціны. Яшчэ, відаць, і таму, што быў звычайны будны дзень, гараджан прыехала мала. Паціху крочылі да легкавіка, які пакінулі проста каля хаты зусім незнаёмых нам людзей. Каля лесу раней была малочнатаварная ферма, да яе праклалі асфальт, ён і сёння ў парадку. Таму крочылася лёгка. Наперадзе раптам «намалявалася» бабулька — выбралася з-за хмызоў, прыгнутая да зямлі, сухенькая і з кіёчкам, якім падсабляла сваёй не дужа зграбнай хадзе. У другой руцэ старая трымала даволі вялікі абабак. Павіталіся. Разгаварыліся.

— Гэта ж мне дзед абабак даў! Во, паглядзіце, які прыгожы! — пахвалілася бабулька.

— А дзе ж ён, ваш дзед?

— На могілках, дзе ж яму быць... — старая спынілася, павярнулася і паказала вачыма ў бок узлеску: трэба разумець, там яны. — Даўно адна жыву.

— А чаму дзед вам усяго адзін грыб даў? — пацікавіўся сын.

— Ага! Ён разгоніцца! Ён у мяне ашчадны заўсёды быў. Божа барані, каб калі каму лішняе даў і сабе ўзяў. Таму мы добра з ім і жылі. Не бедствавалі, слава табе Госпадзі! — Бабулька ўсміхнулася, і яе твар, густапасечаны глыбокімі маршчынамі, раптам ажывіўся, быццам пасвятлеў. — Гэта ён па адным грыбе мне наўмысна дае, каб я і заўтра да яго схадзіла. А калі адразу шмат дасці, то чаго я пайду да яго? У старога майго ўсё разлічана, па палічках раскладзена, як некалі інструмент у кладоўцы. Во ўжо парадак любіў!

— А дзеці ў вас ёсць?

— Дзеці ў горадзе. Ай, няпутныя! І ў каго ўдаліся? Стары ж мой не піў яе, халеру, так, як яны. Ці горад іх іспорціў, ці хто?.. Сыны ў мяне... абое рабое... Сыходзяцца, разыходзяцца... Каму п'яніцы трэба?.. А вось тут я і жыву... А вы з горада ж таксама?

— З горада, бабуля.

— І не п'яце ж, бачу! Самастойныя людзі. Во і па грыбы прыехалі. На машыне. А мае — ну іх! — яна махнула якраз той рукой, якой трымала грыб, і шляпка адарвалася, чмякнулася вобзем.

Сын падняў яе, падаў бабулі.

— Памыю, добра будзе. Згатую суп... Ну, шчасліва вам, добрыя людзі.

Бабулька памкнулася пайсці, але мы прытрымалі яе. Папрасілі, каб вынесла якую-небудзь пасудзіну.

— Дасць дзед ці не дасць яшчэ грыб, тут, як кажуць, бабка надвае варажыла. Ды і калі тое будзе — толькі заўтра. А вось нашых насмажце сёння.

Старая спачатку разгубілася, заўпарцілася, але мы ўсё ж насыпалі ёй грыбочкаў у вынесенае вядзерца.

Калі ўжо ад'язджалі з вёскі, я зноў убачыў яе на тым жа месцы — прыгорбленую, сухенькую і — з непрыхаванай радасцю ў вачах...

Васіль Ткачоў

Загаловак у газеце: Пра нас

Выбар рэдакцыі

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!