Вы тут

Добры гандаль там, дзе ёсць выбар


Улічваючы, што ў стацыянарных крамах гэтага рытэйлера можна купіць што заўгодна па больш прыемных цэнах, на вёсцы пра сустрэчу з ім толькі мараць. У Магілёўскай вобласці працуе 255 аўтакрам, але ад «Еўраопта» ўсяго дзве. Прычым абедзве ў Круглянскім раёне. Вось ужо чацвёрты год яны паспяхова суіснуюць тут з аўтакрамамі ад спажыўкааперацыі і мясцовай ПМК-266. На тэрыторыі 143 населеныя пункты, і еўраоптаўскія аўталаўкі наведваюць 128 з іх. Дзве машыны курсіруюць па 11 маршрутах, аб'язджаюць вёскі шэсць дзён на тыдзень. Адна аўтакрама паспявае абслужыць за дзень 18-19 вёсак. У асартыменце ўсё, што можна знайсці на паліцах стацыянарнай крамы сеткавіка. Іх, дарэчы, у Круглым дзве. І загружаецца аўталаўка менавіта ад іх. Усяго, як паведаміла дырэктар круглянскіх «еўраоптаўскіх» крам Таццяна Аўтушэнка, на вёску пастаўляецца 520 пазіцый, прычым шмат які тавар у разнавіднасцях. Напрыклад, учора ў рэйс «паехалі» сем відаў малака, чатыры кефіру, па шэсць смятаны і тварагу, пяць свежамарожанай рыбы, восем відаў мяса, пяць фаршу ў замарожаным і ахалоджаным выглядзе, 37 відаў каўбас, а таксама агародніна, садавіна, кансервы, напоі, хлабабулачныя вырабы і шмат чаго іншага.


— І нават калі чагосьці не знайшлося ў асартыменце, пакупнік можа пакінуць сваё пажаданне ў кнізе заказаў — абавязкова прывязём, хоць сто кілаграмаў бульбы, — смяецца Таццяна Віктараўна.

Дарэчы, самая далёкая вёска, куды даязджае аўтакрама, Шапялевічы, знаходзіцца за 30 кіламетраў ад райцэнтра. Гандаль з улікам дарогі пачынаецца з 10 гадзін, а заканчваецца ў 18.00. Хоць летам, кажа дырэктар, машыны вярталіся а дзясятай гадзіне вечара. З улікам дачнікаў пакупнікоў становіцца больш, а тут прывыклі працаваць ад апошняга кліента.

— Мы з самага пачатку былі не супраць таго, каб на вёсцы працаваў «Еўраопт», — кажа начальнік аддзела эканомікі Круглянскага райвыканкама Ала Шаўцова. — Але дзяліць па прынцыпе адным лепшае, другім — што засталося, не сталі. Агучылі адразу: працуеце паралельна з усімі. І сёння ў нас тры ўласнікі, якія абслугоўваюць вяскоўцаў. Улічваючы, што «Еўраопт» прыйшоў пазней за ўсіх, прапаноўвалі тое, што засталося. Яны пагаджаліся на ўсё, нават калі трэба было ехаць у населеныя пункты, дзе жывуць два-тры чалавекі. Зразумела, што лепей працаваць у вялікіх населеных пунктах, але нават аднаму чалавеку патрэбна ўвага.

Для вёскі, лічаць у раёне, гэта крок наперад. Бо канкурэнцыя прымушае ўсіх лепей працаваць. Ёсць населеныя пункты, дзе адначасова гандлююць два, а то і ўсе тры ўласнікі.

— Часам мы абараняем свой рынак не на карысць запатрабаванням вяскоўцаў. Добры гандаль будзе тады, калі ён не адзіны, — лічыць Ала Шаўцова. — Прыйшоў «Еўраопт», і астатнія падцягнуліся. У выніку выйграў сельскі чалавек.

— А для эканомікі раёна якая карысць? — цікаўлюся ў суразмоўніцы.

— Крыху складаней, таму што «Еўраопт» у раёнах не рэгіструецца, асноўных падаткаў мы ад яго не маем. Толькі падаходны, падаткі на зямлю і нерухомасць. Гэта зусім мала ад таго, што маглі б мець. З іншага боку, гэта дадаткова створаныя рабочыя месцы і здавальняючы ўзровень абслугоўвання. А грошы ўсё роўна застаюцца ў вобласці, з бюджэту якой раёны, па сутнасці, і датуюцца. Увогуле, тое, што мы зарабілі, да нас і вяртаецца, але крыху па-іншаму. Шчыра кажучы, у нас сваёй спажыўкааперацыі няма — працуе Бялыніцкае аддзяленне. І ўсё, што яны выручаюць, ідзе ў бюджэт Бялыніцкага раёна. Напэўна, таму еўраоптаўскім аўтакрамам складана прабіцца на тэрыторыі іншых раёнаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».