Вы тут

Не заблытацца ў глабальнай павуціне


Не заблытацца ў глабальнай павуціне

«Як толькі да нейкай сферы пачынае расці цікавасць, у ёй з'яўляецца вялікая колькасць злачынстваў. У ITсферы немалая іх частка здзяйсняецца людзьмі, якія ведаюць пра небяспечнасць сваіх дзеянняў для грамадства, але ўсё роўна іх сабе дазваляюць. Напэўна, усім верыцца, што наступствы растворацца самі», — гаворыць адвакат, выкладчык, медыятар, актывістка сістэмы нефармальнай прававой адукацыі Ганна Паўлюк. У яе юрыдычнай практыцы не раз ўзнікалі справы, звязаныя з экстрэмізмам, прапагандай нацызму, распаўсюджваннем парнаграфіі і таму падобным у інтэрнэце. Як не заблытацца ў глабальнай павуціне і не сутыкнуцца з зусім ужо не віртуальнымі праблемамі, яна распавяла Анастасiі Лук’янавай.


Што ў інтэрнет трапіла, тое прапала?

Даволі важным аспектам распаўсюджвання інфармацыі ў інтэрнэце з'яўляецца аўтарскае права. Часам, выкладаючы свае творы ў сетку, маладыя аўтары робяць гэта на ўласную рызыку, бо хто ведае, ці атрымаецца абараніць права на свой твор у будучыні?

Спачатку варта адзначыць, што ў Беларусі дзейнічае прэзумпцыя аўтарства. Гэта значыць, што вы будзеце лічыцца аўтарам твора ўжо проста падпісваючы яго сваім імем, асобна рэгістраваць аўтарства не трэба. Калі з правамі на твор узнікаюць пытанні, аўтарства можа быць аспрэчана ў судзе. Як можна даказаць, што аўтар — вы?

Ганна Паўлюк: «Ключавая роля адводзіцца даце публікацыі — яна дапамагае зафіксаваць "хто быў першы". Магу параіць аўтарам публікаваць свае працы на тых рэсурсах, дзе наладжана аўтаматычная фіксацыя даты публікацыі. Калі ж вы не давяраеце лічбавым носьбітам інфармацыі, вы маеце магчымасць проста адправіць самому сабе заказны ліст з копіяй твора. Так, праходзячы праз паштовыя службы, ліст атрымае афіцыйныя пазнакі з зафіксаванай на іх датай. Гэты ліст не распакоўваецца да моманту, пакуль не спатрэбіцца ў якасці доказу ў судзе. Дарэчы, падобны прыём справядлівы і для электроннай пошты.

Існуе пазасудовае рашэнне канфліктаў: зварот да адміністрацыі рэсурса, на якім быў размешчаны скрадзены матэрыял. Напрыклад, у інстаграме ёсць функцыя для абароны карыстальнікаў ад плагіяту. Калі вы лічыце, што нехта крадзе ваш кантэнт, вы можаце звярнуцца са скаргай да адміністрацыі рэсурса. У падобных выпадках праводзіцца параўнанне двух акаўнтаў, і на падставе гэтага робіцца заключэнне, ці з'яўляецца кантэнт адной старонкі плагіятам іншай. Тут таксама ёсць важны момант: скаргу павінен падаваць менавіта ўладальнік акаўнта. Як і ў большасці іншых выпадкаў, вы не можаце быць пакрыўджаны або скардзіцца за іншых карыстальнікаў, можаце толькі паведаміць пра факт крадзяжу».

Не плагіят, а фанфік

Не заўсёды для доказу свайго аўтарства дастаткова проста прадэманстраваць, што вы апублікавалі твор раней за апанента. Часам для вызначэння таго, ці быў плагіят, патрабуецца цэлая экспертная камісія і яе заключэнне аб тым, што праца была скрадзеная, а для знішчэння слядоў яшчэ і перайначаная. Як гэтая камісія працуе і ці можа яна вызначыць прыналежнасць твора канкрэтнаму аўтару?

Ганна Паўлюк: «Пачнём з таго, што даўно ўжо існуюць праграмы, чыёй асноўнай функцыяй якраз і з'яўляецца выяўленне плагіяту. Такія праграмы аналізуюць супадзенне асобных слоў ці цэлых сказаў у творах. Але адной толькі праграмай справа не абмяжоўваецца, бо яна праводзіць праверку па чыста механічных крытэрыях. Судовыя экспертызы праводзяцца адмысловымі філалагічнымі камісіямі. Менавіта яны разбіраюць пытанні аб прыналежнасці твораў таму ці іншаму аўтару, а таксама робяць заключэнні па стылістыцы тэксту.

Падчас прыняцця пастаноў суд кіруецца доказамі, што падаюць бакі канфлікту, і заключэннямі экспертных груп. Калі які–небудзь бок настойвае на правядзенні экспертызы, варта ўлічваць, што падобныя экспертызы не толькі досыць складаныя, але і дарагія. Так, першапачатковы цяжар па аплаце экспертызы кладзецца на таго, хто яе замаўляе. Потым, калі рашэнне суда будзе на карысць ашуканага аўтара, ён можа спагнаць выдаткі.

Зразумела, тут мы сутыкаемся з ацэначным меркаваннем экспертаў. Але калі мы прадстаўляем на экспертызу два тэксты, філолаг будзе рабіць высновы пра тое, што ў гэтых тэкстах змянялася. Так, калі адносна больш ранняга тэксту змяніліся толькі асобныя элементы, няхай гэта будуць імёны, месца або час дзеяння, але захоўваецца арыгінальная аўтарская стылістыка, экспертам будзе зроблена выснова, што тэкст скрадзены».

Вынесці смецце з каментарыяў

Філалагічная камісія можа даць і заключэнне пра тое, ці абразіў вас хто ў каментарах. Значнай тут будзе кожная дробязь: у якім кантэксце ўжываецца слова або выраз, ці мае ён абразлівую афарбоўку, да каго ён датычны…

Ганна Паўлюк: «Экспертная ацэнка абразы — працаёмкі і доўгі працэс, бо мае шмат нюансаў. Калі ў каментарыях вы прачыталі “Машка — дурніца”, і, з’яўляючыся Машай, палічылі, што гэтыя словы маюць для вас абразлівы характар, вы можаце напісаць скаргу. Аднак для абвінавачвання вы павінны ведаць хоць нешта пра вашага крыўдзіцеля.

Калі вас абразіў ананім, знайсці яго будзе складана. У наш час, калі чалавек хоча застацца ў сетцы невядомым, у яго гэта з вялікай доляй верагоднасці атрымаецца. Ён зможа гэта зрабіць, ствараючы фэйкавыя акаўнты, выкарыстоўваючы пераадрасацыю IP. Але калі вас абразіў вядомы вам чалавек, вы можаце без асаблівых праблем напісаць на яго заяву ў міліцыю. Зараз у АУС нават існуюць спецыяльныя праверкі па фактах абраз.

Не існуе якога–небудзь загадзя складзенага спісу слоў, якія могуць быць ацэненыя як абразы — нават калі гаворка ідзе пра ненарматыўную лексіку. Любы выпадак разглядаецца ў кантэксце — кожны раз, кожнае канкрэтнае слова, у кожнай канкрэтнай сітуацыі.

Для таго, каб каментарый лічыўся абразай, важна мець дакладнае ўяўленне, каго менавіта ён абражае. Заўсёды павінна быць абраза канкрэтнай асобы. А экспертыза ўжо раскажа пра тое, ці можна суаднесці абразы з гэтай асобай, і ці носіць тэкст абразлівы характар. Гэта значыць, я павінна растлумачыць, чаму я лічу гэтыя словы абразлівымі ў дачыненні да сябе.

Важным момантам ва ўсёй гэтай гісторыі з'яўляецца тое, што ў нашай прававой сістэме існуе своеасаблівы накапляльны прынцып. Калі чалавек ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і на працягу года паўтарае правапарушэнне па тым жа артыкуле, ён можа панесці крымінальную адказнасць. Падобная практыка дапамагае пазбягаць так званага інтэрнэт–ганення і далейшых абраз гонару і годнасці грамадзян».

Страшна лайкаць, лепш курсорам пагладзіць

З некаторага часу з'явілася адмысловая катэгорыя навін — «зноў кагосьці судзяць за рэпост». Іншыя прымушаюць сумнявацца ў праўдзівасці таго, што адбываецца. Пасля такога пачынаеш задумвацца: «А за што мяне НЕ пакараюць?» Падобны страх цалкам апраўданы, бо для многіх застаецца загадкай, па якіх крытэрыях узбуджаюцца справы за дзеянні ў інтэрнэце.

Ганна Паўлюк: «Для любога сучаснага чалавека сёрфінг ў інтэрнэце і праверка сацсетак ужо даўно ператварыліся ў штодзённыя рытуалы. Мы пачынаем раніцу з кубачка кавы і стужкі навін, імі ж і завяршаем свой дзень. І часцяком нам здаецца, што інтэрнэт — гэта асобны свет, і няма ў ім ніякай адказнасці. Як навучыцца свядомаму падыходу і своеасаблівай «інтэрнэт–гігіене»? Лепш за ўсё на чужых памылках.

Лайк, рэпост — любое наша дзеянне ў інтэрнэце можа з'яўляцца доказам здзяйснення намі злачынства. Стаць злачынцам вельмі проста: дастаткова дадаць выяву або відэа парнаграфічнага характару у рэпосце твітара, лайкнуць у фэйсбуку ці аднакласніках, захаваць у адкрытым альбоме сацыяльнай сеткі, адправіць у месенджэр сябру або сяброўцы».

Бяскрыўдны лайк у «ВКонтакте» будзе расцэньвацца як распаўсюджванне. Шмат каму гэта падасца недарэчным, бо, у адрозненне ад мноства іншых сацсетак, ВК не адлюстроўвае лайкі ў навінавых стужках вашых сяброў, ды і на асабістай старонцы яны не высвечваюцца. Але кудысьці яны ўсё ж пранікаюць — а менавіта ў раздзел «Рэкамендацыі», дзе можна ўбачыць запісы, якія спадабаліся вашым сябрам. Такім спосабам можно аказацца распаўсюджвальнікам забароненага.

Ганна Паўлюк: «Апошнім часам нярэдкія сталі сітуацыі, звязаныя з "выпадковым распаўсюджваннем парнаграфіі". Чаму? Як бы дзіўна гэта ні гучала, але тое, што абывацелю здаецца бяскрыўдным эстэтычным фотаздымкам, з пункту гледжання закона можа тлумачыцца як парнаграфія. Адказнасць за стварэнне і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару ў інтэрнэце прадугледжана часткай 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Калі вы каментуеце толькі для таго, каб выказаць сваё незадавальненне, гэта таксама лічыцца распаўсюджваннем. У Беларусі быў выпадак, калі дзяўчыну прыцягнулі да адказнасці пасля таго, як яна пакінула каментарый «Фу, якая гадасць». Абсалютна любы каментарый з'яўляецца спосабам распаўсюджвання, паколькі ён адлюстроўваецца ў сацыяльнай сетцы, распаўсюджваючы ад вашага імя забароненыя матэрыялы.

Тэхнічна, у нас няма забароны на матэрыялы эратычнага характару. Але значны нюанс: для вас гэта эротыка, а для экспертнай камісіі можа выявіцца цалкам сабе парнаграфіяй. У любым выпадку, варта трымаць у галаве, што любая экспертыза мае суб'ектыўны характар, і добра, калі вашы з камісіяй уяўленні пра мяжу паміж эротыкай і парнаграфіяй аднолькавыя. Пакуль што няма праграмы, якая змагла б вызначыць гэтую мяжу. Ды і навошта яна? Калі падумаць, карціны Эпохі Адраджэння таксама носяць эратычны характар. Для нас яны — мастацтва і культурная спадчына, але калі мы дамо карціну на аналіз праграме, яна можа заключыць, што тая выглядае занадта натуралістычна або паказвае больш, чым трэба.

Не лепш справы ідуць і з прапагандай нацызму. У маёй практыцы былі выпадкі, калі кампетэнтныя органы прыцягвалі да адказнасці рэканструктараў падзей Другой сусветнай вайны за распаўсюджванне нацысцкай сімволікі. Кожны такі выпадак унікальны, у дадзенай сітуацыі даводзілася разглядаць, ці падпадае намаляваная сімволіка пад паняцце нацысцкай? З якой мэтай выкарыстоўвалася сімволіка? Па такіх катэгорыях спраў мы робім усё магчымае, каб абвінавачаны не быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Цікава, што не так даўно Вярхоўны суд Расіі вынес рашэнне аб тым, што просты лайк або рэпост нельга расцэньваць як волевыяўленне чалавека. У асноўным, гэта датычыцца спраў, якія праходзяць па артыкулах аб экстрэмізме. У нашай краіне падобны падыход пакуль не практыкуецца — у нас усё яшчэ працуе так званая правапрымяняльная практыка. Гэта значыць, калі вы нешта лайкнулі, выклалі сабе на старонку, гэта ўжо з'яўляецца правапарушэннем. Нават калі вы выклалі відэа, якое мае толькі два прагляды — і абодва вашы, вы ўсё роўна будзеце лічыцца распаўсюджвальнікам».

Сыходзячы, гасіце святло і чысціце старонку ў сацсетцы

Як пазбегнуць нечаканай адказнасці? Трэба свядома падыходзіць да таго, што вы пішаце або пісалі раней. Каб пазбегнуць галаўнога болю, можна аддаць некалькі гадзін аналізу сваіх сацыяльных сетак.

Ганна Паўлюк: «Дзеля многіх з нас асноўнай праблемай абарочваецца тое, што мы самі давяраем інтэрнэту занадта шмат асабістай, я б нават сказала, лішняй інфармацыі. Праз гэтую інфармацыю мы можам стаць датклівымі. Заўсёды ёсць шанец, што мы камусьці не спадабаемся, а, пакапаўшыся па старонках ў сацсетках, не цяжка знайсці якое–небудзь выказванне, якое можна расцэньваць дваяка. І далёка не факт, што праз пару дзён гэтая інфармацыя не трапіць на стол да вашага працадаўцы, ды яшчэ і з патрэбнай падліўкай. Падобных выпадкаў хапае. Паўплываць на вашу працу або асабістыя стасункі можа нават запіс двух– ці трохгадавой даўніны, пра які вы і самі памятаць не будзеце. Публікуючы вялікую колькасць асабістых дадзеных, мы самі прадастаўляем чужым людзям магчымасць уплываць на наша жыццё і рэпутацыю. Таму адным са сродкаў абароны ў інтэрнэце з'яўляецца абмежаванне асабістай інфармацыі ў вольным доступе.

У нашай краіне было нямала выпадкаў, калі людзей прыцягвалі да адказнасці за распаўсюджванне, напрыклад, забароненага кліпа. Па іроніі, часцяком такія кліпы і пазначаюцца як забароненыя ўжо ў самой назве. Са справамі, звязанымі з гэтымі кліпамі, сутыкалася і я, і вялікая колькаць маіх калег. Людзі не разумеюць, што не проста так у назве значыцца слова “забаронены”, і радасна дадаюць такія матэрыялы да сябе на старонкі. А потым, нібыта град, на іх галовы пачынаюць сыпацца справы, узбуджаныя за распаўсюджанне забароненых матэрыялаў. У маёй працы былі выпадкі, калі на судзе людзі заяўлялі: «Я кліп не глядзеў, я песню слухаў», але ад адказнасці гэта не вызваляла.

Варта адзначыць, што за выдаленую старонку вас прыцягнуць не могуць: змест вашай старонкі не можа кагосьці абразіць постфактум. Гэтак жа, як не можа абразіцца чалавек і на інфармацыю з закрытага альбома, ці нават акаўнта — проста таму што не мае да іх доступу. Іншая справа, калі на вас ужо напісана заява. У падобнай сітуацыі піць баржомі і выдаляць старонку будзе позна. Нават калі і выдаліце нейкія файлы, следства мае поўнае права звярнуцца да адміністрацыі сацсеткі, каб тая перадала патрэбную інфармацыю з сервераў».

Чамусьці не вучаць у школе

У нашай краіне яшчэ недастаткова развіта прававая інфармаванасць і культура стасункаў у інтэрнэце. Часам людзі не ведаюць сваіх правоў і абавязкаў. З чаго ж варта пачаць?

Ганна Паўлюк: «Для таго, каб гэта выправіць, у нас на ўсіх этапах адукацыі прадугледжваюцца дысцыпліны, звязаныя з юрыспрудэнцыяй: школьнае грамадазнаўства і пазакласныя заняткі з класнымі кіраўнікамі, правазнаўства ў ВНУ. Менавіта там павінны падымацца пытанні, звязаныя з прававой культурай.

Даволі часта мы сутыкаемся з сітуацыямі, калі, не ведаючы пра свае правы, людзі не атрымліваюць тое, што ім належыць па законе. Важна, каб падобную інфармацыю да людзей маглі даносіць простымі словамі, бо юрыдычная тэрміналогія не заўсёды лёгка гучыць.

Распавядаць людзям пра іх правы і абавязкі неабходна ў любым узросце. Вядома, з падлеткамі ў гэтым плане значна прасцей: іх розум куды больш мабільны, яны заўсёды ведаюць, дзе знайсці патрэбную інфармацыю, а галоўнае, іх прасцей зацікавіць. Таму на беларускіх юрыдычных факультэтах ёсць паняцце "юрыдычная клініка". У яе межах студэнты не толькі кансультуюць грамадзян, што прыходзяць да іх на прыёмы, але і праводзяць адкрытыя заняткі са школьнікамі.

Са старэйшым пакаленнем працаваць складаней, але адвакаты ўсё адно імкнуцца праводзіць гутаркі з імі. Гэтак жа не варта забываць пра існаванне прафесійных саюзаў, аб'яднанняў і асацыяцый. Менавіта дзеля абароны і адстойвання сваіх правоў гэтыя саюзы і ствараліся».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.