Вы тут

Сакрэты поспеху беларускіх бізнесменаў


Колішні генеральны дырэктар “Мілавіцы” і дырэктар “Школы асобаснага росту “Мост” даюць парады будучым прадпрымальнікам

Кажуць, сябраваць трэба з паспяховымі людзьмі. Часам ты будзеш адчуваць сябе няёмка (праз сваю, быццам бы, недасканаласць у параўнанні з імі), але затое вырасцеш як асоба. Людзі, якія дасягнулі пэўных вяршынь, ведаюць некаторыя сакрэты і гатовы падзяліцца імі з іншымі. Напярэдадні Глабальнага лідарскага саміта, які пройдзе ў Мінску 7 і 8 снежня, карэспандэнт “Звязды” звярнулася да некаторых спікераў, якія ўдзельнічалі ў мінулых Самітах ці будуць выступаць сёлета, з пытаннем “У чым сакрэты поспеху?”


Член Савета па знешнегандлёвай палітыцы пры Урадзе Беларусі, колішні генеральны дырэктар “Мілавіцы”, які ў свой час адкрыў 600 новых крам гэтага брэнду Дзмітрый ДЗІЧКОЎСКІ ўпэўнены, што дзейнічаць па жыцці трэба рашуча і смела і ніколі не стаяць на месцы:

Не баяцца “адчыненай фортачкі”

 “Многія кіраўнікі баяцца дзяліцца з падначаленымі сваімі ідэямі. Яны непакояцца, што людзі, даведаўшыся сакрэты, пачнуць выкарыстоўваць гэта супраць, сыдуць і самі адкрыюць аналагічны бізнэс, рэалізуючы іх ідэі. Аднак я прытрымліваюся правіла “адчыненай фортачкі” — больш інфармацыі ў яе ўляціць, чым вылеціць. Ты раскажаш свае прынцыпы, а ўзамен людзі падзеляцца сваімі думкамі, уласным бачаннем і тым самым істотна ўзбагацяць тое, што ты робіш.

Не даць ляноце зацэментаваць цябе

Невуцтва, няўпэўненасць, лянота цэментуюць чалавека. Ён нібы гразне і не хоча рухацца далей. Але ёсць тое, што можа яго ажывіць. Гэта ўражанні, адукацыя і вандроўкі. Іх ніхто ў чалавека не адніме. Матэрыяльныя актывы могуць знікнуць. А вось унутраны патэнцыял заўсёды будзе з табой.

Не варта глядзець шмат ток-шоў па тэлебачанні, бясконца гартаць стужкі сайтаў. Лішнія навіны забіваюць твой “эфір”. З іх льецца шмат бруду, і ты напаўняешся ім. Варта адмежавацца ад непатрэбнай інфармацыі — зэканоміць час і захаваць свой унутраны свет “чыстым”.

Не марудзіць з прыняццем рашэнняў

Насамрэч крызісаў няма. Ёсць змененыя ўмовы жыцця. У крызіс робяцца больш моцнымі. Бо новая рэальнасць вымагае іншых, нечаканых падыходаў. Інтуіцыя — гэта спосаб хутка прымаць рашэнні. Няма няправільных рашэнняў, ёсць своечасовыя. Добры кіраўнік здольны ацаніць рашэнні, прынятыя інтуітыўна. Прааналізаваць іх, прызнаць памылкі і, згодна з гэтым, вырашыць, як рухацца далей”.

***

Бізнесмен, дырэктар “Школы асобаснага росту “Мост” Юрый КАРМАНОВІЧ распавёў, што вельмі важна правільна (пазітыўна і рацыянальна) ставіцца да таго, што адбываецца:

Атрымліваць зваротную сувязь ад жыцця

“Я маю такую жыццёвую пазіцыю: праблема не ў праблеме, а ў нашых адносінах да яе. Бо для аднаго цяжкасці — гэта крызіс, для іншага — рэсурс. Для трэцяга — увогуле натхненне! У чацвёртага ж пачынаецца паніка і з’яўляюцца думкі, што трэба некуды з’язджаць. У маім жыцці быў такі перыяд, калі я перастаў шмат зарабляць, сышоў ад свайго партнёра, з’явіліся пэўныя фінансавыя складанасці. Хтосьці назаве гэта крызісам. Але для мяне гэта быў час, калі я змяніў ход сваіх думак, ачысціў жыццёвую энергію ад непатрэбных рэчаў. Сёння, азіраючыся, я разумею, што гэта быў час майго станаўлення, расстаноўкі прыярытэтаў.

Галоўнае — не абагульняць

У сваім жыцці я шмат разоў пачынаў бізнэс — і нічога не атрымлівалася. З’явілася такое адчуванне, што справы ўвогуле ніколі не складуцца. Я пачаў думаць, што не трэба ўвогуле намагацца развіваць уласны занятак, а прасцей наняцца на працу да іншага і спакойна атрымліваць трыста долараў, як усе... Бо калі ты дзесяць разоў штосьці спрабуеш і яно не ўдаецца, то ўнутры спрацоўвае думка, што лепш увогуле не пачынаць. Кожнае пачынанне прыносіць боль. Нармальная рэакцыя — сысці ад болю.

Калі чалавеку падаецца, што ён знаходзіцца ў тупіку, галоўнае, нельга абагульняць. Бо ў такія моманты прыходзіць адчуванне паразы — ты думаеш, што ўсё дрэнна, ты дрэнны і нічога не атрымаецца. Трэба ўзяць чысты аркуш паперы і запісаць: злева — тое, што дрэнна, а справа — што я магу зрабіць? Варта пункты з шэрагу праблем перавесці ў шэраг рашэнняў.

Быць менеджарам сваіх талентаў

Росквіт — гэта калі, па-першае, чалавек усведамляе, хто ён ёсць, ведае свой патэнцыял і сілу, якая схавана ўнутры яго. Па-другое, ён разумее, што мае здольнасці і яны ўнікальныя. Па-трэцяе, з’яўляецца менеджарам сваіх талентаў. Мякка кажучы, умее прадаць свае здольнасці, прапанаваць іх людзям, прэзентаваць. Я, напрыклад, ведаю, што маю талент арганізатара і выкарыстоўваю яго. Я веру, што ідэі маюць наступствы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».