Вы тут

Прадажнае жыццё


Ніколі не разумеў людзей, якія любяць, як той казаў, пыл у вочы пускаць. Жыве, скажам, чалавек у маласямейцы, але замест таго, каб найперш палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, набывае машыну. («Мужыкі, не пазычайце ў мяне ў найбліжэйшы час. Я аплаціў камуналку і апусціўся на некалькі радкоў у спісе Forbes».) Ці вось ідзе па вуліцы ў цэнтры горада перад табой дама ў шыкоўным футры... Ведаеце, такая ўся з сябе... («Нішто так не ўзбуджае дзяўчыну, як лёгкае пакусванне колішнімі сваіх локцяў».) Я абсалютна не супраць таго, каб жанчына выглядала прыгожа, нават наадварот. Гаворка ж пра іншае. Проста, магчыма, гэта адзінае, што ў яе ёсць каштоўнага. («— Усе свае зберажэнні трачу на падарожжы. — Зноў маршрутка падаражэла? — Так».) Выклікаўшы захопленыя позіркі мінакоў, яна потым дома павесіць тое футра, не выключана, у скасабочаную шафу ў вітальні з зашмальцаванымі шпалерамі. А што, ніхто ж не бачыць — у адрозненне ад дарагой норкі...


Гэта не ўчора павялося. Прыгадайце, што стала прычынай прызначэння дуэлі паміж д'Артаньянам і Партосам? Першы выпадкова раскрыў таямніцу мушкецёрскай перавязі другога: шыкоўнай яна была толькі спераду. І не заўсёды датычылася матэрыяльнага. Памятаеце палюбоўніцу кінарэжысёра Якіна з кінакамедыі «Іван Васільевіч мяняе прафесію» з яе знакамітай фразай: «Ало! Галачка? Ты зараз памрэш, ашаламляльная навіна! Якін кінуў сваю кікімару, ну, і ўгаварыў мяне ляцець з ім у Гагры!»

Як бы там ні было, але і машына, і футра, і перавязь для шпагі, і нават халяўная паездка на курорт — рэчы практычныя. На аўтамабілі можна ездзіць, а ў норцы зімой будзе цёпла. Можа, і дарагавата, але ж і карысць ёсць. («Хочацца нечага асаблівага, накшталт пацалунка ці бутэрброда з каўбасой»). Але ўсё змянілася, калі з'явіліся яны — людзі, гатовыя плаціць немалыя грошы толькі за тое, каб любой цаной зрабіць уражанне ў сеціве. («Што можа быць горш за разбітае сэрца? Калі прачнуўся ранкам і зразумеў, што дрэнна ўваткнуў адаптар у разетку і тэлефон ноччу не зарадзіўся».) Дзякуючы ім з цягам часу працэс пускання пылу ў вочы стаў добра адладжанай індустрыяй. Як для тых, хто хоча падавацца ў вачах іншых лепшым (больш паспяховым, багатым, прыгожым, таленавітым), чым ёсць насамрэч, так і тых, хто забяспечвае ўвесь патрэбны антураж. («Мала хто ведае, што сабака Андрэя Данілкі ў звычайным жыцці — кот».)

Яшчэ нядаўна як было? Прыйшоў у кавярню — выкладзі ў «Інстаграме» здымкі страў: што еў, што піў. («Асцерагайцеся тых, хто не фатаграфуе ежу. Гэта страшныя непрадказальныя асобы, якія прыходзяць у рэстаран тупа пажэрці!») Трапіў у спартыўную залу — не лянуйся, зноў фатаграфуйся! («— Добры дзень, хачу запісацца на фітнес. — Абяцанне з нагоды Новага года? — Так. — У нас ёсць аднадзённы курс з чатырма сэлфі».) З'ездзіў да бабулі ў вёску пагасцяваць? Можа, бульбу дапамог выбраць? Кідай справаздачу на фоне сельскай пастаралі! («Вельмі балюча адкрываць «Інстаграм». Калі ласка, перастаньце падарожнічаць».) А проста трэшаковы гламур? Навялі на цябе аб'ектыў — не губляйся, будзь напагатове, у сеціве ўсё спатрэбіцца. («Фотапараліч — усе раптоўныя перакосы плеч, нахілы галавы, выцягванне вуснаў, скрыўленне спіны і пастаноўка нагі на насок у момант, калі на дзяўчыну накіроўваюць камеру»). Ну, усё гэта хаця б грошай не каштавала.

Нядаўна ў расійскіх СМІ з'явіўся матэрыял, прасвечаны бізнесу «на пантах». Аказваецца, каб зрабіць эфектны здымак, спецыяльна за грошы арандуюцца лімузіны, прыватныя самалёты, экзатычныя жывёлы (хоць кракадзіл), букеты ад «паклоннікаў». Усё дзеля таго, каб «прадаць» свой вобраз у сеціве. («— Ведаеце, як высветліць, што ў чалавека айфон? Ніяк! Ён сам вам раскажа пра гэта ў першыя пяць хвілін знаёмства. — Дарэмна вы так пра ўладальнікаў айфонаў... У мяне вось дзясяты, і я не хвалюся асабліва».) Арандаваць для «асабістага жыцця» ў «Інстаграме» можна нават мача. І наздымаць «каханага» на паўгода наперад. («Муж: — Усё! Цяпер займацца сексам буду толькі за грошы! На падлозе — рубель, у ложку — пяць, на прыродзе — дваццаць пяць! Жонка: — Ок! (Дастае з сумачкі дваццаць пяць рублёў.) — Муж: — Што, на прыродзе? Жонка: — На падлозе. На ўсе!») Некаторыя спрабуюць растлумачыць свае паводзіны спробай раскруціць бізнес у сеціве. Маўляў, будзе ў старонкі шмат падпісчыкаў, будзе і даход ад рэкламы. Але спецыялісты ў гэтай сферы кажуць, што гэта ўжо не вельмі працуе. («Як зарабіць пры дапамозе інтэрнэту ўсяго ў два крокі. 1. Адключаем інтэрнэт. 2. Ідзём працаваць».) Таму феномен з'явы крыецца хутчэй у вышэйназваных пантах і элементарнай залежнасці ад сацыяльных сетак, тлумачаць расійскія псіхолагі. («Адна дзяўчынка не паставіла нагу на насок падчас фатаграфавання, і на здымку атрымалася помесь тумбы і каровы, усё ў тлушчы... Сяброўкі спыняюць стасункі, у «Інстаграме» баняць, мадэльныя агенцтвы рвуць яшчэ не падпісаныя кантракты, мужыкі ў жаху разбягаюцца, назаўсёды губляючы патэнцыю... З таго часу дзяўчаты баяцца не ставіць нагу на насок»).

...Маралізатарстваваць не буду, скончу анекдотам. «Дзяўчаты, якія працуюць у дарагіх буціках і заўсёды глядзяць на людзей зверху, супакойцеся! Вы ўсяго толькі прадаўцы».

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.