Раніца. Здавалася б, яшчэ нядаўна не па-асенняму цёплыя дні нагадвалі пра летнюю бесклапотнасць... Цяпер жа адчуванне халадэчы па дарозе ва ўніверсітэт навявае лёгкі сум. Аднак пакрысе ажыўленне на вуліцах вяртае ў рэальнасць і дае зразумець, што пара ўваходзіць у працоўны рытм. У метро позірк падае на лістоўку са знаёмымі словамі «Дарогу адужае той, хто ідзе», і на твары з'яўляецца ўсмешка, а думкі пераносяцца ў той дзень, калі я ўпершыню пачула гэты выраз з вуснаў рэктара Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Ім Наталля Пятроўна Баранава задала першакурснікам станоўчы настрой, зарадзіла пазітывам і прывітальнае слова дэкана факультэта міжкультурных камунікацый Дзмітрыя Ігаравіча Тупіка. Прадстаўнікі БРСМ і прафкама далі зразумець, што магчымасць зрабіць насычаным сваё студэнцкае жыццё ёсць у кожнага, трэба толькі падысці да гэтай задачы крэатыўна і з жаданнем...
Голас, які аб'яўляе прыпынак станцыі метро, рассейвае прыемныя ўспаміны. Плошча Перамогі. Пераход. Святлафор. І вось натоўп студэнтаў імчыцца спасцігаць веды. Тэлефон разрываецца ад бесперапынных паведамленняў у чаце:
— Хто ведае, дзе знаходзіцца аўдыторыя Д307?
— А-а-а, аўтобус не прыйшоў, я спазняюся...
— Дзяўчаты, пачакайце мяне ў фае.
— Арнольд, ты зрабіў фанетыку?
За плячыма — першыя месяцы вучобы. Лекцыі, практычныя заняткі, семінары, а хутка залікі і экзамены — такія яшчэ нязвыклыя для першакурснікаў рэчы, якія пакідаюць шмат уражанняў. У студэнтаў, што нядаўна пераступілі парог ВНУ, ужо склалася ўласнае меркаванне аб універсітэце, выкладчыках, аднагрупніках і, магчыма, аб сваёй будучай прафесіі. Ці можна давяраць першаму ўражанню? Пра гэта я распытала ў сваіх аднагрупнікаў.
Лізавета МАКЕЙЧЫК:
— Са школы бачыла сябе выключна ў гуманітарнай ВНУ. Дакладныя навукі не хацелі паддавацца, а адзнакі па матэматыцы і фізіцы ўсё выразней вымалёўвалі далейшыя перспектывы. Заставалася толькі вырашыць, куды паступаць. Спачатку выбар быў паміж БДУ і МДЛУ. Важную ролю адыгрывала менавіта вывучэнне мовы. А што ў гэтым плане можа быць лепш за самую прэстыжную лінгвістычную ВНУ краіны? Заставалася зрабіць яшчэ адзін важны выбар — факультэт. Тут, зноў жа, былі два варыянты: перакладчыцкі або міжкультурных камунікацый. Прааналізаваўшы ўсю магчымую інфармацыю, выбрала апошні. І зараз магу сказаць, што за гэты час ні аб чым не пашкадавала. Атмасфера факультэта настолькі камфортная, што з першай хвіліны адчуваеш сябе на сваім месцы. Не сумняваюся, на першым курсе будзе складана, але я суцяшаю сябе, успамінаючы словы добрага сябра: «Студэнцкія гады павінны стаць самымі лепшымі ў тваім жыцці. Палюбі свой універсітэт, тое, чым ты займаешся, асновы сваёй будучай прафесіі, і кожную раніцу ты будзеш прачынацца, усведамляючы, што ідзеш у месца, якое для цябе як другі дом».
Анастасія СІНІЦКАЯ:
— Да гэтага часу не верыцца, што я ўжо не вучаніца, а студэнтка ўніверсітэта, ды яшчэ такога элітнага. У школе нас часта палохалі расказамі пра строгіх і вельмі патрабавальных выкладчыкаў ВНУ, пра незразумелы на першы погляд матэрыял і складанасці ў яго вывучэнні. Можа, праз тое я думала, што лекцыі ва ўніверсітэце — гэта амаль паўтары гадзіны невыразна запісаных у спешцы слоў. Я лічыла, што студэнты нават не задумваюцца, пра што пішуць. Прызнацца шчыра, напачатку ўсё так і было, але з часам пачынаеш улівацца ў гэты працэс. Ты можаш настолькі зацікавіцца новай інфармацыяй і яе асэнсаваннем, што забываеш пра час.
Наогул, многія дысцыпліны ўжо звязаны з першай мовай, якую вывучаем, — англійскай. І менавіта яны, фанетыка і граматыка, даюцца нам складаней за ўсё. Даводзіцца шмат і ўпарта працаваць, а выкладчык нас падтрымлівае, настойваючы, што любая праца не застанецца неўзнагароджанай! Ці ўсё адгукнецца на калоквіуме.
Здзівілі і самі выкладчыкі, якія, знаёмячы са сваімі прадметамі, расказвалі шмат цікавага пра студэнцтва, прыводзілі прыклады з жыцця і проста жартавалі. Асабліва падабаюцца заняткі, на якіх мы не проста моўчкі сядзім і слухаем педагога, але і прымаем актыўны ўдзел у размове, спрачаемся, адстойваем свой пункт гледжання, адказваем на пытанні альбо задаём іх самі.
Таццяна КОТ:
— Я з Гомеля і, шчыра кажучы, рада, што мне далі інтэрнат. За нядоўгае знаходжанне тут змагла вылучыць ужо шэраг плюсоў. Па-першае, выгаднае размяшчэнне. У той час як многім аднакурснікам прыходзіцца ехаць праз увесь горад, у мяне ёсць магчымасць хутка дабрацца да ўніверсітэта. Можна, напрыклад, не насіць з сабой увесь дзень форму для фізкультуры, а схадзіць па яе перад заняткамі. Па-другое, гэта самы недарагі варыянт пражывання ў Мінску, бо за інтэрнат мы плацім, можна сказаць, капейкі.
Яшчэ адна перавага заключаецца ў тым, што побач у інтэрнаце жывуць аднакурснікі, да якіх у любы момант можна звярнуцца па падмогу. Я лічу, мне пашанцавала з суседкамі, мы адразу раззнаёміліся з дзяўчатамі ў блоку. Увогуле, тут не засумуеш. Калі на першым часе ўсе мае думкі былі толькі пра тое, як я хачу дадому, дык цяпер падабаецца гэтая самастойнасць, тое, што я ўсё раблю сама.
Мне даспадобы абстаноўка, якая склалася ў групе. Усе таварыскія і прыязныя, мы адразу ж знайшлі агульную мову і ў любы момант гатовыя падтрымаць адно аднаго. Неяк у школе мне сказалі: «Сяброў прасцей за ўсё набыць у школе і ўніверсітэце, пазней зрабіць гэта будзе ўжо непараўнальна складаней», — і я цалкам з гэтым згодная.
Яўгенія ПУЛІНА:
— Ужо з першых дзён вучобы зразумела, што маё студэнцкае жыццё пройдзе не толькі за канспектамі, але і за актыўным удзелам у разнастайных мерапрыемствах, якія праводзіць ВНУ. Тут створаны ўсе ўмовы для рознабаковага развіцця: ёсць спартыўныя пляцоўкі, танцавальныя залы, мноства гурткоў, праводзіцца шмат мерапрыемстваў і конкурсаў.
Не разлічыўшы сваіх сіл спачатку, я ўступіла ў многія калектывы. Але пазней, усвядоміўшы, што з такімі тэмпамі мяне надоўга не хопіць, выбрала для сябе асноўныя напрамкі, у ліку якіх была вакальная студыя «Арт-груп». Я ніколі прафесійна не займалася вакалам, але гэта мяне не спыніла. Прыйшлося прыкласці ўсе намаганні пры падрыхтоўцы. І як жа было прыемна ўбачыць сваё імя ў спісе тых, хто прайшоў адбор. Спадзяюся, у хуткім часе я змагу прымаць удзел у розных мерапрыемствах і конкурсах як ва ўніверсітэце, так і за яго межамі.
Вось такіх розных учарашніх школьнікаў аб'яднаў у сваіх сценах Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Але мэта ў цяперашніх студэнтаў адна — дасканала авалодаць замежнымі мовамі і стаць запатрабаванымі спецыялістамі.
Надзея БОБРЫК, студэнтка І курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ
Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.