Вы тут

Як пачуваюць сябе студэнты ў інтэрнаце?


...У той радасны дзень, калі абітурыенты журфака БДУ даведаліся пра тое, што сталі студэнтамі, перад усімі іншагароднімі адразу ж паўстала актуальнае пытанне: а дзе жыць падчас навучання? Ці дастанецца запаветнае месца ў інтэрнаце? Ахвотныя напісалі заявы на выдзяленне ложка-месца і з'ехалі дадому з надзеяй убачыць у «асабістым кабінеце» студэнта інфармацыю аб засяленні. Праз нейкі час я прачытала ў ім доўгачаканае: «Вам выдзелены інтэрнат па адрасе...»

Як жывецца ў славутай «дзясятачцы», размешчанай на самым выездзе са сталіцы, за МКАДам, недалёка ад станцыі метро «Малінаўка»? З гэтым пытаннем я звярнулася да сваіх аднагрупнікаў пасля некалькіх месяцаў вучобы.


Марына КІШКУРНО, паступіла з Віцебска:

— У інтэрнаце («общаге», — бо менавіта гэтае рускае слоўца найлепш перадае дух месца. — Аўт.) напачатку было вельмі весела. Заданняў яшчэ не давалі, усе студэнты былі вольныя, таму мы выходзілі ў двор спяваць песні пад гітару, камунікаваць на прыродзе. А зараз вечарамі гуляем у «Мафію»... Асноўны «рух» арганізоўваюць студэнты старшых курсаў. Радыёфізікі — хлопцы вельмі вясёлыя! І ніякай «дзедаўшчыны»! Усе дружалюбныя, творчыя. Акрамя весялосці, плюс інтэрната ў тым, што гэта сапраўдная «школа жыцця». Тут і прыбіраць навучышся, і гатаваць. А яшчэ, жывучы пад адным дахам з чалавекам, ты дакладна зразумееш, камфортна табе з ім ці не. Сумесны побыт вельмі дапамагае ў гэтым.

Спартак АНТОНЕНКА, прыехаў з Гомеля:

— Плюсы жыцця ў інтэрнаце: усё робіцца разам, якая-небудзь дапамога ад аднакурснікаў з хатнімі заданнямі бывае вельмі дарэчы. І апрача вучобы займацца чымсьці разам весялей. Адсутнасць кантролю з боку бацькоў таксама плюс. Галоўнае, не злоўжываць гэтай вольніцай... З мінусаў: здараецца, няма гарачай вады на верхніх паверхах ранкам і позна ўначы. Восем чалавек у блоку — гэта дастаткова шмат, так што бывае цеснавата... З іншага боку, жыць у Мінску менш чым за 30 рублёў у месяц, — гэта ўдача. Кватэру і нават пакой здымаць было б нашмат даражэй.

Вольга ПЛЮХАЕВА, жыла ў Полацку:

— Адпраўляючы мяне ў інтэрнат, бацькі не сумняваліся, што праблем у мяне тут не будзе. Я зусім не канфліктны чалавек, лепш лішні раз саступлю, чым буду «гнуць сваю лінію». Наша «дзясятачка», канешне, не пяцізоркавы гатэль, але ж умовы прымальныя.

...Што ж датычыцца асабіста мяне, то я зрабіла свой выбар — усё ж такі з'язджаю... Але гэта толькі таму, што бацькоўскі дом знаходзіцца зусім непадалёку ад сталіцы, за нейкія сорак кіламетраў, — у Смалявічах. Улічваючы тое, што дабірацца з вуліцы Курчатава да корпуса БДУ на Кальварыйскай не нашмат хутчэй, чым з майго горада да ўніверсітэта, — выбар стаў відавочны. Бо розніца ў 20 хвілін лёгка знікае, калі параўнаць цёплы хатні пакой, зручнае рабочае месца, маміны сняданкі і вячэры і проста цяпло роднага дома з цвёрдым матрацам інтэрната... Тым не менш пажыўшы ў інтэрнаце зусім няшмат, я паспела шмат чаго даведацца і асабіста пра сябе, і пра людзей вакол. І не шкадую, што ў мяне з'явіўся такі карысны досвед...

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка І курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?