Вы тут

Індывідуальны прадпрымальнік з Аршанскага раёна робіць бізнес на чарвяках


Індывідуальны прадпрымальнік з вёскі Андрэеўшчына Аршанскага раёна робіць бізнес... на чарвяках. Прадае іх рыбакам, а біягумус — прадукт іх жыццядзейнасці — у якасці ўгнаення. Мужчына хоча стварыць прадпрыемства, дзе будуць працаваць сто чалавек.


Дзмітрый Іваноў.

Ідэя бізнесу з'явілася, калі адзін са знаёмых папрасіў яго, чалавека ад зямлі, дапамагчы чарвякамі, каб у краме прадаваць рыбакам. Няўжо гэта дэфіцыт? Як высветлілася, не так проста ў вялікай колькасці накапаць паўзучых.

Паколькі ён не прафесійны біёлаг, прыйшлося вывучаць іх з нуля. У інтэрнэце знайшоў інфармацыю, што ёсць каліфарнійскі чарвяк і расійскі «сабрат» — старацель, якога «вывелі» падчас селекцыйнай работы ў савецкі час. Тады навукоўцы ЗША і СССР канкурыравалі не толькі ў асваенні космасу, распрацоўцы зброі, але і ў такіх пытаннях. Разумелі, што паўзучыя могуць прынесці шмат карысці, напрыклад, для развіцця экалагічна чыстай сельскай гаспадаркі...

Старацель, як Дзмітрый зрабіў выснову, саступае нашаму звычайнаму дзікуну. Апошні, калі можна так сказаць, менш капрызны і больш эфектыўна размнажаецца.

На маё пытанне, ці праўда, што ён «дрэсіруе» чарвякоў, каб елі паперу і іншыя бытавыя адходы, прадпрымальнік сказаў, што гэта не жарт. У іх меню могуць быць: папера, нафтапрадукты, лісце і іншае. Цікава, што пластык падыходзіць для іх харчавання, але толькі ў выглядзе дробнай крошкі.

— Наогул, калі першы раз чарвяка нечым пакарміць, ён і будзе гэта есці. Канешне, толькі не шкло, не метал, не будаўнічыя матэрыялы, — удакладняе прадпрымальнік.

Суразмоўнік расказаў, што хоча стварыць унікальнае прадпрыемства па перапрацоўцы другаснай сыравіны, смецця ў біягумус. Па папярэдніх падліках, для гэтага спатрэбіцца мінімум 5000 долараў у эквіваленце. Столькі трэба будзе заплаціць за праектныя работы, экспертызы, узгадненні.

Добра, што ў райвыканкаме паабяцалі падтрымку і нават прапанавалі ўчастак зямлі пад будаўніцтва, які здаўся яму вельмі ўдалым для размяшчэння вытворчасці.

Прадпрымальнік падлічыў, што, каб міні-завод запрацаваў па поўнай, трэба будзе працаўладкаваць каля ста чалавек. Улічваючы, што гною, як і смецця, хапае, верыць, што вытворчасць будзе запатрабаваная.

А яшчэ яго арыфметыка паказала, што каб перапрацаваць куб гною, прыкладна пяці тысячам чарвякам спатрэбіцца каля двух месяцаў. Дык, калі «рабочых» мільёны, насамрэч выгадная справа. Дарэчы, жывуць чарвякі да чвэрці стагоддзя. Праўда, зімой знаходзяцца ў спячцы. Але калі побач ёсць крыніца цяпла, працягваюць актыўны лад жыцця. Таму мужчына хоча, каб на яго будучай верміферме чарвякі «працавалі» круглы год.

Пакуль жа біягумус Дзмітрый выкарыстоўвае на сваім участку зямлі. Заўважыў, што ўраджайнасць садавіны і агародніны павялічылася. Расліны і яблыні практычна не хварэюць. Лішкі біягумусу прадае. Прадукт карыстаецца попытам: увесну прадаў знаёмым дзве тоны за тыдзень.

Дарэчы, біягумус можа выкарыстоўвацца для забруджанай зямлі. Напрыклад, чэрві з'ядуць разлітыя нафтапрадукты, і зямля зноў будзе чыстая.

А яшчэ чэрві пасля перапрацоўкі ў выглядзе парашку могуць быць і якаснай дабаўкай у корм для кароў, курэй, свойскіх качак і іншых.

— Яны на сто працэнтаў засвойваюцца ў арганізме жывёл. Гэта высокакаларыйная бялковая ежа, — падкрэсліў суразмоўнік.

Як вядома, у Еўропе даўно ўжо актыўна пачалі развіваць зялёную эканоміку. І ў Кітаі ўсё больш актыўна ўкараняюць тэхналогіі без «хіміі» на зямлі, у жывёлагадоўлі. Ды і выгадна інвеставаць у чарвякоў: за пару гадоў можна акупіць укладзенае ў пяць разоў...

Дзмітрый прызнаўся, што не ён адзін спрабаваў развіваць чарвячны бізнес. Але зарабляць у ім адразу ў некалькіх кірунках, бадай, атрымалася толькі ў яго. Таму што настойлівы і ўжо, калі бярэцца за нешта, вывучае ўсё да дробязяў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Верміферма: грошы са смецця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.