Вы тут

Ідэі для сельскага бізнесу


Дзяржава стымулюе развіццё малога бізнесу на вёсцы з дапамогай розных ільгот, прэферэнцый. Але далёка не ўсе асмельваюцца адкрыць сваю справу. Хтосьці баіцца прагарэць, нехта проста не ведае з чаго пачаць, а камусьці не хапае навыкаў і ведаў. На дапамогу патэнцыйным бізнесменам прыходзіць інкубатар малога прадпрымальніцтва ў Мачулішчах, дзе сапраўдныя прафесіяналы вучаць, як ператварыць у жыццё цікавыя ідэі і пачаць бізнес. Нядаўна тут рэалізавалі новы праект «Акадэмія актывізацыі прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці», дзе 76 жыхароў Мінскага раёна на бясплатных курсах вучыліся шыць, вышываць, вязаць шыдэлкам і пруткамі.


— Чаму мы зрабілі стаўку менавіта на рамесніцкую дзейнасць, — разважае кіраўнік мясцовага фонду ўстойлівага развіцця «Інавацыі для рэгіёнаў» Марына Найдовіч. — Прычын некалькі. Вырабы ручной работы, так званы хэнд-мэйд, карыстаюцца вялікім попытам. Па-другое, у нашай краіне створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця рамесніцтва. Мяркуйце самі: за адну базавую велічыню ў год кожны грамадзянін Беларусі можа зарэгістравацца рамеснікам, самастойна вырабляць прадукцыю і прадаваць яе. Для некаторых цяпер гэта стала не толькі дадатковым, а ўжо і асноўным заробкам.

У нашых вёсках, малых і сярэдніх гарадах шмат жанчын, якія вяжуць, вышываюць, шыюць. Умельства ім перадалося ад бабуль, матуль і стала для іх хобі. Многія хацелі б навучыцца гэтаму майстэрству з нуля, а хтосьці — удасканаліць навыкі. Але не ведаюць дзе. Таму арганізатары праекта і скіравалі ўвагу на жанчын, каб даць ім сістэмныя веды, навучыць зарабляць грошы. У бізнес-інкубатары створана творчая майстэрня. Памяшканне абсталявана швейнымі машынамі, раскройнымі сталамі, закуплены неабходныя матэрыялы, аверлок. Нават пасля заканчэння праекта жанчыны змогуць збірацца разам, абменьвацца вопытам, вучыць новых майстрых. У перспектыве плануецца арганізаваць вучэбную бізнес-кампанію з дзяўчатак Калодзішчанскай школы, дзе яны змогуць шыць, рамантаваць адзенне, рабіць першыя крокі ў прадпрымальніцтве, аказваць платныя паслугі.

— Я не ўмела ні вязаць, ні шыць, пачынала з нуля, — прызналася ўдзельніца праекта Юлія Пашковіч. Дзякуючы атрыманым ведам, пачала вязаць розныя дзіцячыя цацкі. Я ўжо зарэгістравалася ў якасці рамесніцы, каб зарабляць легальна. У планах — вязаць розныя рэчы: шапкі, рукавіцы, шкарпэткі. Прадаваць вырабы збіраюся на выстаўках-кірмашах, праз сетку спецыялізаваных магазінаў. Ужо з адным з іх заключыла дагавор і аддала на рэалізацыю вязаных зайцоў.

Наталля Ліпай з Калодзішчаў з гонарам дэманструе мне сваю прыгожую работу — вязаную карціну «Лета яснае».

— Я вучылася ў адной групе з Юляй. Заняткі былі настолькі цікавыя, што праходзілі на адным дыханні. Як і мая новая сяброўка, я ўпершыню ўзяла ў рукі пруткі. Настойлівасцю, стараннем дасягнула пэўных вынікаў. У далейшым з'явіўся спартыўны азарт, збіраюся афармляць рамесніцтва і прадаваць свае вырабы. Калі ты аднойчы палюбіла гэтую справу, то ўжо назаўсёды.

У былых вучаніц з 'явілася магчымасць прасоўваць свой прадукт праз інтэрнэт-платформу «Робім разам», якую адкрыў бізнес-інкубатар. Тут можна размяшчаць інфармацыю аб вырабах, работах, аб сабе, прычым, бясплатна.

Як паказвае практыка, варыянтаў і ідэй для адкрыцця сельскага бізнесу мноства. Людзі хочуць не толькі зарабляць, але і развіваць сваю малую радзіму, рабіць яе багатай. А жадання і працавітасці вяскоўцам хапае, што засведчыў фестываль «Тутэйшая гаспадарка», які прайшоў на пляцоўцы інкубатара. На працягу двух дзён рамеснікі і фермеры прадстаўлялі сваю прадукцыю.Такім чынам яны не толькі рэалізоўвалі свае вырабы, але і заяўлялі аб сабе.

Наталля Лукашэвіч дэманстравала разнастайныя алеі — ільняны, кунжутны, грэцкага арэха, а таксама спецыі, соусы, касметычныя сродкі ручной работы. Гэта сямейны бізнес, а сыравіна рыхтуецца ў дубовай бочцы ручным спосабам. Таму прадукцыя атрымліваецца найлепшай якасці.

Рамесніца Ганна Канавалава паказала вязаныя вырабы з казінага пуху. Рэчы з яго не толькі добра саграваюць, асабліва цяпер, але і дапамагаюць пры розных захворваннях.

Словам, бізнесменам-пачаткоўцам ёсць у каго вучыцца і пераймаць вопыт.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».