Вы тут

Помнік каля дарогі


У Слаўгарадскім раёне дэпутаты разам з раённымі ўладамі стварылі мемарыяльны комплекс у памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны.

Ён з'явіўся на краі вёскі Рабавічы, дзе болей чым за два гады нямецкай акупацыі адбылося шмат трагічных падзей. Тут шчыльна перапляліся 1941-ы, калі раён быў акупаваны, і 1943-і, калі адбылося яго доўгачаканае вызваленне. Па некаторых звестках, на гэтым месцы толькі ў ліпені 41-га немцы расстралялі каля 200 мірных жыхароў і чырвонаармейцаў.


У савецкі час тут насыпалі курган і ўсталявалі памятную пліту. Але з часам яна прыйшла ў непрыдатнасць і трэба было нешта мяняць. Ініцыятарам выступіў Лапаціцкі сельсавет. Працавалі над праектам усім раёнам: дэпутаты, супрацоўнікі выканкама, музейшчыкі, архітэктары і нават Ляснянскае лясніцтва. Ініцыятыву прадставілі на саісканне міжнароднай тэхнічнай дапамогі і атрымалі яе. Але аб'ект стваралі грунтоўны, таму прыйшлося ўкласці і шмат сваіх сродкаў. Істотна падтрымала добрую справу праўленне Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд міру».

На невялікай па памеры пляцоўцы ўмясціліся драўляная вышка, калючы дрот, бліндаж, акоп, алея з памятнымі фотаздымкамі і хронікай падзей. Тут жа помнік ахвярам, якія загінулі ад нямецкіх акупантаў.

— Гэта месца знакавае, — кажа старшыня Лапаціцкага сельсавета Сцяпан Байцоў. — Ёсць звесткі, што ў Рабавічах знаходзіўся часовы перасыльны лагер, цераз які людзей адпраўлялі ў лагеры смерці. Пры вызваленні раёна Рабавічы некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Непадалёку цячэ рака Проня, дзе ад крывавых баёў у 1943-м закіпала вада. Вайна — наша агульная бяда. Мой дзед таксама ваяваў, дадому вярнуўся без нагі. Але шмат хто не дачакаўся сваіх родных.

— Я доўгі час жыў у Рабавічах і добра памятаю тое, што расказвалі старажылы, — успамінае намеснік кіраўніка пошукавага атрада «Спадчына» Аляксандр Халеяў. — Пры вызваленні Прапойска (цяперашняга Слаўгарада. — Аўт.) найбольш моцныя баі праходзілі ў раёне вёсак Улукі, Рабавічы, Чырвоная Слабада, Завадзь Віравая, каля вёскі Рудня. Вораг упарта супраціўляўся, 26 кастрычніка 1943 года ў раёне Рабавіч ён правёў некалькі жорсткіх контратак супраць 120-й дывізіі. Пры адбіцці адной з іх наводчык 45-міліметровай гарматы гвардыі радавы Пётр Панамароў, які адзіны заставаўся яшчэ ў жывых, падбіў некалькі варожых танкаў і знішчыў каля 40 немцаў. За свой подзвіг ён быў пасмяротна ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. І такіх прыкладаў было шмат. Таму хацелася б, каб на створаны мемарыяльны комплекс ішлі людзі.

Цяпер у Слаўгарадскім райвыканкаме ствараюць ваенна-гістарычны маршрут «Мінулых гадоў жывая памяць», які аб'яднае ўсе знакавыя мясціны, звязаныя з гадамі ліхалецця. Намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Алена Шаўцова лічыць, што мемарыяльны комплекс у Рабавічах будзе цікавы для турыстаў. Дарэчы, на тэрыторыі Лапаціцкага сельсавета знаходзіцца яшчэ адзін аб'ект, звязаны з вайной, — лістоўніца, на якой быў нямецкі пункт назірання. Наглядальнікі ўзбіраліся на яго па металічных падковах, што былі прыбітыя да дрэва. Цяпер у гэтым месцы глухой сцяной стаіць лес, але падчас вайны з яго добра праглядалася Проня.

Сцяпан Байцоў стаў адным з ініцыятараў стварэння мемарыяла.

— Колькі б часу ні прайшло з той вайны, нельга забыць подзвіг савецкага народа, — кажа старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — Адгалоскі тых жахлівых часоў мы чуем дагэтуль. Падчас нядаўняга святкавання з нагоды вызвалення Слаўгарада адбылося перапахаванне астанкаў трох салдат, знойдзеных на тэрыторыі раёна. А колькі іх безыменных яшчэ ляжыць у нашай зямлі? Сімвалічна, што гэты мемарыял з'явіўся ў Год малой радзімы, ён як даніна памяці тым, хто не скарыўся ворагу, застаўся верны сваёй зямлі. Цяпер амаль не засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і з дапамогай вось такіх комплексаў мы будзем расказваць моладзі гісторыю краіны. Вайна пакінула жахлівыя раны на нашай зямлі і хацелася б, каб нашчадкі пра гэта не забываліся.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.