Вы тут

Прэзідэнт Судана наведае Беларусь


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Судан ў Беларусі Нурам аль-Даіемам Абд аль-Гадзірам Хамадам аль-Ніелам. 


Фота: БЕЛТА

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што леташні візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Судан стварыў вельмі добрую аснову для супрацоўніцтва па многіх кірунках. У першую чаргу гэта тычыцца машынабудавання, сельскай гаспадаркі, здабычы карысных выкапняў, а таксама сферы адукацыі, навукі і многіх іншых. 

“Маючы адбыцца візіт прэзідэнта вашай краіны ў Беларусь дазволіць намеціць новыя перспектывы нашага супрацоўніцтва, — выказаў упэўненасць Уладзімір Андрэйчанка. — Парламентарыі настроены цалкам садзейнічаць развіццю ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі”. 

Летась на ўзроўні кіраўнікоў парламентаў Беларусі і Судана адбыўся абмен візітамі. Сёлета сустрэчы працягнуліся на міжнародных пляцоўках. Паміж ніжнімі палатамі парламентаў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве, створаны адпаведныя рабочыя групы. 

“Усё гэта садзейнічала таму, што ў жніўні мінулага года была падпісана дарожная карта аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Суданам, — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Зараз нам неабходна зрабіць так, каб канструктыўныя палітычныя адносіны адлюстраваліся на канкрэтных выніках гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння”

Беларусь, згодна з дамоўленасцямі, закупіла ў Судана арахіс на мільён долараў. Таксама пачаліся пастаўкі беларускіх трактароў у гэтую ўсходнеафрыканскую дзяржаву, заключаны кантракт прыкладна на 70 мільёнаў долараў на пастаўку зернясховішча з Беларусі.

“Трэба было б распачаць нейкі сур'ёзны праект, — выказаў пажаданне Уладзімір Андрэйчанка. — Я казаў пра гэта на сустрэчы з прэзідэнтам вашай краіны: давайце створым шматпрофільнае зборачнае прадпрыемства, на якім будуць збірацца трактары “Беларус”, грузавыя аўтамабілі, тэхніка “Гомсельмаша”, глебаапрацоўчая тэхніка”.

У Судане працуе ганаровы консул Рэспублікі Беларусь Мухамед Ісмаіл Мухамед, прэзідэнт групы кампаній MIG, які ўжо рэалізуе беларускую прадукцыю ў сваёй краіне, праводзіць там яе выстаўкі. Сёлета ў адной з іх ўдзельнічалі 20 беларускіх кампаній. Мухамед Ісмаіл Мухамед гатовы адкрыць і шматпрофільную зборачную вытворчасць. Яму толькі патрэбна ў гэтым падтрымка ад суданскіх улад. 

“Калі б мы вырашылі гэтае пытанне, Судан стаў бы пляцоўкай для выхаду Беларусі на ўвесь Афрыканскі кантынент”, — лічыць кіраўнік беларускага парламента. 

У сваю чаргу, пасол заверыў, што добрыя адносіны, якія склаліся ў Беларусі з Суданам у палітычнай сферы, будуць развівацца, а таксама будуць прагрэсаваць і іншыя кірункі ўзаемадзеяння. “Судан можа стаць для Беларусі стратэгічным партнёрам у Афрыцы. Мая краіна багатая рэсурсамі і мае добрае месцазнаходжанне. З дапамогай беларускіх тэхналогій і навукі мы можам многага дасягнуць”, — сказаў ён. 

Дыпламат паведаміў, што напярэдадні візіту прэзідэнта яго краіны ў Беларусь рыхтуецца многа сумесных дакументаў для падпісання: у сферах перапрацоўкі прадуктаў, інфраструктуры і фінансаў. 

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.