Вы тут

Як пошта рыхтуецца да навагодніх святаў


У навагоддзе, дзякуючы ёй, можна на некалькі хвілін перанесціся ў казку.


Надоечы, у круглай зале мінскага Галоўпаштамта з'явілася незвычайная паштовая скрыня. З яе дапамогай можна адправіць святочны ліст са сваімі віншаваннямі, марамі і жаданнямі проста Дзеду Марозу і Снягурачцы. Навагоднія пасланні будуць дастаўляцца непасрэдна ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза.

Каб ліст дайшоў своечасова, трэба правільна ўказаць адрас. Пасланні ахвотных аддацца эпісталярнаму жанру чакаюць у вёсцы Каменюкі Брэсцкай вобласці — рэзідэнцыя знаходзіцца ў Белавежскай пушчы. Паштовы індэкс — 225063.

Але для таго, каб даслаць ліст улюбёным казачным персанажам, зусім неабавязкова ехаць у Мінск. Лісты, адрасаваныя ім, прымаюцца ва ўсіх паштовых аддзяленнях Беларусі. Разам з тым трэба не адкладваць гэта «на потым» — непасрэдна ў апошнія дні адыходзячага года ў Белавежскую пушчу адпраўляецца вельмі шмат лістоў, і Дзед Мароз рызыкуе фізічна не паспець прачытаць усе пасланні.

Дарэчы, у той жа круглай зале Галоўпаштамта арганізавана сапраўдная навагодняя фотазона. Маленькіх наведвальнікаў там штодня чакаюць Дзед Мароз і Снягурка. Па просьбе бацькоў яны могуць уручыць хлопчыкам і дзяўчынкам загадзя падрыхтаваныя падарункі і павіншаваць з Новым годам. Але нават без папярэдняй дамовы малыя могуць пагутарыць з персанажамі казак, расказаць ім вершык, казку і сфатаграфавацца на памяць.

Дзед Мароз і Снягурка дзяжураць на галоўпаштамце па дзве гадзіны штодня. Па панядзелках, серадах і пятніцах — зранку, з 10 да 12 гадзін. У аўторак і чацвер яны заступаюць на вахту а 17-й гадзіне. Чакаць дзяцей яны будуць і зранку ў дзве суботы — 15 і 29 снежня.

— Найлепшыя фотаздымкі, апублікаваныя ў сацыяльных сетках пад хэштэгамі #белпочта і #bеlроst, трапяць у нашы афіцыйныя паблікі, — кажа прэс-сакратар РУП «Белпошта» Алена Арлова.

Навагодняя тэматыка прысутнічае і на паштовай прадукцыі. У продаж ужо паступіў вялікі асартымент адкрытак і картак, на якіх змешчаны выявы, прысвечаныя навагодняй і каляднай тэматыцы. Яркія і арыгінальныя паштоўкі змогуць стаць выдатным дадаткам да падарунка, прыемным знакам увагі і любові блізкім і сябрам, калегам і дзелавым партнёрам. Беларуская пошта вырабляе адкрытачную прадукцыю з 1993 года і за гэты час дасягнула многіх тэхналагічных вяршынь.

— Для нас стала добрай традыцыяй штогод распрацоўваць калекцыю паштовак, картак, канвертаў навагодняй і каляднай тэматыкі, — працягвае Алена Арлова. — У гэтым годзе мы прапануем нашым кліентам больш за 80 сюжэтаў паштовай прадукцыі. Разлічваем, што кожны з іх знойдзе свайго пакупніка. Што адлюстравана на нашых паштоўках? І традыцыйныя выявы Дзеда Мароза, Снягуркі і кампазіцыі з выявамі ёлачных цацак, гадзіннікаў, белых мішак на лёдзе.

Нашы паштоўкі сталі прыгажэйшыя. Справа ў тым, што кожны дызайн дэталёва прапрацоўваецца з улікам тэхнічных магчымасцяў беларускіх паліграфічных прадпрыемстваў. Мы шырока выкарыстоўваем паслядрукаваныя тэхналогіі. Гэта пластызоль белага і жоўтага колеру, цісненне гладкай каляровай і тэкстурнай фольгай, тэрмапад'ём... Такім чынам, у век інтэрнэту і СМС мы імкнёмся зрабіць так, каб паштоўка атрымала свой унікальны стыль і скіраванасць. Таму што гэта для кожнага чалавека крыху больш, чым проста прамавугольнік з прыгожай карцінкай. Нават у век хуткаснага інтэрнэту асноўная функцыя паштоўкі — прыносіць радасць, жывыя эмоцыі, пачуцці — не змянілася.

Навагодняя і калядная паштовая прадукцыя застанецца ў продажы і ў першыя дні 2019 года. Купіць яе можна як на галоўпаштамце, так і ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі Беларусі і ў інтэрнэт-краме shор.bеlроst.bу.

Гэта сапраўды проста: прыйсці ў аддзяленне паштовай сувязі, выбраць прыгожую паштоўку і канверт, напісаць добрыя, цёплыя словы, а беларуская пошта своечасова даставіць ваша віншаванне!

«Белпошта» таксама нагадвае пра тое, што працягваецца акцыя «Віншаванне Дзеда Мароза». З яе дапамогай можна заказаць ліст ад чараўніка, што будзе змяшчаць не толькі прыгожую паштоўку са святочным віншаваннем, але і наборы, якія дапамогуць стварыць непаўторную навагоднюю атмасферу, — гірлянду, ёлачныя цацкі, казачныя маскі і нават вінтажныя наклейкі. Па Беларусі паслуга каштуе 8,5 рубля. За 23 рублі дадаткова дашлюць яшчэ і мяккую цацку — сімвал надыходзячага года парасяці Вачасціка. Заказаць прыемны сюрпрыз для дзяцей можна да 23 снежня ў любым паштовым аддзяленні, з дапамогай спецыяльнага інтэрнэт-сэрвісу «Віншаванне Дзеда Мароза» і нават у паштальёна.

— Атрымлівайце падарунак ад Дзеда Мароза, фатаграфуйцеся з Вачасцікам і выкладвайце фота ў «Інстаграм», суправаджаючы яго хэштэгам #принесу_удачу! — заклікае Алена Арлова. — Самыя яркія фотаздымкі мы размесцім на нашым сайце і ў акаўнтах у сацыяльных сетках.

А яшчэ ў кожнага чалавека ёсць магчымасць зрабіць адну невялікую, але вельмі добрую справу. З 2014 года Белпошта праводзіць акцыю «Падары дзіцяці радасць». Кожны ахвотны можа аформіць падпіску на газеты і часопісы, адрасаваўшы выданне аднаму з дзіцячых дамоў. За гэты час да акцыі далучыліся тысячы неабыякавых людзей. Аформіць падпіску можна як анлайн, так і ў любым паштовым аддзяленні.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».