Вы тут

Балет «Рамэа і Джульета» прадстаўлены ў новай рэдакцыі


На гэтым тыдні мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Валянцін Елізар'еў прадставіў публіцы прэм'еру — балет «Рамэа і Джульета» ў новай рэдакцыі. А настроіцца на патрэбны лад першым гледачам дапамагла балетны крытык Святлана Уланоўская, якая перад спектаклем прачытала для ахвотных займальную лекцыю пра гісторыю і адметнасці пастановак розных харэографаў.


...У свой час музыка кампазітара Сяргея Пракоф'ева была ўспрынятая вельмі неадназначна — занадта складаная, арытмічная, яна была для сучаснікаў. Нездарма вядомая балерына Уланава казала: «Няма аповесці сумнейшае на свеце, чым музыка Пракоф'ева ў балеце». І тым не менш першая ў Савецкім Саюзе пастаноўка «Рамэа і Джульеты», якая з'явілася ў 1940-м, стала пэўным эталонам, на які так ці інакш азіраліся ўсе паслядоўнікі, і наогул адным з самых папулярных балетаў ХХ стагоддзя. Многія вядомыя балетмайстры, ад Юрыя Грыгаровіча да Рудольфа Нурыева, прадставілі сваю інтэрпрэтацыю пракоф'еўскай партытуры ў больш як 80 пастаноўках, якія бачылі гледачы Расіі, Арменіі, Эстоніі, Карэі, Манака, Канады, ЗША, Францыі і іншых краін.

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета «Рамэа і Джульету» Валянцін Елізар'еў паставіў яшчэ ў лістападзе 1988-га — і публіка, і крытыкі прынялі пастаноўку з захапленнем, і ўсе гэтыя гады яна не сыходзіла са сцэны. Аднак цяпер народны артыст СССР і Беларусі і лаўрэат Дзяржпрэміі, які гэтай восенню вярнуўся ў тэатр, усё ж рызыкнуў удасканаліць выдатнае і за рэкордна сціслы тэрмін падрыхтаваў новую версію балета. Праўда, ніякіх змен у хрэстаматыйны сюжэт спектакля не ўносіў і не набліжаў да сучаснасці час, месца і герояў дзеі, толькі ўвёў новых выканаўцаў і пэўным чынам скарэктаваў харэаграфію. Партыю Джульеты ў новай версіі выконваюць Людміла Хітрова і Ірына Яромкіна, Рамэа танцуюць Ігар Аношка і Алег Яромкін. Што яшчэ змянілася? «Расказваць балет словамі — няўдзячная справа, — падкрэслівае харэограф-пастаноўшчык, — яго трэба глядзець і прачуць, адчуць сэрцам». Калі ж нехта з тэатралаў не змог трапіць на прэм'еру 5 і 6 снежня, пазначце ў планах: наступным разам балет будзе паказаны 23 студзеня.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».