Вы тут

Народнаму тэатру «Батлейка» на Смаргоншчыне - 35 год


Трыццаць пяць гадоў таму выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў Аляксандр Лось і Яўгенія Ліс вырашылі адрадзіць на Смаргоншчыне старажытны народны тэатр — батлейку. Прычым аднаўленне адбывалася на мясцовым матэрыяле: Аляксандр распытваў старажылаў пра жанр, сюжэты пастановак, асаблівасці рэпертуару мясцовых і заезджых лялькаводаў. І, як ні дзіўна, знаходзіліся знаўцы і прыхільнікі гэтага мастацтва, што расказвалі пра містэрыі, лялек-«шпянькоў», адмысловае музычнае суправаджэнне. У выніку шматлікіх экспедыцый і працы з першакрыніцамі была адроджана першая на Беларусі батлейка.


Ляль­ка­во­ды на­род­на­га тэ­ат­ра ля­лек «Бат­лей­ка».

Сёння не кожны горад можа пахваліцца наяўнасцю тэатра ці хоць бы тэатральнай студыі. А ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна існуе народны тэатр «Батлейка». Ды не проста існуе, а мае багаты рэпертуар, падарожнічае, выступае на фэстах, удзельнічае і перамагае ў разнастайных конкурсах. Нават рэгіянальны фестываль лялечных тэатраў «Чароўны свет батлейкі» ладзіцца амаль штогод і збірае амбіцыйных артыстаў тэатральных калектываў з усёй краіны.

Залеская «Батлейка» не проста выжыла ў складаныя часы, але набыла аўтарытэт, пашырыла рэпертуар, стала пляцоўкай для творчых рэжысёрскіх эксперыментаў. Гэта ўдалося зрабіць дзякуючы падтрымцы мясцовых улад, кіраўніцтва дабрачыннага фонду «Паўночныя Афіны М. К. Агінскага» і, безумоўна, неабыякавых жыхароў Залесся.

Сёлета народны тэатр лялек адсвяткаваў 35-гадовы юбілей: сцэнарый «капусніка» стварыла рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Нясцюрына, а сустрэчу правяла «прымадонна» тэатра Аксана Ліс. Аб тым, што за ўвесь тэрмін існавання тэатр выхаваў свайго гледача, сведчыў аншлаг у глядзельнай зале. На ганаровых месцах акцёры з народу: Аркадзь Губар, Марыя Зянкевіч, Вольга Харкевіч, Ангеліна Кенька, Лілія Мураўская, Аляксей Сыракваш і іншыя. Кожны з іх не за грошы, а дзеля маральнага задавальнення некалькі разоў на тыдзень спяшаецца на рэпетыцыю, ахвяруючы ўласным часам дзеля таго, каб зрабіць жыццё землякоў цікавым, змястоўным, насычаным пазітыўным настроем.

За­сна­валь­нік пер­шай на Бе­ла­ру­сі бат­лей­кі Алесь Лось і Але­ся Сі­во­хі­на —  га­на­ро­выя гос­ці ім­прэ­зы.

Якасць спектакляў, што ставяцца батлейкай, даўно перарасла правінцыйны ўзровень лялечнага балагана. Пра гэта сведчаць дасягненні: узнагароды міжнароднага фестывалю «Рампа дружбы», абласнога фэсту «Лідскія тэатральныя сустрэчы» ды іншых. У 1988 годзе тэатр быў узнагароджаны дыпломам першай ступені за пастаноўку містычнай драмы «Цар Ірад» рэжысёра Яўгеніі Ліс, а ў 2007-м — за творчы эксперымент і найлепшы аўтарскі твор «Вясковая пацеха» рэжысёра Таццяны Нясцюрынай.

У гонар 35-годдзя быў паказаны лялечны спектакль «Колазварот» зноў жа Таццяны Нясцюрынай, дарэчы, прызнаны найлепшым на ІV рэгіянальным фестывалі «Чароўны свет батлейкі».

Ала КЛЕМЯНОК

Загаловак у газеце: Батлейка не старэе

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.