Вы тут

Нацыянальная кінапрэмія стане кінапрэміяй «Беларусьфільма»?


На нашай культурнай прасторы з'явілася новая ініцыятыва — уручэнне Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі. Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам вырашылі падтрымаць айчынных кінавытворцаў і ў Дзень беларускага кіно, які адзначаецца 17 снежня, узнагародзіць найлепшых, стварыўшы такім чынам пэўны беларускі аналаг «Оскара». Прэмія яшчэ не ўручана, а ўжо ўзнікае пытанне, куды выбрукавана дарога гэтымі добрымі намерамі: увага замест нацыянальнага кіно сканцэнтравана на «Беларусьфільме», прысутнічае паняцце «канфлікт інтарэсаў», а спіс намінантаў можна абазначыць як прадказальныя прыярытэты.


Інтрыга Нацыянальнай кінапрэміі, здаецца, будзе менавіта ў тым , якая карціна «Беларусьфільма» 17 снежня атрымае статуэтку быццам своеасаблівую «гарантыю якасці». Адзначу, што кінастудыя з'яўляецца як адным з арганізатараў беларускага «Оскара», так і самым папулярным у ім намінантам.

Гэтымі днямі журы, у склад якога ўвайшлі «прафесіяналы ў сферы кінематографа», вызначае пераможцаў ажно ў дваццаці намінацыях: на цырымоніі ўзнагароджвання павінны быць названыя «Найлепшы фільм у ігравой форме», «Найлепшы тэлесерыял», «Найлепшы фільм у неігравой форме», «Найлепшы фільм у анімацыйнай форме», найлепшыя мужчынскія і жаночыя ролі першага і другога планаў, будуць адзначаны «Найлепшая аператарская работа», «Найлепшы мантаж», «Найлепшы сцэнарый» і гэтак далей. Апроч тых «найлепшых» журы вызначыць, каму будуць уручаны статуэткі «За вялікі ўклад у беларускі кінематограф» і «За вялікі ўклад беларускіх кінематаграфістаў у замежны кінематограф».

Выбар будучых уладальнікаў статуэтак праходзіць у два этапы. Спачатку з тых заявак, што фільммейкеры падалі арганізатарам, было адабрана па пяць намінантаў (асобна складаліся спісы тых, хто зрабіў «вялікі ўклад»). Цяпер да 10 снежня перад журы стаіць задача вызначыць пераможцу ў кожнай намінацыі. Ну і ўласна 17 снежня ў Доме кіно працэс увянчаецца цырымоніяй узнагароджвання.

Спіс намінаваных стаў вядомы некалькі дзён таму, і побач з ім пафас выразу «Нацыянальная кінапрэмія стане сапраўдным «беларускім «Оскарам» выглядае даволі недарэчным. Лідарам па колькасці намінацый стала беларусьфільмаўская карціна «Сляды на вадзе» Аляксандра Анісімава — той самы шматпакутны праект, адзіны ігравы фільм, які Нацыянальная кінастудыя зняла ў 2016 годзе і прысвяціла стагоддзю беларускай міліцыі. За ім усё яшчэ цягнуцца пытанні па растраце «Беларусьфільмам» грошай і па ўласна мастацкай якасці таннага баевіка з дрэнна прапісанай матывацыяй і непераканаўчай пастаноўкай.

У намінантах часта фігуруе навела Ігара Васільева «Фота на памяць», знятая для альманаха «Вайна. Застацца чалавекам», і гэтым чарговы раз паказвае наша своеасаблівае разуменне паняцця «канфлікт інтарэсаў». Іншыя навелы пра вайну сярод намінантаў не значацца, хоць «Фота на памяць», можа, і не найлепшая кароткаметражка зборніка. Чым выклікана такая цікавасць да сярэдняй карціны — зразумець складана, але вядома ж, не тым, што бацька рэжысёра Віктар Васільеў з'яўляецца старшынёй Беларускага саюза кінематаграфістаў, аднаго з арганізатараў Нацыянальнай кінапрэміі. У цэлым паміж арганізатарамі і намінантамі назіраецца настолькі недапушчальная колькасць супадзенняў, што нельга ставіцца сур'ёзна да прэміі, якая гучна называецца нацыянальнай, а абарочваецца міжсабойчыкам датычных інстытуцый.

Па логіцы «Беларусьфільм», Беларускі саюз кінематаграфістаў і Беларуская гільдыя акцёраў кіно не могуць удзельнічаць у арганізацыі прэміі, калі іх прадукт і члены фігуруюць у ліку намінантаў. Спіс намінантаў чарговы раз падкрэсліў, што ў нас па-ранейшаму — гэта датычыцца і фінансавання, і арганізацыі паказаў за мяжой, і ўзнагарод — галоўным кінагульцом лічыцца «Беларусьфільм». Але беларускае кіно ім далёка не абмяжоўваецца, не кажучы ўжо пра тое, што прадукт кінастудыі часта саступае вынікам працы незалежных рэжысёраў. На званне «найлепшага фільма ў ігравой форме» прэтэндуе тры карціны Нацыянальнай кінастудыі — ужо названыя «Сляды на вадзе», «Тум-пабі-дум» Вячаслава Нікіфарава і раскрытыкаваная прафесіяналамі «Не гульня».

Сярод намінаваных серыялаў — прадукт, дзе паспрабуй знайдзі беларускі след апроч таго, што пляцоўка для здымак была арандавана на «Беларусьфільме», а ў эпізодах задзейнічаны айчынныя акцёры. На статуэтку прэтэндуюць, напрыклад, «Снайпер. Афіцэр СМЕРШ», «Мухтар. Новы след», «Вокны дома твайго» — праекты фармату расійскіх тэлеканалаў.

Адным з лідараў па намінацыях з'яўляецца і псіхалагічны трылер «Унутры сябе» — незалежны праект рэжысёра Сяргея Талыбава, які сведчыць, што ў краіне ёсць камерцыйнае кіно, хоць сам фільм — прыгладжаны і холадна шаблонны — усяго толькі чарговы, нічым не выдатны жанравы праект.

Ужо згаданы Віктар Васільеў аказаўся ў намінацыі (і не толькі гэтай) «Найлепшая галоўная мужчынская роля» за ігру ў серыяле «Мухтар. Новы след», а ў пэўных спісах перамяшаліся ігравыя карціны, серыялы, кароткаметражкі, дакументалістыка і анімацыя, што зноў жа выкрывае сціпласць беларускага кінематографа, бо па сутнасці параўноўваць сцэнарый ці рэжысуру дакументальнага фільма і ігравога недарэчна: яны працуюць па розных правілах.

Затое 17 снежня мы даведаемся імёны тых, хто, на думку журы, зрабіў найвялікшы ўнёсак у беларускі і замежны кінематограф. У першай намінацыі фігуруюць класікі Валерый Рыбараў і Міхаіл Пташук, дакументалісты Галіна Адамовіч і Віктар Аслюк, акцёр і рэжысёр Уладзімір Паначэўны, рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, той жа Віктар Васільеў ды іншыя. Класік Віктар Тураў, гукарэжысёр Уладзімір Галаўніцкі, акцёр Уладзімір Гасцюхін, аніматары Міхаіл Тумеля і Алена Пяткевіч, Вячаслаў Нікіфараў ды іншыя могуць атрымаць кінапрэмію за ўклад у замежны кінематограф.

На жаль, спіс намінантаў не стварае поўнага вобраза сучаснага беларускага кіно ці хоць бы прэтэнзіі на яго. У такога непераканаўчага складу прэтэндэнтаў на статуэтку можа быць шмат прычын: некаторыя незалежныя аўтары маглі не ведаць пра новую магчымасць і прапусцілі тэрміны падачы заяўкі (прыклад — рэжысёрка фільма «Хрусталь» Дар'я Жук), фільммейкеры маглі праігнараваць новую прэмію, нарэшце, журы магло вызначыць свае прыярытэты.

Мы не саспелі для свайго «Оскара»: такая ініцыятыва павінна немінуча выкрыць, наколькі кволы сёння наш кінематограф. Магчыма, для пачатку варта было задумацца аб спрыяльных умовах для яго развіцця, каб стваралася больш вартых статуэтак карцін. Але Нацыянальную кінапрэмію, калі яна ўжо арганізавана, дакладна можна было зрабіць лепшай, сапраўды ахапіўшы ўвесь пласт сучасных беларускіх фільмаў.

Тым не менш тое, што пакуль вымалёўваецца з высакароднай ініцыятывы, наўрад ці здольна прастымуляваць развіццё айчыннага кінематографа — яно хутчэй нагадае пра «манаполію» «Беларусьфільма», падкрэсліць падзел на «залежных» і «незалежных» вытворцаў ды прадэманструе слабасць нашай кінаіндустрыі. І так, зноў паставіць пад сумненне імідж Нацыянальнай кінастудыі, прадукт якой незалежна ад якасці прасоўваецца з нагоды і без.

Так што лепш не спяшацца казаць «беларускі «Оскар»: пакуль што добрымі намерамі дарога беларускага кіно выбрукавана дакладна не ў рай.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Не кажыце «Оскар»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.