Вы тут

Фільм пра вынаходніка Зыгмунта Урублеўскага пакажуць у Мінску


Студыя гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» працягвае сваю асветніцкую дзейнасць і прадстаўляе новы фільм, прысвечаны значнаму, але, напэўна, крыху забытаму ўраджэнцу Беларусі Зыгмунту Урублеўскаму. Таму самаму фізіку, хіміку і навукоўцу, які ў ХІХ стагоддзі зрабіў немагчымае — насуперак перасцярогам, рызыкам і Майклу Фарадэю з яго «пастаяннымі газамі» атрымаў вадкі кісларод. Прэм'ера карціны адбылася 4 снежня ў vеlсоm сіnеmа Sіlvеr Sсrееn.


Фільм «Зыгмунт Урублеўскі. Гарачы кісларод» прадстаўляе сабой, можна сказаць, гістарычную рэканструкцыю, заключаную ў пачатку і канцы ў каментарыі сучасных навукоўцаў і даследчыкаў — гульню ў ХІХ стагоддзе і жыццё Зыгмунта Урублеўскага, пачынаючы з яго студавання/асіставання ў Германіі. У сваёй асноўнай частцы ён пазбавіўся закадравага голасу і каментарыяў на камеру, аддаўшы перавагу ігравому фармату, але такога роду інфармаванне замяніў цытаваннем лістоў Урублеўскага і Урублеўскаму.

Вядомы вынаходнік нарадзіўся ў Гродне і васямнаццацігадовым паўдзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў, пасля якога доўга знаходзіўся пад наглядам, а калі вызваліўся ад яго — з'ехаў працягваць вучобу ў Германію. Добрыя, у прыватнасці ў фінансавым плане, часіны для яго наступілі з пераездам у Кракаў, дзе працу і лабараторыю Урублеўскаму прапанаваў Ягелонскі ўніверсітэт. Уласна тут ён сустрэў свайго калегу Караля Станіслава Альшэўскага і пачаў вопыты па атрыманні вадкага кіслароду, якія ў выніку ўвянчаліся поспехам. Навуковы хэпі-энд прыйшоў поруч з трагедыяй жыцця — Зыгмунт Урублеўскі, можна сказаць, пацярпеў ад працы і памёр ад заражэння крыві пасля ўзгарання ў сваім кабінеце.

Уласна такі ракурс — вялікія вынаходствы на карысць чалавецтва праз ахвяраванне ўласным здароўем і нават жыццём — выбралі аўтары гістарычнага фільма, якія праз усю карціну працягнулі лейтматыў небяспекі доследаў і працы з рэчывамі для вачэй прафесара. Сустрэчы з афтальмолагам, расфокус і рэакцыя персанажа на яркае святло даюць зразумець, што галоўны герой заняты толькі ідэяй здабыць вадкі кісларод. Нават адразу пасля выбуху прафесар апантаны сваёй мэтай, а гэта дакладна правакуе ўзнікненне да яго сімпатыі і прыводзіць да поспеху. Уласна, дзякуючы адкрыццю вадкага кіслароду чалавецтва сёння можа запускаць касмічныя ракеты, замарожваць жывыя тканкі і выкарыстоўваць рэчыва ў медыцыне і прамысловасці.

У выніку ўсё, што трэба, каб успомніць і адкласці ў памяці імя Зыгмунта Урублеўскага, заключаецца ў кампліментарным пра яго апавяданні, дзе ў персанажа вельмі высакародныя манеры і ўчынкі, узважаныя і разумныя адказы пра навуку, цёплая перапіска з роднымі і, канешне, апантанасць эксперыментамі на шкоду свайму здароўю.

Аўтарамі сцэнарыя карціны сталі Уладзімір Бокун і Анжаліка Новікава, рэжысёрам — Аляксей Макаранка. Ролю Урублеўскага выканаў Андрэй Новік, пана Альшэўскага сыграў Дзмітрый Якубовіч, а афтальмолага — Ігар Пятроў. Дарэчы, у здымках задзейнічаны прыборы, якімі насамрэч карыстаўся вядомы хімік.

Карцінны і, канешне, не ідэальны, але ў пэўным сэнсе важны фільм уяўляецца для нас адной з нямногіх ініцыятыў па вяртанні знакавых імёнаў з Беларусі ў грамадскую свядомасць. «Майстэрні Уладзіміра Бокуна» ўдалося, з аднаго боку, шмат, а з іншага — кіно з асветніцкімі матывамі краіне трэба больш, прычым з часам хай бы пазбаўленага шурпатасці (найгранасць, выкарыстанне шаблонаў і залішняя кампліментарнасць фільма «Зыгмунт Урублеўскі. Гарачы кісларод» прымушаюць увесь час аб іх спатыкацца, хоць, прымаючы правілы гульні, фільм можна паглядзець гладка). На яе рахунку серыя гістарычных работ «Адваротны адлік» (а гэта каля 350 карцін), чатыры фільмы пра Мінскае гета і цыкл «100 імёнаў Беларусі», у якім ужо асветлены, напрыклад, Уладзімір Мулявін («Пясняр. Сэрцам і думамі») ці Ігнат Дамейка («Ігнат Дамейка. Доўгае вяртанне») — усяго пакуль што восем работ.

Такім чынам, вось наша асветніцкае кіно, а вось Зыгмунт Урублеўскі ў ім. Фільм пра вядомага навукоўца будзе паказвацца на вялікім экране ў vеlсоm сіnеmа Sіlvеr Sсrееn з 10 да 12 снежня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».